Сустрэнемся на поўначы: 15 верасня – экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю»

ад 6 верасня 2019 года

15 верасня 2019 года на поўначы Беларусі, у Міёрах, адбудзецца экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, якое стала традыцыйным для рэгіёна і пройдзе ўжо ў сёмы раз.

Жураўлі

Традыцыйна госці свята змогуць пачаставацца журавінамі і журавінавымі стравамі, а таксама паўдзельнічаць у назіранні за жураўлямі з арнітолагамі АПБ (з 10.00 да 14.00).

Менавіта ў верасні пачынаецца сезон збору карысных журавінаў, якімі багатая Міёршчына. І кожны год тысячы шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў спыняюцца на адпачынак на найбуйнейшым верхавым балоце Еўропы – Ельні — падчас восеньскай міграцыі.

Сёлета свята набыло новы імпульс для развіцця, стаўшы часткай вялікага праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”.

Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і скіраваны на паляпшэнне жыцця жыхароў Міёршчыны на аснове рэлізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця рэгіёна.

Ксенія Малюкова, спецыялістка па кампаніях і акцыях АПБ: “Гэты фэст мы ладзім толькі адзін раз у год, таму запрашаем «злавіць» рэдкую магчымасць паназіраць за тысячамі шэрых жураўлёў на самым вялікім верхавым балоце ў Беларусі, пачаставацца журавінамі i сустрэць Мёрскую восень!

Пачатак свята ў 11.00, афіцыйнае адкрыццё – ў 13.00.

Месца правядзення – гарадскі парк “Паўвостраў”, г. Міёры.

Жураўлі і журавіны 2019 праграма

Праграма свята насычаная: конкурсы, майстар-класы, выступленні творчых калектываў Міёршчыны і гасцей з Латвіі. Упершыню на сцэне гарадскога парка “Паўвостраў” выступіць фольк-гурт PAWA.

Адметнасць свята – магчымасць паназіраць за жураўлямі і пабываць на экасцежцы на балоце Ельня.

А таксама гасцей чакаюць шматлікія майстар-класы для дзяцей і дарослых, дэгустацыі, інтэрактыўная фотазона, актыўнасці на пляцоўцы АПБ, праца Праектнай пляцоўкі, мабільны планетарый, квесты, экашопінг і шмат-шмат іншых цікавостак.

 “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” – свята як мінімум “5 у адным”!

  • яднанне з прыродай (прайсціся па балоце Ельні і паназіраць за жураўлямі)
  • адпачынак у добрай кампаніі на вясёлым свяце
  • умацаванне фізічнага стану (дзякуючы гаючаму паветру і “эліксіру здароўя” – журавінам)
  • эканамічная выгода: шопінг на кірмашы майстроў
  • новыя ўражанні і сюрпрызы

Шчыра запрашаем!

Праграма экалагічнага свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” ў 2019 годзе

9-14 верасня

  • экалагічны тыдзень “Чароўны край малой Радзімы” (установы адукацыі Міёрскага раёна);
  • конкурс на найлепшага здатчыка журавінаў.

10 верасня

Паседжанне клуба маладой сям’і “Жураўлінаю сцежкай”.

14 верасня

  • урачыстая рэгістрацыя шлюбу “Жураўлінае вяселле” (каля скульптуры “Жураўліная вернасць”, г. Міёры, плошча Леніна, 14);
  • урачыстае вітанне “Жураўліная вернасць” (каля скульптуры “Жураўліная вернасць”);
  • міжраённы турнір інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” на кубак старшыні Міёрскага раённага выканаўчага камітэта (Міёрскі раённы Дом культуры);
  • адкрыты кубак раёна па валейболе сярод жаночых каманд (Міёрская ДЮСШ);
  • конкурс “Смак журавінаў” (па зборы журавінаў) сярод прафсаюзных аб’яднанняў і ахвочых.

15 верасня

09.30 – семінар “Міжнароднае супрацоўніцтва як інструмент устойлівага развіцця Міёрскага раёна” (малая зала Міёрскага раённага выканаўчага камітэта).

Гарадскі парк:

11.00 – адкрыццё выставы-продажу вырабаў народных майстроў “Жураўліная скарбонка” з правядзеннем майстар-класаў;

12.00 − выступленне калектываў г. Даўгаўпілса і Крустпілскага краю (Латвія);

11.00 – 13.00 – конкурс “Жураўліны кірмаш-2019” сярод сельскіх падворкаў Міёрскага раёна;

11.00 – 15.00 – прэзентацыя сельскіх падворкаў;

13.00 – урачыстае адкрыццё свята, узнагароджанне пераможцаў раённых конкурсаў:

− па добраўпарадкаванні;

− сярод сельскіх падворкаў;

− па зборы журавінаў і найлепшых здатчыкаў журавінаў;

− захавальнікаў Ельні;

− “Гатуем з журавінаў разам” (ад раённай газеты “Міёрскія навіны”).

14.00 – тэатралізавана-канцэртная шоу-праграма “Жураўліная нота”;

16.30 – канцэртная праграма фольк-групы “PAWA”;

22.00 – святочная тэматычная дыскатэка “Жураўліны опэн-эйр”.

Цягам дня:

Прэзентацыя пляцоўкі АПБ:

  • праца інфармацыйнага стэнда (інфармацыя пра працу ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, пра тэрыторыю Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня”, пра дзейнасць арганізацыі);
  • назіранне за жураўлямі (з 10.00 да 14.00 кожную гадзіну адпраўленне аўтобуса ад Гарадскога парку, работа арнітолагаў на полі, запіс на экскурсію, суправаджэнне экскурсіі);
  • экскурсіі па экасцежцы (суправаджэнне спецыяліста);
  • інтэрактыўная фотазона “Жураўлі і журавіны − 2019” і майстар-клас для дзяцей;
  • майстар-клас “Адчуй сябе жураўлём”;
  • тэматычны аквагрым;
  • “Жураўліны квэст”;
  • выраб эка-сувеніраў.

Праектны офіс прапануе:

  • праца інфармацыйнага стэнда (інфармацыя пра Праект “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”);
  • майстар-клас па пляценні з траў;
  • роспіс пернікаў з выявамі журавінаў і жураўлёў;
  • продаж расады садовых журавінаў і дурніц;
  • Фотасушка “Гісторыя свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”;
  • акцыя “Створым музей разам” (пачатак фарміравання калекцыі будучага Музея журавінаў і жураўлёў);
  • продаж сувеніраў.

Таксама вас чакае:

  • прэзентацыі-дэгустацыі і продаж прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў;
  • продаж журавінаў “Менш пластыку – больш журавінаў”;
  • выстава экалагічнай літаратуры “Журавель-асветнік” (ад Міёрскай цэнтральнай бібліятэкі і Сектара спорту і турызму Міёрскага раённага выканаўчага камітэта);
  • выстава краязнаўцы Вітольда Ермалёнка “Малая Радзіма пачынаецца з зямлі”;
  • дзіцячая гульнёвая праграма “Вясёлы жураўлік”;
  • праца моладзевай арт-пляцоўкі “Пакаленне NEXT” – квэст “Мой горад”, конкурсная праграма для моладзі;
  • экапляцоўка “Новае жыццё ў абмен на крышачкі”;
  • “Як стварылася планета Зямля” (фільм, работа мабільнага планетарыя);
  • “Журавель запрашае” (бясплатнае наведванне і экскурсійная праграма па візіт-цэнтры “Ельня”, Міёры, вул. Кірава, 4а).

АПБ в Одноклассниках



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: