У пошуках Ару: як беларусы спрабавалі ўратаваць чорнага бусла з Эстоніі

ад 11 кастрычніка 2019 года

9 кастрычніка у фэйсбук-групе ”Птушкі Беларусі” з’явілася паведамленне з просьбай знайсці і выратаваць на Піншчыне маладога чорнага бусла, якога эстонскія вучоныя сёлета пазначылі перадатчыкам. Сігналы паказвалі, што бусел не рухаецца доўгі час, з 6 кастрычніка, а значыць, ён або загінуў, або яму патрэбная дапамога.

За гэтым буслом на  мянушку Ару і за яго братам Ору сачылі многія. За іх з’яўленнем на свет у траўні і за жыццём на гняздзе можна было назіраць праз вэб-камеру, а потым, калі эстонскія арнітолагі пазначылі іх перадатчыкамі, палёт маладых буслоў можна адсочваць анлайн.

Аистенок Ару на гнезде

Ару на гняздзе. Скрыншот з вебкамеры Ari19, looduskalender.ee

Сігналы з перадатчыка Ару працягвалі паступаць з невялікага лясочка ў Пінскім раёне, недалёка ад мяжы з Украінай. Надзеі на тое, што бусел жывы, было мала. Эстонскі арнітолаг Урмас Селіс меркаваў, што бусел падстрэлены, але выявілася, што гэта не так.

“Многія людзі сачылі за жыццём і міграцыяй чорнага бусла Ару і яго брата Ору, абмяркоўвалі гэта на форуме, — дзеліцца Урмас. — Шмат удзельнікаў форума спрабавалі дапамагчы, чым могуць, многія працягвалі верыць, што Ару жывы, нягледзячы на тое, што дадзеныя перадатчыка прымушалі ў гэтым сумнявацца, бо ён не паказваў практычна зусім ніякага руху. Аднак насуперак гэтаму, перадатчык паказваў пастаянную тэмпературу на ўзроўні вышэй за 30 градусаў, а гэта магло быць знакам, што птушка жывая. Вытворца перадатчыка Ornitela паводле дадзеных таксама вынес меркаванне, што птушка загінула, нягледзячы на дзіўныя значэнні тэмпературы.”

Полет Ару

Думаючы, што бусел быў падстрэлены браканьерам, мы ў першую чаргу тэрмінова 9 кастрыніка паведамілі пра сітуацыю ў Пінскую міжраённую дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якая, у сваю чаргу звязалася з Пінскай раённай інспекцыяй Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Намеснік начальніка апошняй Павел Селівон адправіў па каардынатах спецыялістаў інспекцыі, што паступілі з перадатчыка, і ім 10 кастрычніка раніцай ўдалося знайсці маладога бусла – той ляжаў на зямлі.

“Нам пазвалілі з інспекцыі пры Прэзідэнце, сказалі, што ім паступіў сігнал з АПБ, — гаворыць Павел. — Мы дамовіліся, што заўтра раніцай выедзем на месца, адкуль ідзе гэты сігнал і пастараемся разабрацца з сітуацыяй, што ўсё ж такі здарылася: ці то бусел загінуў, ці то датчык проста ўпаў. Мы туды выехалі і даволі хутка знайшлі бусла. Ён нерухома ляжаў на зямлі і толькі міргаў вачыма. Птушка была ў вельмі цяжкім стане, але бачных ран у яе не было. Мы завезлі бусла ў ветэрынарную клініку, там яму паставілі кропельніцу, каб вывесці з гэтага стану, але, на жаль, ён з яго так і не выйшаў. Птушка памерла.”

Ускрыццё 11 кастрычніка паказала, што ў бусла быў пашкоджаны шыйны пазванок і меліся пакусы дробным драпежнікам. Хутчэй за ўсё, ён атакаваў маладую птушку, якая апусцілася на зямлю, каб адпачыць.

Аистята Ару и Ору

Ару і Ору на гняздзе. Апошні кадр, дзе яны разам. Скрыншот з вебкамеры Tatiana60, looduskalender.ee

Ару вылупіўся ў Нацыянальным парку Карула ў Эстоніі ў гняздзе, якое належала сям’і чорных буслоў Каці і Карла (імёны выбіраліся публічна). Да 2019 пара вярталася на гэтае гняздо штовясну, але сёлета самец не вярнуўся. Вельмі верагодна, што ён загінуў падчас вясновай міграцыі ў Сірыі, ён меў таксама перадатчык. Але на гняздзе адразу з’явіўся новы самец, якога назвалі Карлам ІІ. У яго з Каці з чатырох яек вылупіліся чацвёра птушанят. Найменшае з іх самка скінула (каб у астатніх было больш шанцаў на выжыванне). 20 чэрвеня шуляк-галубятнік забіў яшчэ адно птушаня, даволі вялікае. Астатнія двое буслянят у далейшым перажылі яшчэ некалькі атак шуляка-галубятніка, але ў іх атрымалася абараніцца.

Брат Ару, якога назвалі Ору, цяпер ляціць на поўдзень над Турцыяй, пакуль усё ідзе паспяхова. Свой перадатчык ён атрымаў “у спадчыну” ад бусла з папярэдняга вывадку, які быў падстрэлены браканьерам у Егіпце.

Вясна і лета чорных буслоў:

 

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
Не заўсёды атрымліваецца імгненна адрэагаваць на паведамленні пра загінулых птушак з перадатчыкамі на тэрыторыі Беларусі. Але ў гэты раз, дзякуючы супрацоўнікам Мінпрыроды, падмога была на месцы на наступны дзень. На жаль, паведамленне было атрымана позна, хаця мы не ведаем, ці можна было б дапамагчы птушцы, калі б яна была знойдзеная раней. Я быў вельмі расчулены, калі даведаўся, як шмат людзей з усяго свету сачылі за лёсам Ару, колькі людзей цяпер яму спачуваюць. Але ў гэты раз птушаня загінула ў сілу прыродных працэсаў, і мы можам толькі канстатаваць гэты факт.



Тэкст: Алеся Башарымава

 

Падтрымай захаванне дзікай прыроды Беларусі!

 

 

 

Инстаграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: