Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Навукоўцы могуць прадказаць, якія буслы адляцяць на зімоўку ў Афрыку, а якія застануцца ў Еўропе
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 26 верасня 2019 года
Хто з буслоў ляціць на зімоўку далёка, а хто не? Прылады сачэнні дазволілі высветліць асаблівасці міграцыі белых буслоў.
Для бусляняці Луіса, які ўсяго 6-7 тыдняў таму ён з’явіўся на свет на бярозе ў гарадку Радальфцель на возеры Канстанц, сёння найважнейшы дзень у жыцці. Да гэтага дня ў чэрвені 2014 года ён ведаў толькі сваіх бацькоў і трох сваіх братоў і сясцёр. Але раптам дзіўныя людзі з’явіліся ля гнязда і схапілі чатырох маленькіх буслянят. Гэта Андрэа Флак і Вольфганг Фідлер з Інстытута арніталогіі Таварыства Макса Планка і Канстанцскага ўніверсітэта. Навукоўцы змогуць даведацца праз Луіса і іншых буслянят, што ў час міграцыі на поўдзень частка птушак ляціць за тымі, якія асабліва добра выкарыстоўваюць узыходныя плыні паветра (тэрмікі), а таму менш махаюць крыламі ў палёце. Здольныя да эфектыўнага палёту накіруюцца на зімоўку ў Афрыку, а астатнія застануцца ў Паўднёвай Еўропе. Карыстаючыся атрыманымі дадзенымі, навукоўцы могуць сказаць, якія буслы куды паляцяць, усяго праз дзесяць хвілін пасля таго, як тыя зляцелі з гнязда.
Праводзім птушак на зімоўку ўсёй Беларуссю 5 і 6 кастрычніка!
Дзень і ноч Андрэа Флак і Вольфганг Фідлер наведвалі бусліныя гнёзды на заходнім беразе возера Канстанц. Пажарныя драбіны ўзнімаюць іх да бусліных гнёздаў на вялікую вышыню, дзе яны прышпільваюць на спіны птушанят маленькія прылады для адсочвання шляху. Гэта робіцца, каб назіраць за Луісам і 60 іншымі буслянятамі ў час міграцыі. Прылады, якія важаць менш за 60 грамаў, запісваюць GPS-каардынаты птушкі. Акрамя таго, яны замяраюць рух птушак з дапамогай акселерометраў. Так даследчыкі дазнаюцца, ці рухаецца птушка, і калі рухаецца, то як.
Чаму буслы не адлятаюць на зімоўку?
Усяго некалькі хвілін, і бясшкодная працэдура для Луіса і яго братоў ды сясцёр скончаная. Занятыя з раніцы да ночы ўдасканальваннем свайго палёту, яны хутчэй за ўсё неўзабаве забудуць на дзіўную сустрэчу з навукоўцамі. Аднак для даследчыкаў праца толькі пачалася. З гэтага моманту яны будуць збіраць і ацэньваць велізарныя аб’ёмы дадзеных, бо прылады для сачэння рэгіструюць каардынаты буслоў кожную секунду на працягу дзвюх-пяці хвілін кожныя 15 хвілін, тыдзень за тыднем. Адзін раз на дзень прыборы пасылаюць тэкставае паведамленне з дадзенымі пра месцазнаходжанне і перамяшчэнні птушкі праз мясцовую мабільную сетку, зусім як мабільны тэлефон.
Сачы анлайн за міграцыяй вялікіх арляцоў з Беларусі
Пасля гэтага дадзеныя аўтаматычна перадаюцца ў інфармацыйную сістэму пад назвай Movebank — гэта бясплатная анлайн-платформа, распрацаваная даследчыкамі пад кіраўніцтвам Марціна Вікельскі, якая дазваляе навукоўцам рэгістраваць міграцыі жывёл у любой частцы свету. Паколькі буслы з наваколля возера Канстанц ляцяць на зімоўку аж у Заходнюю Афрыку, а аб’ёмы дадзеных проста неверагодныя, мабільная сувязь каштавала б шалёных грошай. З гэтай нагоды Андрэа Флак рухаецца следам за птушкамі на аўтамабілі ўсю дарогу да Барселоны, каб пампаваць дадзеныя адзін раз на дзень з дапамогай базавай станцыі. У Афрыцы прыборы рэгіструюць перамяшчэнні менш часта, каб паменшыць колькасць дадзеных.
У той дзень у 2014 годзе Луіс таксама атрымаў свой «мабільнік». Як высветлілася, ён першы са сваіх братоў і сясцёр паляцеў на поўдзень. Ён далучыўся да групы з 27 іншых буслоў з перадатчыкамі. Праз 5 дзён палёту 17 з іх усё яшчэ заставаліся разам.
Спачатку Луіс абагнуў Альпы паўз Берн, накіроўваючыся ў бок Жэнеўскага возера, і перасек Рону на поўдзень ад Ліёна. Увечары 23 жніўня ён дасягнуў Монпелье на ўзбярэжжы французскага міжземнамор’я, а наступным днём паляцеў уздоўж берага ў бок Іспаніі. Ён перасек Пірэнеі і заставаўся некалькі тыдняў на сметнішчы за 100 км на поўнач ад Барселоны. Пасля бусел паляцеў у мясцовасць ля Мадрыда і правёў там зіму на сметнішчы. Луіс заставаўся ў Іспаніі да вясны 2016 года і вярнуўся ў Германію ў сакавіку 2016 года.
Дапамога паветраных плыняў
Ніколі дагэтуль даследчыкі не сачылі за палётам групы буслоў гэтак жа пільна, як за Луісам і яго аднагодкамі. Цяпер навукоўцы з Інстытута арніталогіі Таварыства Макса Планка і Канстанцскага ўніверсітэта апублікавалі вынікі іх падарожжа. Дадзеныя, атрыманыя праз адлегласць у тысячы кіламетраў, паказваюць, наколькі узаемазвязаныя між сабою эфектыўнасць палёту птушкі, яе сацыяльныя паводзіны і глабальны маршрут міграцыі.
Дзякуючы дасканаламу аналізу дадзеных GPS, навукоўцы вынайшлі, што ў групах пералётных буслоў ёсць птушкі-лідары. Яны вядуць групу ў напрамку спрыяльных паветраных плыняў, куды птушак літаральна зацягвае цёплае паветра, якое падымаецца ўверх. Гэта дазваляе ім пераадольваць большыя адлегласці, пазбягаючы актыўных узмахаў крыламі.
Падрабязны аналіз высокадакладных дадзеных GPS паказвае, што напрамкі палёту птушак-лідараў менш рэгулярныя. «Менавіта яны знаходзяць тэрмікі і шукаюць найбольш спрыяльныя ўчасткі ўнутры іх. Такім чынам ім даводзіцца шмат разоў мяняць кірунак палёту«, — тлумачыць Матэ Нагі, даследчык, які аналізаваў дадзеныя з перадатчыкаў. Птушкі, якія ляцяць следам за лідарамі, карыстаюцца з іх пошукаў і маюць магчымасць уздымацца ўверх па больш роўнай траекторыі. «Пералятаючы да наступнага тэрміка, птушкі, якія ляцяць за лідарам, рухаюцца трохі павольней і хутчэй апускаюцца ўніз. Каб не адстаць ад групы, яны павінны махаць крыламі часцей і пакідаць тэрмікі, не падняўшыся на вышыню«.
Аднак уменне лятаць у буслоў звязана не толькі з іх месцам у групе. Тое, як часта птушка махае крыламі, таксама прадказвае, дзе яна правядзе зіму. Асобіны, якія часта махаюць крыламі, не лятаюць так далёка, як тыя, што махаюць крыламі радзей. Напрыклад, Луіс такі сабе лятун. Яму лепш правесці зіму ў паўночнай Іспаніі, тым больш, што там ён можа знайсці дастаткова ежы на сметнішчы.
У выпадку Рэда — яшчэ аднаго з 27 буслоў з перадатчыкамі — сітуацыя абсалютна непадобная. Ён адзін з лідараў сваёй групы і здольны зводзіць да мінімуму колькасць узмахаў крыламі. Ён зімуе ў Паўночнай Афрыцы. Падчас свайго падарожжа 2014 года Луіс праляцеў крыху больш за 1000 кіламетраў, а Рэд — амаль 4000 кіламетраў. «Характарыстыкі палёту настолькі важныя для месцазнаходжання птушкі ў групе, што мы можам прадказать праз некалькі хвілін міграцыйнага палёту, ці правядзе птушка зіму ў Еўропе, ці паляціць у Заходнюю Афрыку,» — тлумачыць Андрэа Флак.
Гэта першы раз, калі людзі здолелі так падрабязна прасачыць за паводзінамі буслоў у групе падчас іх падарожжа праз Еўропу ў Афрыку. Сабраныя матэрыялы сведчаць аб тым, што буслы ляцяць у сацыяльна структураваных групах, і структура гэтая галоўным чынам залежыць ад таго, як добра лятаюць члены групы. «Маршрут і канцавы пункт палёту бусла, сярод іншага, залежаць ад таго, як эфектыўна ён умее лятаць,” — кажа Марцін Вікельскі, дырэктар Інстытута арніталогіі Таварыства Макса Планка і Канстанцскага ўніверсітэта.
З таго часу Луіс і Рэд паўтаралі сваё падарожжа кожны год, і заўсёды заканчалі яго аднолькава: Луіс захаваў вернасць Іспаніі, а Рэд — Афрыцы.
Крыніца: матэрыялы Таварыства Макса Планка.
Пераклад Таццяны Каржыцкай
Фота: springalive.net
Падзяліся артыкулам у сацсетках: