Наступ сучаснага чалавецтва на дзікую прыроду пагражае яго існаванню

ад 12 лістапада 2019 года

Ранейшы парадак рэчаў не можа існаваць далей: пра гэта сведчаць не толькі публічныя заклікі да тэрміновага змагання з крызісам біяразнастайнасці, але і беспрэцэдэнтная міжурадавая навуковая справаздача.

Кризис биоразнообразия

Новая глабальная ацэнка сігналізуе адказным за прыняцце рашэнняў асобам: шлях чалавецтва пакуль не адпавядае сусветным мэтам захавання біяразнастайнасці і ўстойлівага развіцця. Асобныя поспехі сведчаць пра тое, што ў нас ёсць веды ды інструменты для таго, каб дасягнуць пэўных зрухаў, але для кардынальных зменаў патрэбны больш моцны і паслядоўны палітычны кантроль, што дазволіць аднаўляць прыродныя экасістэмы, ад якіх мы залежым.

Кароткі перапынак на велікодныя парламентскія вакацыі ў Вялікабрытаніі, які адклаў на час бясконцыя дыскусіі па пытанні адтэрміноўкі Брэксіта, спалучыўся з выбухам усведамлення грамадствам значна больш важнай тэмы – стану нашай планеты і выжывання чалавецтва. На працягу тых тыдняў у газетах штодня мільгалі загалоўкі аб пратэстах “Паўстання супраць знікнення”, праз якія былі блакаваныя вуліцы Лондана, сэр Дэвід Атэнбара тлумачыў навуковыя падставы змянення клімату на тэлебачанні ў прайм-тайм, а экаактывістка Грэта Тунберг сустракалася з партыйнымі лідарамі ў Парламенце. Усе гэтыя падзеі мелі сваёй мэтай патрабаванне тэрміновых мер для паляпшэння сітуацыі са змяненнем клімату, крызісам біяразнастайнасці і экалагічнай катастрофай.

Гэтаксама ўзрушана грамадства па ўсім свеце: варта ўзгадаць страйкі школьнікаў у 30 краінах, пратэсты “паўстанцаў” ад Паўднёвай Афрыкі да Ганконга і Аўстраліі, патрабаванні мясцовага насельніцтва Бразіліі забяспечыць ахову экалогіі ў іх рэгіёнах.

Для некаторых людзей гэтыя пратэсты падаліся раздражняльный перашкодай, якую ўчыніла невялічкая групка “зялёных” з намерам падарваць “звычайны лад жыцця”. Аднак абгрунтаванасць гэтых заклікаў пацвярджае дакладны і дэтальны агляд 15000 навуковых і адміністратыўных крыніц, якія збіралі 150 экспертаў з 50 краін на працягу трох гадоў.

Пасля сустрэчы, якая праходзіла ў Парыжы цягам тыдня, навукоўцы і ўлады краін апублікавалі беспрэцэдэнтную справаздачу, якая сведчыць, што стан дзікай прыроды пагаршаецца з хуткасцю, якая не мае аналагаў у гісторыі чалавецтва. Гэта пагражае нашай будучыні, бо мы знаходзімся ў залежнасці ад здароўя экасістэм у нашых асноўных патрэбах: ежы, вадзе, чыстым паветры і кіраванні кліматам. Вельмі важна тое, што гэта не справаздача, якую падрыхтавалі эксперты ДЛЯ ўладаў, а справаздача, падпісаная і прынятая самімі ўладамі краін-удзельнікаў Міжурадавай навукова-палітычнай групы па біяразнастайнасці і экасістэмах (IPBES), блізкай да паважанай і ўплывовай Міжурадавай групы па змяненні клімату (IPCC), якая інфармуе ўдзельнікаў перамоваў па Канвецыі ААН аб змяненні клімату.

Згодна з першай Сусветнай (глабальнай) ацэнкай ад IPBES, на ўсіх узроўнях, ад генаў да відаў і экасістэм, агульная спадчына і сістэма бяспекі чалавецтва змяншаецца з кожным днём. Справаздача абагульняе дадзеныя з Міжнароднага саюза аховы прыроды (IUCN) і BirdLife International, паказваючы, што з тых груп відаў, якія былі занесеныя IUCN у Чырвоны спіс, пад пагрозай знікнення знаходзіцца адзін з кожных чатырох відаў. Калі распаўсюдзіць гэтую тэндэнцыю на колькасць падлічаных відаў ува ўсіх групах, знікненне можа пагражаць зараз мільёну відаў.

Значна зменшылася і колькасць прадстаўнікоў тых відаў, якія яшчэ не знаходзяцца пад пагрозай знікнення. З 1970 года колькасць пазваночных зменшылася на 60 %. Знікаюць і месцы, у якіх жывуць гэтыя віды: 75 % плошчы на сушы і 40 % марскіх тэрыторый пацярпелі сур’ёзныя змены пад уплывам дзейнасці чалавека.

Дэградацыя прыроды і сусветныя мэты. Мы не на правільным шляху.

Дэградацыя прыроды і сусветныя мэты. Мы не на правільным шляху.

 

Ахова прыроды, рашэнне кліматычнага крызісу і дасягненне ўстойлівасці немагчымыя ў тых абставінах, якія ёсць сёння. Нашаму грамадству патрэбныя радыкальныя змены, калі мф хочам мець шанец пераадолець экалагічнае фіяска. Дзеянні ўладаў і бізнесу не прыводзяць да станоўчых вынікаў.

Але калі не ўлічваць страту некаторых агульнавядомых відаў, чаму варта турбавацца пра пытанне біяразнастайнасці? Знікненне відаў і памяншэнне колькасці іх прадстаўнікоў – гэта клопат не толькі акадэмікаў і прыродаахоўнікаў, але ўсіх нас. Для здаровай экасістэмы характэрныя разнастайнасць і багацце жыцця, і менавіта гэты далікатны баланс забяспечвае нас тым, што вядома як “паслугі экасістэмы”: апыленне, кругазварот вады, паглынанне і захоўванне вугляроду, што ў сваю чаргу дае нам ежу, ваду і чыстае паветра, неабходныя для жыцця. Чым больш разнастайная экасістэма, тым большая яе эфектыўнасць і жыццяздольнасць падчас зменаў (у тым ліку кліматычных).  

Як падкрэслівае справаздача IPBES, страта біяразнастайнасці таксама пагражае нашаму выжыванню і выжыванню нашых нашчадкаў, і гэта не менш важна, чым славутая справаздача пра 1.5° С, выдадзеная IPCC летась. Прырода грае найважнейшую ролю ў забеспячэнні нас ежай, энергіяй, лекамі, матэрыяламі, падтрыманні якасці паветра, глебы  і прэснай вады, кіраванні кліматам і скарачэнні ўплыву прыродных катаклізмаў. Напрыклад, больш за два мільярды чалавек для атрымання энергіі выкарыстоўваюць драўнянае паліва. Аднак наш наступ на прыроду зношвае тканіну жыцця і разбурае эканомікі, сродкі жыцця, крыніцы харчавання, здароўе і якасць жыцця па ўсім свеце – мы нішчым сістэму нашага жыццязабеспячэння. Да прыкладу, амаль 300 мільёнаў чалавек пастаянна знаходзяцца пад пагрозай паводкі праз недастатковую ахову ўзбярэжных тэрыторый.

Тым не менш у дакуменце прыводзяцца і некаторыя добрыя навіны: для зменаў яшчэ ёсць час, але гэта патрабуе “кардынальных змен”, іншымі словамі, фундаментальнай рэарганізацыі, якая закранае ўсю сістэму праз тэхналагічныя, эканамічныя і сацыяльныя механізмы. У дакуменце сцвярджаецца неабходнасць тэрміновых рэформ такой заганнай практыкі як субсідыі сельскай гаспадарцы, лясной і рыбнай гаспадаркам, якія не маюць сэнсу ні для экалогіі, ні для эканомікі. Напрыклад, прапорцыя фінансавання высечак лесу да фінансавання яго аховы складае 40:1. Падкрэсліваецца неабходнасць паляпшэння комплекснага кіравання ландшафтамі, якое ўлічвае кампрамісы паміж харчаваннем, вырабам энергіі, інфраструктурай, прэснай вадой, кіраваннем узбярэжжам і аховай прыроды.

BirdLife International, грунтуючыся на сусветна прызнаных навуковых дадзеных, напрыклад, Становішчы птушак свету, доўга змагалася за прызнанне маштабаў крызісу біяразнастайнасці і небяспекі, якую ён чыніць для людзей і ўстойлівага развіцця, у тым ліку, для міжнародных палітычных працэсаў: Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, Рамсарскай канвенцыі аб балотах і Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці. Мы таксама развівалі і рэалізоўвалі інавацыйныя рашэнні па гэтых пытаннях. У Інданезіі BirdLife разам са сваім партнёрам Burung развівалі канцэпцыю прызнання ўзнаўлення экасістэм, якая ахоплівае ўзнаўленне высечанага ці аслабленага лесу, з мэтай змякчэння наступстваў змянення клімату і захавання біяразнастайнасці, і цяпер канцэпцыя набыла нацыянальны маштаб. Наш праект Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгулявання лясоў дае магчымасць мясцоваму насельніцтву Інданезіі, Малайзіі, Філіпін і Папуа-Новай Гвінеі абараняць свае лясы з мэтай змяншэння выкідаў у атмасферу, якія чыняць абязлесенне і дэградацыя лясоў (REDD+). А ініцыятыва “Трыльён дрэваў” мае сваёй мэтай абарону ўжо існуючых дрэваў, аднаўленне ляснога покрыва ў трыльён дрэваў па ўсім свеце да 2050 г. Мы таксама працуем з мясцовым насельніцтвам дзеля захавання ўзбярэжных і ўнутрымацерыковых балот, засушлівых раёнаў, пашы і марскіх экасістэм.

 

Ключавая частка глабальнай ацэнкі IPBES – гэта ацэнка прагрэсу, які назіраецца з боку ўладаў: Айцінскія мэтавыя задачы ў галіне біяразнастайнасці на 2020 г. былі прынятыя ў межах Канвенцыі аб біяразнастайнасці, Мэты ўстойлівага развіцця на 2030 г., прынятыя ААН (каардынатар  – галоўны навуковы супрацоўнік BirdLife, доктар Stuart Butchart). У справаздачы робіцца выснова, што мы наўрад ці дасягнем усе Айцінскія мэты, дасягненне 4-х з 20-ці мэтаў ужо будзе добрым паказнікам. Адна з іх мае дачыненне да павелічэння плошчы тэрыторый пад аховай, якія цяпер складаюць 15 % на сушы і 7 % на моры. Тым не менш, яны толькі часткова пакрываюць тэрыторыі асаблівай важнасці, такія як Ключавыя для біяразнастайнасці тэрыторыі, прытым на многіх з іх няма эфектыўнага рэгулявання. Падобным чынам, некаторыя віды былі выратаваныя з сітуацыі, калі ім пагражала знікненне (што адпавядае мэце прадухілення знікнення відаў), але ўвогуле колькасць прадстаўнікоў відаў ува ўсіх таксанамічных групах змяншаецца з усё большай хуткасцю.

Большы прагрэс быў дасягнуты ў прыняцці і/альбо рэалізацыі палітычных мэтаў і дзеянняў, каб захаваць і выкарыстоўваць прыроду больш рацыянальна, чым у барацьбе з фактарамі, якія адмоўна ўплываюць на біяразнастайнасць. У выніку, стан прыроды агулам працягвае пагаршацца. Калі ўлічваць, што прырода і тое, што яна дае людзям, наўпрост ці ўскосна служаць асновай для дасягнення многіх мэтаў устойлівага развіцця, наяўны крызіс біяразнастайнасці запавольвае рух да гэтых мэтаў, у тым ліку да мэтаў, якія мусяць пераадолець беднасць, голад, хваробы, мусяць вырашыць праблемы, звязаныя з вадой, гарадамі, кліматам, акіянамі і сушай.

Каб падтрымаць улады і дабіцца большага прагрэсу ў дасягненні некаторых з мэтаў, BirdLife працуе ў партнёрстве з іншымі прыродаахоўнымі арганізацыямі, дзеля таго каб вызначыць месцы, найбольш важныя для біяразнастайнасці, – Ключавыя для біяразнастайнасці тэрыторыі (КБТ), якія ўжо ўзгадваліся вышэй. Гэта месцы, важныя для відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, ці геаграфічна абмежаваныя віды і экасістэмы, значныя для экалагічных ці эвалюцыйных працэсаў. Улады многіх краін ужываюць інфармацыю пра гэтыя месцы, каб змагацца з экспансіях на ахоўных тэрыторыях, але многія КБТ ці ўвогуле не маюць аховы, ці яна недастатковая. КБТ павінны служыць для паляпшэння аховы прыроды і выконваць больш шырокую задачу: пачаць узнаўленне прыроды да 2030 г. у межах новай сусветнай канцэпцыі біяразнастайнасці, якая павінна быць падпісана ў Кітаі ў наступным годзе.

2020 год будзе вырашальным для дзікай прыроды і клімату, будуць зацверджаны новыя планы дзеянняў па клімаце на нацыянальным маштабе і мэты ўстойлівага развіцця (SDGs). Канцэпцыя ААН па біяразнастайнасці пасля 2020 г. павінна стаць імпульсам для адыходу ад “звыклага ладу жыцця”, для скаардынаваных дзеянняў па тэмах клімату і ўстойлівага развіцця, для сцвярджэння, што здаровыя эканоміка і грамадства базуюцца на здаровых прыродных сістэмах. Час дзейнічаць яшчэ ёсць, але яго няшмат, таму патрэбныя тэрміновыя, моцныя і паслядоўныя палітычныя і сацыяльныя намаганні.

Вынік відавочны: мы не можам працягваць руйнаваць прыроду і пры гэтым пакінуць здаровую планету для будучых пакаленняў. Са стратай многіх каштоўных экасістэм і відаў наша цудоўная Зямля будзе дакладна менш прывабнай і прыдатнай для жыцця.

 

Роля Birdlife у развіцці і тлумачэнні навуковых падстаў справаздачы

Дадзеныя BirdLife падцвярджаюць многія аспекты справаздачы, ад нашых ацэнак рызыкі знікнення птушак свету і тэндэнцый развіцця сітуацыі (якую можна прасачыць па паказніках Чырвонага спіса) да вызначэння найбольш важных месцаў, прысвечаных прыродзе (тэрыторыі, важныя для птушак і біяразнастайнсці ды іншыя ключавыя для біяразнастайнасці тэрыторыі) і поспехі ў іх захаванні.

Адзін з галоўных аўтараў глабальнай ацэнкі, галоўны навуковы супрацоўнік  BirdLife International доктар Stuart Butchart, адзін з суаўтараў Раздзела 3, у якім даецца ацэнка прагрэсу ў дачыненні да мэтаў і аб’ектаў розных міжурадавых пагадненняў. Яны ахопліваюць Айцінскія мэты стратэгічнага плана па біяразнастайнасці на 2011-2020 гг., прынятыя ў межах Канвенцыі па біяразнастайнасці,  Мэты ўстойлівага развіцця і шэраг пагадненняў, у тым ліку, Канвенцыю аб мігруючых відах, Рамсарскую канвенцыю аб балотах і Канвенцыю сусветнай спадчыны.

Доктар Сцюарт Бутчарт, галоўны навуковы супрацоўнік BirdLife  і суаўтар Раздзела 3:

“Стан прыроды, ад генаў да відаў і экасістэм, пагаршаецца з хуткасцю, якая не мае аналагаў у гісторыі чалавецтва. Гэта пагражае нашаму выжыванню, бо наша грамадства грунтуецца на здаровых экасістэмах, ад рэгулявання клімату да апылення ўраджаю. Праз разбурэнне сістэмы жыццядзейнасці мы знішчаем нашы эканомікі, умовы жыцця, забеспячэнне харчаваннем, здароўе і якасць жыцця па ўсёй планеце. На шчасце, у нас яшчэ ёсць час для таго, каб павярнуць сітуацыю назад, але гэта патрабуе кардынальных зменаў, ад рэфармавання заганнай практыкі субсідый да комплекснага кіравання акіянамі. Перамовы часамі былі няпростыя, але слова за словам, сказ за сказам, улады краін урэшце прынялі тэкст, які паказвае, наколькі пагражае нашаму выжыванню наступ на прыроду і што толькі з дапамогай гэтых кардынальных змен мы можам усё пераадолець”.

 

Доктар Noëlle Kümpel, адказны за палітыку BirdLife, і доктар Stuart Butchart, галоўны навуковы супрацоўнік BirdLife

Пераклад Алены Раманоўскай

Крыніца: birdlife.org

 

Падтрымай захаванне дзікай прыроды Беларусі!

 

 

 

Инстаграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: