Першыя 2000 гледачоў і 10 відаў птушак за першы месяц трансляцыі з птушынай сталоўкі ў Белавежскай пушчы

ад 3 студзеня 2020 года

Ніхто з нас, арганізатараў чарговай, ужо трэцяй анлайн трансляцыі з птушынай сталоўкі на ўскрайку Белавежскай пушчы не планаваў, што роўна праз месяц пасля яе пачатку мы ўбачым такія круглыя лічбы-дасягненні: першыя 2000 наведвальнікаў-гледачоў з 30 краін з усіх кантынентаў, акрамя Паўднёвай Амерыкі, і першыя 10 відаў птушак.

дзяцел на кармушцы

Дзяліся птушынымі назіраннямі ў тэлеграм-чаце «Ціў-ціў»!

Параўнальна цёплая і бясснежная зіма і новае месца размяшчэння сталоўкі на беразе ракі Лясной на самым пачатку не спрыяла яе масаваму і частаму выкарыстанню птушкамі. Але дзякуючы цікавым ідэям Вадзіма Пракапчука, гаспадара экасядзібы ў в. Вугляны, а таксама рэалізацыі Аляксандрам Мінічам складаных тэхнічных рашэнняў, якіх патрабавала гэтая трансляцыя, паступова расла і колькасць відаў на сталоўцы, і колькасць птушак. Вадзім і Аляксандр — актывісты АПБ з Брэста.

анлайн-сталоўка для птушак

Паступова расце і колькасць гледачоў, якім цікавае зімовае жыццё нашых птушак.

анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы

Размяшчэнне нашых гледачоў па розных краінах cвету на 01.01.2020. Звярніце ўвагу на цікавасць да нашых птушак з ЗША і Паўднёвай Афрыкі.

Дзякуючы гэтаму можна ўбачыць вельмі цікавыя паводзіны і ўзаемадачыненні паміж рознымі відамі і паміж прадстаўнікамі таго ж віду. Сутычкі за ежу і не толькі можна назіраць анлайн, каментаваць іх з размяшчэннем сваіх скрыншотаў, а таксама пазней праглядаць як своеасаблівыя ‘вынікі дня’ ў каментарах пад акном трансляцыі.

Удзельнічай у акцыі «Птушкі ля кармушкі — 2020»!

Бойка зелянушкі з сініцамі:

 

Вялікі дзяцел і шмат вялікіх сініц, якія яго не баяцца:

 

Вялікая сініца-рамантык:

Калі ж пачнецца сапраўдная зіма, са снегам і марозамі, арганізатары трансляцыі маюць цікавыя ідэі для таго, каб гледачы маглі ўбачыць зімовае жыццё і іншых відаў птушак, а магчыма і не толькі іх.

Падтрымаць праект фінансава можна ТУТ. Наперадзе яшчэ два месяцы каляндарнай зімы – а значыць і два месяцы трансляцыі з птушынай сталоўкі на ўскрайку Белавежскай пушчы.

Шчыра дзякуем за падтрымку Андрэю Абрамчуку, Юрку Бакуру і ўсім іншых данатарам.

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі, birdwatch.org

Птушкі штодня



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: