Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Дзе бачылі вугра ў Беларусі? Ведаеш месцы – занось на анлайн-карту!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 20 лістапада 2019 года
Мы запусцілі народную анлайн-карту распаўсюду вугра ў Беларусі. Дапамажы нам сабраць інфармацыю, дзе жыве і дзе сустракалася раней гэтая рэдкая рыба.
Калі табе вядома пра вугровыя месцы, занясі іх на карту па спасылцы ptushki.org/eelfish.
Усе назіранні фільтруюцца па перыядах: да 1955 года, з 1956 па 2008 год і з 2009 года па цяперашні час.
Еўрапейскі вугор – адзіны від з 19 відаў рачных вугроў, вядомых навуцы, які жыве ў дарослым стане ў прэсных вадаёмах Еўропы. У 2008 годзе Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў уключыў вугра ў Чырвоны спіс як від, што знаходзіцца “на крытычнай мяжы знікнення”.
З Беларусі ў Сарагасава мора: як дапамагчы вугру даплысці на нераст?
У Беларусі гэта адзіны від жывёл, які мае такі высокі пагражальны статус. Гэтыя рыбы прыплываюць у Еўропу яшчэ лічынкамі з Саргасавага мора, жывуць тут 5-20 гадоў, а потым плывуць на сваю радзіму нерасціцца першы і апошні раз у сваім жыцці.
Каб даплыць да Беларусі, вугор пераадольвае 9000 кіламетраў!
Вугроў дагэтуль ловяць і ўжываюць ў ежу. У Беларусі для гэтага патрэбны спецыяльны дазвол, але сустракаюцца выпадкі незаконнага лову. Тым не менш, нават законная здабыча вугра можа вельмі негатыўна ўплываць на стан папуляцыі віду.
Кожны чалавек, які хоча захаваць еўрапейскага вугра ў нашых водах, у першую чаргу можа расказаць як мага большай колькасці людзей пра рэальную пагрозу страціць гэты від назаўжды. У нашых сілах захаваць чысціню нашых вадаёмаў, не купляць вугра ні ў якім выглядзе, змагацца з браканьерствам і спыніць прамысловы вылаў ў Беларусі.
Народная анлайн-карта распаўсюду вугра ў Беларусі створаная ў межах праекта АПБ «Захаванне ласосяў і еўрапейскага вугра ў Беларусі», які фінансуецца Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA) праз Кааліцыю Чыстая Балтыка (Coalition Clean Baltic).
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: