Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Сіпуха заляцела ў офіс на поўначы Беларусі
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 22 кастрычніка 2019 года
Рэдкі від савы не толькі пабачылі, але і заснялі на відэа: 21 кастрычніка сіпуха заляцела ў офіс у Верхнядзвінскім раёне.
Сіпуха. Скрыншот з відэа Віктара Разумнага
Віктар Разумны, які назіраў птушку, расказаў, што яна заляцела ў кабінет праз акно, якое пакінулі на ноч адкрытым. Яна не дужа баялася чалавека.
“Я працую на АЗС недалёка ад мяжы з Латвіяй. Ужо гады два мы назіраем побач саву, часам яна пралятае ў святле ліхтароў: відаць, палюе. Раніцай я ўвайшоў у кабінет і заўважыў птушку. Спачатку яна крыху спужалася, узляцела, але потым паводзілася спакойна. Я адчыніў дзверы на балкон, каб яе выпусціць, яна пасядзела крыху і потым зляцела. Я пачаў шукаць інфармацыю пра гэты від у інтэрнэце, і вельмі ўразіўся: гэта вельмі рэдкі ў Беларусі від, асабліва на поўначы.”
Хочаш гаманіць пра птушак, а няма з кім? Далучайся да тэлеграм-чата «Ціў-ціў»!
Сапраўды, сіпуха – адзін з самых рэдкіх відаў соваў у Беларусі, што ў нас гняздуюцца. У XXI стагоддзі было вядома толькі два месцы гнездавання сіпухі, але сёлета фактаў гнездавання птушкі пацверджана не было, саму сіпуху таксама яшчэ не бачылі, толькі сляды яе жыццядзейнасці ў месцы адпачынку на поўдні Беларусі.
Арнітолаг Дзяніс Кіцель, які летась запусціў праект па размяшчэнні дамкоў для сіпух, каб прывабіць рэдкую птушку ў Беларусь, тлумачыць: “Тая сава, што лятала ў святле ліхтароў, магла быць вушатай або балотнай савой, а не сіпухай, якая трапіла на відэа. Цяпер час, калі маладыя птушкі разлётваюцца. У сіпух адбываецца паслягнездавая дысперсія: маладых птушак усе гоняць, і яны ляцяць у розныя бакі. Былі выпадкі, калі ў Беларусі нават птушкі з Германіі заляталі з кольцамі. Гэта звычайна здараецца акурат восенню. Часта здараецца, што такіх маладых птушак машыны падбіваюць, часам яны залятаюць у памяшканні, шукаючы, дзе схавацца. Тое, што гэта адбылося так далёка на поўначы, — вельмі цікава, хоць у Латвіі таксама ёсць рэгістрацыі сіпух, таму сенсацыяй я б гэта не назваў. Нельга выключаць і таго, што птушка ручная і аднекуль збегла. Надзвычай светлая афарбоўка можа сведчыць пра тое, што гэта намінатыўны падвід, які жыве на захадзе: у Англіі, Францыі, Партугаліі. Ён даволі папулярны ў калекцыях. У Беларусі ж у дзікай прыродзе сустракаецца сіпуха падвіду guttata з рыжымі грудзьмі.”
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: