Птушыны атлас для дзетак прыляцеў на Палессе

ад 13 снежня 2019 года

5 снежня ў Тураве з удзелам АПБ адбылася презентацыя кнігі «Дзіцячы атлас Беларусі. Птушкі». У ім — цікавыя факты пра птушак розных рэгіёнаў Беларусі і свету, птушыныя загадкі і прыказкі.

Жыткавіцкае раённае аддзяленне АПБ і праект «Палессе — дзікая прырода без межаў» сустрэліся з жыхарамі Турава і аграгарадка Вярэсніцы, каб расказаць пра тое, як кожны можа дапамагчы захаваць непаўторны ландшафт заказніка «Сярэдняя Прыпяць».

Старшыня Жыткавіцкага раённага аддзялення АПБ Анастасія Блоцкая лічыць, што важна праводзіць сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, каб людзі не забывалі, у якім прыгожым месцы яны жывуць.

— Такімі сустрэчамі мы нагадваем людзям, што жыць на ўнікальнай тэрыторыі «Сярэдняй Прыпяці» ганарова. Але трэба мець на ўвазе, што прырода гэтых мясцін патрабуе адмысловага стаўлення, — заўважае Анастасія.

«Сярэдняя Прыпяць» — адна з самых вялікіх асабліва ахоўных прыродных тэрыторый не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. Заказнік месціцца на тэрыторыі чатырох раёнаў, і, адпаведна, кіруецца Пінскім, Лунінецкім, Столінскім і Жыткавіцкім райвыканкамамі. У 2013 годзе тэрыторыя заказніка павялічылася на 3 тысячы га і цяпер займае больш чым 93 тысячы га.

На сустрэчу ў Вярэсніцкай школе прыйшлі вучні, іх настаўнікі і бацькі. Аўтаркі атласа  пісьменніца і перакладчык Паліна Грынчанка і арнітолаг, старэйшы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Наталля Карліонава — расказалі, як узнікла ідэя стварэння кнігі, а потым уцягнулі дзяцей у займальны інтэрактыў. 

Школьнікі разгадвалі загадкі пра дзікую прыроду і дзяліліся тым, што ведаюць пра родны край. 

Майстры з Тураўскага цэнтру творчасці паказалі дзецям, як рабіць брошкі ды сувенірныя магніты з птушкамі. Неўзабаве з-пад хуткіх пальцаў школьнікаў на свет з’явіліся совы, удоды ды іншыя птушкі, якія сустракаюцца і на тэрыторыі заказніка. Такія адметныя хэндмэйд-сувеніры дакладна маглі б знайсці попыт у беларускіх і замежных турыстаў!

Тэкст: Аліна Ляпёшкіна

ВКонтакте АПБ

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: