Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Каму свята, каму стрэс: як феерверкі шкодзяць птушкам
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 24 снежня 2019 года
Блізяцца святы, і многія суайчыннікі пачынаюць запасацца петардамі і феерверкамі. Мы раім устрымацца ад іх выкарыстання: шкода дзікім жывёлам ад іх можа быць значная.
Феерверк. Фота — Якаб Рубнер, Unsplash
Мала таго, што выбухі – стрэс для дзікіх жывёл, але істотна яшчэ і тое, што петарды і ракеты запускаюць звычайна позна ўвечары і ўначы, калі цёмна. Большасць птушак у гэты час спіць. Калі пачынаюцца выбухі, чароды ўздымаюцца, але кепска арыентуюцца і могуць проста разбіцца аб будынкі. Такія выпадкі былі, напрыклад, у ЗША. Нямецкія вучоныя з дапамогай аўтаматычных камер на працягу 10 гадоў вывучалі паводзіны сініц у штучных гняздоўях падчас навагодніх салютаў і апублікавалі свае вынікі ў 2019 годзе. Птушкі былі ў стрэсе і варушыліся на працягу гадзіны нават пасля адзінкавых салютаў, а калі побач людзі весяліліся ўсю ноч, то ніводная птушка не магла заснуць. Гэтыя ўстрывожаныя паводзіны адбіваюцца на тэрмарэгуляцыі птушак, і выжывальнасць іх памяншаецца.
Напрыклад, у эстонскім горадзе Пярну ўлады вырашылі адмовіцца ад феерверкаў у навагоднюю ноч, каб не траўмаваць жывёл, а замест гэтага для святочнага настрою горад упрыгожаць светлавымі дэкарацыямі, а светлафоры “ператвораць” у ялінкі.
Выкарыстанне піратэхнікі ў гарадах трэба абмежаваць, а жывёлы на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях (ААПТ) у любы час года не павінны падпадаць пад уздзеянне шуму ад піратэхнічных вырабаў.
У ліпені 2019 года АПБ прапанавала Упраўленню нагляду за бяспекай горных і выбуховых работ, металургічных вытворчасцяў, утылізацыі боепрыпасаў унесці забарону на выкарыстанне піратэхнічных вырабаў на ўсіх ААПТ Беларусі, а таксама побач з калоніямі птушак (з сакавіка па травень) ды побач з калектыўным начлегам птушак (з чэрвеня па сакавік), каб пазбегнуць калечання ці гібелі птушак.
Некалькі гадоў таму дырэктар Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” забараніў сваім загадам выкарыстанне піратэхнічных вырабаў на тэрыторыі нацпарку, а палажэнні некаторых заказнікаў, напрыклад, “Лебядзінага”, таксама прадугледжваюць такую забарону, але, на жаль, толькі на яго тэрыторыі, а не побач.
Калі ласка, не ўзрывай петард і салютаў, дбай пра дзікіх і свойскіх жывёл, што жывуць побач!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: