Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У Беларусі выпусцілі арліную манету
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 3 студзеня 2020 года
Нацбанк, які з 2007 года падтрымлівае кампанію АПБ “Птушка года”, выпусціў срэбную і медна-нікелевую манеты з вялікім арляцом, пад знакам якога праходзіў 2019 год.
Падарунак нумізматам і птушкарам убачыў свет 27 снежня 2019 года, калі манеты афіцыйна выйшлі ў абарачэнне. Іх адчаканілі на Рэспубліканскім дзяржаўным прадпрыемстве «Казахстанскі манетны двор НБ РК» у Усць-Каменнагорску.
Гэта рэдкая птушка, якая знаходзіцца пад пагрозай знікнення ва ўсім свеце, і якой у Беларусі яшчэ захавалася 120-150 пар – болей, чым ва ўсім Еўрапейскім саюзе!
Арлінымі манетамі можна расплачвацца – гэта законны плацежны сродак Рэспублікі Беларусь. Але, напэўна, цікавей мець такую адметную манету ў сваёй калекцыі. Дарэчы, такі сувенір – цудоўная ідэя для падарунка!
Аверс усіх манет серыі “Птушка года” аднолькавы: на ім адлюстравана маленькая птушка на далонях і намінал. На рэверсе кожнай манеты – выява птушкі года.
Дызайн першай і ўсіх наступных манет выканала Аксана Навасёлава.
Срэбная манета з арляцом мае намінал 10 рублёў, масу 16,81 г, дыяметр 32 мм, пробу 925, якасць “пруф” і выпушчаная тыражом 1300 штук.
Медна-нікелевая манета мае намінал 1 рубель, масу 13,16 г, дыяметр 32 мм, якасць “пруф-лайк” і выпушчаная тыражом 2500 штук.
За інфармацыяй пра цэны і пачатак продажу манет з вялікім арляцом сачыце на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў раздзеле “Банкноты і манеты”.
Сачы за міграцыяй вялікіх арляцоў анлайн!
Тэкст: Алеся Башарымава
Выява з сайта nbrb.by
Падзяліся артыкулам у сацсетках: