Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Жураўлі, журавіны і нечаканы лось – як прайшло экалагічнае свята ў Міёрах
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 17 верасня 2019 года
15 верасня ў Міёрах прайшло традыцыйнае свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», у якім АПБ удзельнічае штогод.
На свяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Фота Ірыны Груздзіловіч
Сёлета свята стала часткай вялікага праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”. Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам у партнёрстве з АПБ і Латвійскім сельскім форумам (Latvijas Lauku forums).
Жураўлі каля Ельні. Фота Ірыны Груздзіловіч
Асноўная частка каманды АПБ працавала ў полі: арнітолагі арганізавалі назіральную пляцоўку за жураўлямі, дзе ўсе ахвочыя маглі самастойна назіраць за героямі свята.
Жураўлі лятуць. Фота Лізы Лягковай
“Мы наладзілі арніталагічныя трубы і стараліся быць незаўважнымі, бо жураўлі былі недалёка ад нас — каля 250 метраў. Але калі пад’ехалі першыя аўтобусы з назіральнікамі, жураўлі ў нейкі момант усе ўзляцелі ў неба. Мы перажывалі, што яны зляцяць на іншае далёкае поле, але яны апусціліся на зямлю за 1300 метраў ад нас і мы змаглі пераналадзіць трубы ды паназіраць за імі,” — кажа Яўгенiя Лучык, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях.
За птушкамі змаглі пасачыць больш за 500 чалавек. Многія ўпершыню ў жыцці пабачылі жураўлёў з такой блізкай адлегласцi. Многiя хацелі сфатаграфаваць іх на смартфон праз трубу. Такi cпосаб здымкі называецца «дыгіскопінг».
Лось і жураўлі. Фота Сямёна Левага
У адзiн момант на поле выбежаў лось, і яго можна было ўбачыць з пляцоўкі па назіранні за жураўлямі.
Лось і жураўлі. Фота Сямёна Левага
На свяце можна было набыць дзікіх журавінаў, якімі славіцца Міёршчына, пакаштаваць пірагі і іншае смакоцце, зробленае з гэтых ягад. Таксама на кірмашы прадаваліся тэматычныя сувеніры з выявамі жураўлёў і журавін: торбы, пернікі, паштоўкі ды іншыя вырабы мясцовых майстроў.
Дзякуй усім удзельнікам свята! А для тых, хто яшчэ не бачыў жураўлёў, падказваем, што міграцыя працягваецца, і яе пік прыпадзе на 20-я чыслы верасня. Скарыстайся гэтым шанцам, каб паглядзець на самых высокіх птушак Беларусі і паслухаць іх курлыканне! У сярэдзіне кастрычніка амаль усе жураўлі ўжо адляцяць.
Зладзіць экскурсію табе дапаможа заказнік «Ельня» — тэл. 8 02152 5 62 77.
Жураўліны аквагрым. Фота Ірыны Груздзіловіч
Падзяліся артыкулам у сацсетках: