Фотарэпартаж: заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

ад 30 верасня 2019 года

Змяненне клімату моцна ўплывае на папуляцыі птушак па ўсім свеце.  Даведайся, за якіх птушак BirdLife International змагалася на Сусветным кліматычным страйку на мінулым тыдні і чаму так важна выступаць у абарону дзікай прыроды і людзей.

заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

Каламбуры на тэму птушак былі неад’емным элементам для BirdLife і Каралеўскага таварыства аховы птушак (RSPB) © Рэйчал Гартнер

На мінулым тыдні моладзевы страйк супраць змянення клімату, які ініцыявала сваім выступам 16-гадовая экалагічная актывістка Грэта Тунберг, дасягнуў свайго піку. Дзеці і дарослыя з усяго свету аб’ядналіся дзеля таго, каб патрабаваць рэальных дзеянняў ад сусветных лідараў. У пятніцу, 20 верасня, BirdLife з партнёрамі з самых розных краін выйшлі на вуліцы, каб выступіць у абарону дзікай прыроды і людзей і звярнуць увагу на крызіс, у якім мы апынуліся.

Страйк супраць зменаў клімату

Удзельнікі Каралеўскага параду кідалі дымавыя бомбы, каб праілюстраваць фразу, якую можна часта пачуць падчас кліматычных страйкаў: “Наш дом гарыць”. © Рэйчал Гартнер

Птушкі – гэта індыкатары, якія сведчаць аб здароўі дзікай прыроды на планеце, а яно катастрафічна пагаршаецца з прычыны змянення клімату. Акрамя таго, птушкі граюць важную ролю ў харчовых ланцужках і функцыянаванні экасістэм. Знікненне птушак стане непапраўным не толькі для прыроды, але і для чалавецтва. Супрацоўнікі кембрыджскага офіса BirdLife у Вялікабрытаніі вырашылі адлюстраваць становішча на прыкладзе чатырох відаў птушак, на якіх змяненне клімату ўплывае найбольш. Мы наведалі страйк разам з Каралеўскім таварыствам аховы птушак (RSPB), нашым партнёрам у Вялікабрытаніі. 

Тупікі

заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

Плакат RSPB. © Рэйчал Гартнер

Супрацоўнікі RSPB цягам трох дзён працавалі над гэтым прыгожым палатном з выявай атлантычнага тупіка Fratercula arctica (пад пагрозай знікнення) – адной з тых птушак, плакаты з якімі найчасцей сустракаліся на страйку ў пятніцу. Нездарма гэты від паказваецца ў СМІ як адна з найбольш шырока вядомых ахвяр змянення клімату. Праз змяненне клімату значна скарацілася колькасць птушанят, якія штогод дажываюць да перыяду апервання. Тэмпературныя змены выклікаюць несупадзенні ў часе цвіцення планктону і з’яўлення вялікай колькасці рыбы з перыядам вывядзення птушанят тупіка. Павышэнне тэмпературы мора таксама выклікае рэзкае змяншэнне папуляцыі пясчанак, асноўнай ежы тупікаў. Як наступства, птушанятам не хапае ежы.

Яшчэ больш пагаршаюць сітуацыю прыродныя катаклізмы і штормы, якія зрабіліся больш частымі і моцнымі праз змяненне клімату. Гэтыя экстрэмальныя прыродныя з’явы прыводзяць да таго, што ў моры гінуць тысячы дарослых птушак, а ў гнёздах – тысячы птушанят.

 

Альбатросы

Страйк супраць зменаў клімату

З усіх марскіх птушак альбатросы знаходзяцца ў групе найвялікшай рызыкі. © Rachel Gartner

Стэф Прынс (справа), менеджар марскіх праектаў, выбрала для свайго плаката альбатроса. З усіх марскіх птушак альбатросы знаходзяцца ў групе найвялікшай рызыкі, таму Стэф вывучае іх у першую чаргу. Штогод сотні тысяч птушак заблытваюцца ў прамысловых рыбалоўных снасцях і тонуць. Для цёмнаспіннага альбатроса Phoebastria immutabilis і чарнаногага альбатроса Phoebastria nigripes (абодва знаходзяцца ў групе патэнцыйна ўразлівых відаў) змяненне клімату дадае пагрозу, якую яны не могуць адолець. Гэтыя віды кормяцца на невысокіх ціхаакіянскіх атолах і выспах, якія могуць быць цалкам затопленыя пры павышэнні ўзроўню мора.

 

Пінгвіны

заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

88 % відаў пінгвінаў ужо трапілі пад уплыў змянення клімату. © Rachel Gartner


Ана Ўітлі (у цэнтры) адзначае, што пінгвіны ўключаныя ў Чырвоны спіс відаў пад пагрозай знікнення, складзены Міжнародным саюзам аховы прыроды (МСАП). У гэта цяжка паверыць, але 10 з 18-ці відаў пінгвінаў знаходзяцца пад пагрозай знікнення, а 88 % відаў пінгвінаў ужо трапілі пад уплыў змянення клімату. Для некаторых відаў пагрозай становіцца недахоп ежы. Найбольш рэдкі від – галапагоскі пінгвін Spheniscus mendiculus (пад пагрозай знікнення)  –  харчуецца рыбай, таму залежыць ад акіянскіх плыняў. Працяглыя перыяды высокай тэмпературы вады прыводзяць да голаду, які раней ужо быў прычынай катастрафічнага змяншэння папуляцыі, для аднаўлення якой спатрэбяцца гады.

Змяненне клімату наўпрост пазбаўляе жытла пінгвінаў, якія жывуць на лёдзе, напрыклад, імператарскага пінгвіна Aptenodytes forsteri (блізкі да пагрозы знікнення). Паводле прагнозаў, гэты колькасць гэтага віду скароціцца на 20-29 % за тры наступныя пакаленні, бо пасля памяншэння таўшчыні лёду ім будзе цяжка знайсці месцы, прыдатныя для пражывання.

 

Лясныя птушкі

заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

Змены тэмпературы могуць прывесці да знікнення цэлых экасістэм. © Rachel Gartner

Сітуацыя не абмяжоўваецца толькі раставаннем лёду і затапленнем: змены тэмпературы могуць прывесці да знікнення цэлых экасістэм. Нядзіўна, што таўстадзюбая ванга Euryceros prevostii (пад пагрозай знікнення) выглядае такой раз’юшанай: праз 50 гадоў месцы яе пражывання могуць знікнуць назаўжды. У гэтага прыгожага прадстаўніка грычуновых, які жыве на паўночным усходзе Мадагаскара, засталіся толькі некалькі лапікаў некранутага нізіннага трапічнага лесу. На жаль, месцы яго пражывання хутка выцясняюцца сельскай гаспадаркай і дрэванарыхтоўкай, але гэтыя пагрозы блякнуць перад нашмат большай праблемай. Згодна з мадэляваннем навукоўцамі будучыні Мадагаскара, калі прагнозы змянення клімату спраўдзяцца, экалагічная ніша, якую займае гэты від, можа проста знікнуць.

заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

Падчас страйку. © Rachel Gartner

Такія дадзеныя могуць выклікаць адчай, але ёсць і надзея. Сам маштаб пратэстаў, што адбыліся на гэтым тыдні, у якіх узялі ўдзел мільёны людзей ад Дакара да Сіднэя, ад Нью-Ёрка да Лондана, сведчыць аб тым, што свет нарэшце абуджаецца і пачынае патрабаваць рэальных дзеянняў. Сусветныя лідары больш не могуць ігнараваць голасу людзей: цяпер іх чарга прыслухацца і пачаць дзейнічаць.

 

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
Ці ўплывае пацяпленне клімату на беларускіх птушак? Так, уплывае. 100 гадоў назад пардва (белая курапатка) жыла на ўскрайку Белавежскай пушчы. Гэта від арктычнага комплексу. Цяпер яна сустракаецца толькі на некалькіх балотах Віцебскай вобласці і, магчыма, знікне на працягу наступных 10 гадоў. Другі від – глушэц – з таёжнага комплексу відаў- імкліва знікае з мапы Беларусі. Найбольш буйныя яго групоўкі засталіся на мяжы з Расіяй на поўначы і ўсходзе нашай краіны.

BirdLife у Еўропе і Цэнтральнай Азіі (Брусель)

заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

BirdLife у Паўднёвай Афрыцы

заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

BirdLife у Аўстраліі

заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

BirdLife у Нігерыі

заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

BirdLife у Іспаніі

заклікі да абароны птушак на Сусветным кліматычным страйку

Джэсіка Лоў, birdlife.org

Пераклад Алены Раманоўскай

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: