Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Найважнейшыя сучасныя пагрозы для тэрыторый, важных для птушак
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 20 снежня 2019 года
Пагрозы, з якімі сутыкаюцца тэрыторыі, важныя для птушак (ТВП), вельмі складаныя і шматлікія. Але дзякуючы развіццю методык маніторынгу за апошнія 40 гадоў, цяпер мы больш дакладна ведаем аб асноўных праблемах ТВП, якія з ніх знаходзяцца ў групе максімальнай рызыкі.
Аўстралійскі пярэсты крывок у ТВП Куронг, Аўстралія © Tom Brinkworth / Shutterstock
Вызначэнне ТВП служыць галоўнай мэтай распачатай у канцы 1970-х гг. праграмы глабальнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый BirdLife International. На жаль, незалежна ад таго, ці знаходзяцца ТВП пад аховай, яны зазнаюць усё большы ціск ад непрадуманай агратэхнічнай дзейнасці. Каб ацаніць яе ўплыў і эфектыўнасць прыродаахоўных мер, у 2006 г. асацыяцыя распачала маштабную праграму маніторынгу. У яе межах партнёры BirdLife з іншых краін дасылаюць рэгулярную справаздачу аб сітуацыі з мясцовымі ТВП, у тым ліку інфармацыю аб пагрозах.
Дзякуючы маніторынгу ТВП было вызначана шмат месцаў з вельмі высокім узроўнем рызыкі страты мясцовых біярэсурсаў. На гэты момант 255 тэрыторый у 48 краінах знаходзяцца ў Спісе ТВП у небяспецы, складзеным BirdLife для прыцягвання ўвагі да месцаў, якія патрабуюць тэрміновых прыродаахоўных мер. У гэтым артыкуле мы разгледзім пагрозы для ТВП, інфармацыя аб якіх ахоплівае 4800 такіх тэрыторый і захоўваецца ў Сусветнай базе дадзеных аб ТВП.
Дамавыя мышы амаль вынішчылі папуляцыю трыстанскіх альбатросаў на выспе Гоф © Ben Dilley
Гэты фактар ахоплівае драпежніцтва ў гнездавых калоніях і змяненне месцаў гнездавання, што найперш тычыцца водна-балотных угоддзяў і ўплыву завезеных водных відаў. Інвазійныя віды найбольш небяспечныя для астраўных марскіх птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Сусветная ацэнка пагроз для марскіх птушак, выдадзеная ў 2012 г., вылучае больш за 70 важных астравоў па ўсім свеце, большасць з якіх мае статус ТВП, дзе для захавання гнездавых калоній марскіх птушак неабходна тэрмінова вырашыць праблему з інвазійнымі відамі млекакормячых.
Пестыцыды пагражаюць Нацынальнаму парку Даньяна ў Гішпаніі © Jacinto Marabel Romo / Shutterstock
Гэтая катэгорыя тычыцца наступстваў сельскагаспадарчай дзейнасці (вытворчасці прадуктаў харчавання, кармоў, тканіны і паліва), за выключэннем лесанарыхтовак. Сельская гаспадарка ўваходзіць у лік асноўных пагроз, якія ўплываюць на ТВП Балоты Гвадалаквівіра (Даньяна), адно з найбуйнейшых водна-балотных угоддзяў у Еўропе, найважнейшае месца ў Гішпаніі для размнажэння, міграцыі і зімавання вадаплаўных птушак і вераб’іных. Тут зафіксавана больш за 360 відаў, колькасць вадаплаўных птушак, якія зімуюць, складае 400 000, а ў перыяд міграцыі – дасягае 6 мільёнаў. Гэтае месца залічана да “ТВП у небяспецы”, і адну з найбольш сур’ёзных пагроз стварае пашырэнне сельскагаспадарчай дзейнасці, асабліва бескантрольнае ўжыванне пестыцыдаў і занадта інтэнсіўнае выкарыстоўванне грунтавых вод для ірыгацыі.
Збіранне яек на возеры Ol’Bolossat у Кеніі ўплывае на папуляцыю венцаноснага жураўля © Fabian Haas
Гэты фактар уключае забойства і адлоў дзікіх жывёл у камерцыйных, забаўляльных, харчавальных, даследчыцкіх ці культурных мэтах, дзеля кантролю/пераследу, сюды ж адносяцца выпадковыя гібель і адлоў. ТВП Возера Ол-Баласат у Кеніі – адзін з прыкладаў палявання на шэрых венцаносных жураўлёў Balearica regulorum (пад пагрозай знікнення). Збіранне яек жураўлёў прадэманстравала адмоўны ўплыў на іх рэпрадуктыўнасць.
Гэта тычыцца змянення натуральнага стану водных рэсурсаў. Прыкладам з’яўляецца ТВП Куронг – прыбярэжная лагуна ў Паўднёвай Аўстраліі. Раней гэтае месца затоплівалася вадой са шматлікіх водных крыніц з сушы. Цяпер вада з гэтых крыніц выкарыстоўваецца для ўсё больш інтэнсіўнай ірыгацыі. У выніку свежая вада ў лагуну больш не трапляе, што ўплывае на размнажэнне вадаплаўных птушак, такіх як аўстралійская крычка Sternula nereis (ўразлівы від) і віды-мігранты.
Топ-20 пагроз для ТВП (агульная колькасць — 43)
Пагрозы, якія ўваходзяць у гэты спіс, вызначаюцца зменлівасцю і адлюстроўваюць сітуацыю за апошнія 15 гадоў. Парадак элементаў у спісе будзе і далей змяняцца ў залежнасці ад сусветных тэндэнцый. Адзін з прыкладаў – ініцыятыва Кітая “Адзін пояс – адзін шлях” коштам у мільярды долараў: Кітай плануе распачаць будаўніцтва дарог на тэрыторыі больш за 60 краін для таго каб звязаць Азію, Афрыку і Еўропу па сухапутных калідорах і праз марскія шляхі. Папярэдняя ацэнка, зробленая WWF наконт уздзеяння шасці сухапутных калідораў, высветліла перакрыжаванне з арэаламі 265 відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і амаль 2000 ТВП.
Гэтак жа важна не забывацца на іншыя пагрозы, якія могуць не выявіць сябе ў глабальным маштабе, але мець важнае значэнне на мясцовым узроўні і ў будучыні пераўтварыцца ў сур’ёзныя праблемы (напрыклад, кепска распланаваныя ўстаноўкі ўзнаўляльнай энергетыкі, горная справа, здабыванне нафты і газу). Але дзякуючы партнёрам BirdLife, у нас будуць дадзеныя, якія дапамогуць знайсці праблему і ў час папярэдзіць аб ёй.
Тэкст: Olivia Crowe, birdlife.org
Пераклад Алены Раманоўскай
Падзяліся артыкулам у сацсетках: