Гасцінная лядоўня: як дапамагчы кажанам перазімаваць?

ад 22 лістапада 2019 года

Кажан у памяшканні ці на зямлі? Яму трэба дапамога. Мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых “Кажанаполіс” пачынае свой другі сезон.

Прыйшлі маразы, а значыць, пачаўся сезон гібернацыі (зімовага сну) ў рукакрылых. Яны зніжаюць тэмпературу цела да тэмпературы навакольнага асяроддзя і засынаюць. Пры маразах ніжэй за -20⁰С кажаны могуць загінуць, таму стараюцца знаходзіць месцы з больш высокай тэмпературай: скляпенні, шчыліны будынкаў, пад’езды, балконы.

Пры пацяпленні ці ад таго, што нехта яго патурбуе, кажан будзе вымушаны прачнуцца і палятаць, то патраціць шмат энергіі. Аднавіць іх яму не будзе чым: ён не знойдзе зімой дастаткова насякомых пажывіцца. А значыць, да вясны ўжо не дажыве.

Калі ты знайшоў_ла кажана, адразу тэлефануй у “Кажанаполіс”: +375 29 213 92 57 (МТС, Viber, WhatsApp).

Звярка забяруць, узважаць, пакормяць і адправяць зімаваць у… лядоўню “Кажанаполіса”. Гэта надзейнае месца для зімоўкі нашых кажаноў: тэмпература прыдатная і стабільная.

у хату заляцеў кажан

Ратаваць кажаноў важна, бо рукакрылыя размнажаюцца марудна (самкі могуць нарадзіць толькі 1-2 кажанятак у год). На аднаўленне папуляцый многіх відаў патрэбныя дзесяцігоддзі. З 19 відаў кажаноў Беларусі восем уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу, але ўсе знаходзяцца пад строгай аховай дзяржавы.

Летась у “Кажанаполісе” перазімавала тры дзясяткі кажаноў, а ў канцы сакавіка іх урачыста адпусцілі на волю.

Першы кажан у гэтым сезоне ўжо спіць у лядоўні.

Двухколерны кажан

Першы кажан у гэтым сезоне. Фота з архіву «Кажанаполіса»

“Гэта двухколерны кажан, яго знайшлі пад паліклінікай у Малінаўцы ў Мінску. — расказаў хіраптэролаг “Кажанаполіса” Аляксей Шпак. — Раней гэты від быў мігрантам. У 1970-я гады ўзімку фіксаваліся адловы беларускіх акальцаваных двухколерных кажаноў у Аўстрыі. А цяпер у сувязі з пацяпленнем клімату і урбанізацыяй гэты від пачаў заставацца на зімоўку ў нас. Нашыя гарады ён успрымае як горы з пячорамі, расколінамі. Цяпер 90-95 % усіх выпадкаў зваротаў да нас тычацца менавіта двухколернага кажана. Гэта самы масавы від, які сустракаецца на зімоўцы ў беларускіх гарадах.”

Калі ты хочаш дапамагаць захоўваць рукакрылых, звяртайся ў “Кажанаполіс”: там шукаюць валанцёраў.

Мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых “Кажанаполіс” створаны дзякуючы ініцыятыве Мінскага аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) і працуе ў партнёрстве з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства (РЦЭК) і Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Грошы на лядоўню былі сабраныя на краўдфадынгавай платформе “Мае сэнс”. “Кажанаполіс” працуе па адрасе Мінск, вуліца Макаёнка, 8, на базе РЦЭК.

 

Тэкст: Алеся Башарымава

 

Дапамажы нам у захаванні рэдкіх відаў!

 

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: