Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Ведаеш дрэва-старажыл? Зрабі яго помнікам прыроды!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 1 лістапада 2019 года
Дрэвы, якім больш за 200 гадоў, — прыродная каштоўнасць, якую важна зберагчы. Дапамагчы захаваць іх можна, надаўшы ім статус помніка прыроды. Ведаеш такое старое дрэва? Падказваем, што рабіць.
Адно векавое дрэва не толькі здольнае даць столькі ж кіслароду, як дзясяткі маладых дрэваў, але і стаць мясцовай славутасцю, якая дапаможа прывабіць турыстаў. Такія старыя дрэвы ўражваюць не адной прыгажосцю формы ды раскідзістымі шатамі, але і тым, што яны – сведкі гісторыі краю.
На такі статус могуць прэтэндаваць:
Дуб памёр, але нават у гэтым стане ўражвае сваёй веліччу
Cупрацоўнікі сектара маніторынгу расліннага свету Інстытуту эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стварылі адмысловы праект, каб знайсці і захаваць усе нашыя дрэвы-ветэраны.
Калі вы ведаеце такое старое дрэва, але яго пакуль няма на карце (калі зручней, то можна зверыцца са спісам), то інфармацыю пра яго трэба даслаць праз адмысловую форму на сайце праекта па выяўленні, уліку і ацэнцы стану рэдкіх і ўнікальных дрэваў Беларусі.
Вам трэба будзе пазначыць від дрэва, яго параметры, геаграфічныя каардынаты. Таксама вы зможаце даць дадатковае апісанне і далучыць фотаздымак дрэва.
Дадзеныя пра дрэва трапляюць у базу навукоўцаў. Ім трэба будзе праверыць, адпавядае дрэва статусу помніка прыроды ці не, бо ў залежнасці ад умоваў дрэвы ў розных мясцовасцях растуць з рознай хуткасцю, і дакладны ўзрост дрэва па дыяметры ствала не вызначыш.
Каб даведацца ўзрост дрэва, у ствале бурам адбіраецца керн дыяметрам паўсантыметра. Гэта бясшкодная для дрэва працэдура – прыблізна як укол у палец для нас. Адтулінку закрываюць затычкай, і ранка хутка зацягваецца.
Калі дрэва дасягнула найвышэйшых паказчыкаў росту адносна свайго ўзросту і мае паказчык жыццяздольнасці, то спецыялісты рэкамендуюць надаць яму статус помніка прыроды мясцовага або рэспубліканскага значэння – у залежнасці ад унікальнасці дрэва.
Наступны этап — гэта падрыхтоўка ахоўных дакументаў. Працэдура гэтая прапісаная ў Законе аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі рыхтуе тры дакументы: навукова тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне на абвяшчэнне помніка прыроды, пашпарт і ахоўнае пасведчанне.
Ірына Вазнячук, к.б.н., вядучы навуковы супрацоўнік сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальный батанікі НАН Беларусі:
“Падрыхтоўка ахоўных дакументаў патрабуе рэсурсаў: напрыклад, каб выехаць на мясцовасць, трэба камандзіроўка, транспарт. Калі ў інстытута на гэты момант няма адпаведных праектаў, спецыялісты могуць абследаваць дрэвы падчас экспедыцый у гэтым рэгіёне, якія працуюць па іншых праектах. Праца па стварэнні базы ўнікальных аб’ектаў расліннага свету працягваецца, і спецыялісты гатовыя выязджаць (можа, не заўсёды аператыўна) для абследавання і захавання тых дрэваў, якія могуць зрабіцца здабыткам і славутасцю асобнай мясцовасці або краіны ў цэлым. Фінансаванне гэтай працы закладзена ў рэспубліканскі і мясцовы бюджэты для рэалізацыі прыродаахоўных мерапрыемстваў. Ініцыяваць гэтую працэдуру могуць землекарыстальнікі і раённыя інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.”
Будучы помнік прыроды
Пасля таго як мясцовы выканкам (калі абвяшчаецца помнік прыроды мясцовага значэння) або Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (калі помнік рэспубліканскага значэння) зацвярджаюць і абвяшчаюць дрэва помнікам прыроды, яно ўжо адносіцца да аб’екту асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі і падлягае ахове, рэжым якой прапісаны ў пасведчанні.
Уся гэтая працэдура звычайна займае некалькі месяцаў і вырашаецца ў межах аднаго года. Важна памятаць, што часам ад хуткасці нашых дзеянняў залежыць захаванне частачкі ўнікальнай прыроды для нашых нашчадкаў.
Тэкст: Алеся Башарымава
Фота дрэваў-старажылаў у Нясвіжскім і Клецкім раёнах: Ірына Вазнячук
Падзяліся артыкулам у сацсетках: