Чыстае балонне, чыстае задавальненне і першая за 10 гадоў сава

ад 23 кастрычніка 2019 года

40 валанцёраў прыбралі Тураўскае балонне ад смецця і хмызняку. Прыемным бонусам за працу ім стала сустрэча з вушатай савой і куліком-стучком.

Волонтёры чистят Туровский луг от кустарника

18-20 кастрычніка АПБ зладзіла валанцёрскі летнік пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства ў межах міжнароднага праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў”, які ёсць кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай, што фінасуецца Аркадыяй – дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбет Раўзінг.

Волонтёры убирают Туровский луг

Цягам трох дзён валанцёры прыбіралі смецце і высякалі хмызняк на Тураўскім балонні каля вёскі Запясочча і Турава, рамантавалі вышку для назіранняў за птушкамі. Да справы далучыліся валанцёры з Мінска, супрацоўнікі НПС “Тураў” і мясцовыя жыхары.

Волонтёры убрали мусор на Туровском лугу

Сабралі больш за дваццаць мяшкоў смецця, ачысцілі ад кустоў большую частку балоння каля вёскі Запясочча, а ля Турава павысякалі хмызы ад вышкі і амаль да самой станцыі кальцавання. Сама ж вышка заззяла новымі фарбамі і займела новую падлогу.

Вышка для наблюдений за птицами на Туровском лугу

Раніцамі і вечарамі ахвочыя маглі паўдзельнічаць у адлове і кальцаванні птушак. Ім пашчасціла ўбачыць такія цікавыя віды як стучок і вушатая сава. Таксама было акальцавана некалькі відаў вераб’іных. Арнітолагі станцыі кальцавання Павел Пінчук і Наталля Карліонава расказалі шмат цікавага не толькі пра птушак, але і пра само кальцаванне.

Птицы над Туровском лугом

Тры дні – усе былі крыху стомленыя, але з бадзёрым настроем і незабыўнымі ўспамінамі.

Валанцёр Пётр Зубаў, акварыюміст: “Я ўжо быў у валанцёрскай паездцы ад АПБ у Белавежскую пушчу – дапамагалі вяртаць рэчку Саломенку ў старое рэчышча. А цяпер вырашыў з’ездзіць у Тураў: мне падабаецца з птушкамі працаваць, шпакоўні ім ляпіць, проста назіраць за імі. Месца мне вельмі спадабалася, нават планую ў красавіку-траўні з’ездзіць паглядзець на птушак. Пабачыў шмат новых відаў, якіх раней бачыў толькі на карцінках, і папрацаваў з задавальненнем.“

Волонтёры убирают Туровский луг

Валанцёрка Марыя Касцюковіч, сцэнарыстка: “Летнік АПБ у Тураве — самая радасная падзея гэтай восені. Па-першае, зноў сустрэліся з сябрамі, з якімі валанцёрылі ў жніўні на Ельні. Дакладней, і ехалі разам, каб і сустрэцца, і папрацаваць, і адпачыць, так што АПБ яднае! Па-другое, нам пашчасціла з надвор’ем, цяплом і сонейкам, і працаваць на свежым паветры было — адна асалода. Чысцілі Тураўскі луг ад хмызняку і збіралі смецце, а ў вольны час гулялі па Тураве, які гэтай парой быў нейкі наскрозь прыгожы: куды ні кінь вокам, паўсюль прыгажосць. Ну, і прыпяцкія пейзажы — проста чароўныя. Яшчэ не адсумавала па чароўнай Ельні, а ўжо ведаю, што буду сумаваць па чароўным Тураве.

Падтрымаць фінансава захаванне кулікоў на Тураўскім балонні

Але ж цвік праграмы, вядома, экскурсіі на станцыю кальцавання. Усе валанцёры, пэўна, запомнілі той момант, калі ў групу ў вайберы прыйшло паведамленне ад нашага тураўскага камандзіра Андрэя: «У нас сава. Чакаем усіх». Упершыню за дзесяць гадоў у сетку патрапіла вушатая сава. Як мы ляцелі! Саву акальцавалі, яна паляцела па сваіх савіных справах, а мы дагэтуль успамінаем. На станцыі паказалі нам і іншых птушачак, што трапілі ў сетку — бакаса і стучка, які, дарэчы, таксама даўно не трапляўся, вялікую і бурагаловую сініц, алей на сэрца аматараў птушак, але ж — сава! Словам, дагэтуль пытаюся ў сябе, ці не прымроілася мне гэтая паездка? Сувенірнае кальцо са станцыі кальцавання сведчыць, што не) Мая ўдзячнасць АПБ — ува ўсё тураўскае неба. Мы ж яшчэ вернемся? :)”

Ушастая сова на станции кольцевания в Турове

Андрэй Шэўчык, куратар летніка: “Шчыра кажучы, я ўпершыню удзельнічаў у такім мерапрыемстве і нават не мог уявіць сабе, як самааданна і плённа могуць працаваць людзі на карысць нашай прыроды. Валанцёры былі сапраўды на вышыні. Складана апісаць усё тое, што было зроблена, а тым больш перадаць праз тэкст усе тыя эмоцыіі. Таму запрашаю ўсіх, хто любіць нашу Радзіму, хаця б разок стаць удзельнікам такіх летнікаў і адчуць сапраўдны водар Беларусі! Вялікі дзякуй усім валанцёрам, супрацоўнікам НПС “Тураў”, арганізатарам.”

Волонтёрский лагерь на Туровском лугу в 2019 году

АПБ шчыра дзякуе валанцёрам, што дапамаглі падрыхтаваць Тураўскае балонне да прылёту птушак у наступным годзе: Люба Дударевич, Марыя Касцюковіч, Дзяніс Пасанен, Агата Прашкуратава, Ганна Ганчарык, Анастасiя Крэч, Ксенія Саргавец, Пётр Зубаў, Уладзіслаў Джыга, Пётр Пушкароў, Анастасія і Васіль Блоцкія, Вячаслаў Хурсанаў, Аляксандр Казлянко, Улада Панцялей, Міхаіл Коўтун, Наталля Карліонава, Павел і Леанід Пінчукі, Міхаіл Котляр, Максім Бялацкі, Алег і Вольга Ясенавец, Валер і Дзмітры Чорныя, Мікалай Пятрушын, Шадрына, Карома, Анвар Ніязаў, А. Ганчарык, Нешын, Я. Ляцяга, Васіль Каралец.

 

 

Тэкст: Алеся Башарымава, Андрэй Шэўчык. Фота Андрэя Шэўчыка

 

Падтрымай захаванне дзікай прыроды Беларусі!

 

 

 

Инстаграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: