У пошуках рэдкіх жукоў: дзе жывуць рагач і вусач?

ад 13 студзеня 2020 года

У межах Мемарыяльнай праграмы падтрымкі маладых даследчыкаў імя Сяргея Абрамчука (1984–2010) Лясная рабочая група АПБ вывучала ў 2019 годзе распаўсюд у Беларусі рэдкіх жукоў – рагача (Lucanus cervus) і вялікага дубовага вусача (Cerambyx cerdo).

Мы заклікалі людзей паведамляць нам пра вядомыя месцы пражывання гэтых насякомых. З чэрвеня па снежань паступіла амаль 40 паведамленняў з розных куткоў Гомельскай, Брэсцкай і нават Мінскай абласцей. Пераважна гэтыя жукі жывуць на  Палессі.

Лясная рабочая група АПБ абследавала раней вядомыя і патэнцыйныя месцы пражывання вусача і рагача ў Веткаўскім, Светлагорскім, Рэчыцкім, Мазырскім, Лельчыцкім, Жыткавіцкім і Столінскім раёнах. У выніку знайшлі або пацвердзілі 6 месцаў пражывання жукоў, для чатырох з якіх падрыхтавалі ахоўныя дакументы.

“Прыемна, што даволі шмат людзей адгукнулася на наш заклік пра рагачоў, — кажа даследчыца, сябра Лясной рабочай групы АПБ Ірына Райская. — Мне дагэтуль, узімку, паступаюць паведамленні. На жаль, толькі малая частка з іх пацверджана фотаздымкамі. Але ж усе месцы будуць правераны ўлетку. Вялікі дзякуй усім, хто дасылаў і працягвае дасылаць сваі назіранні!”

Жук-олень

Рагач. Фота Аляксандры Серады

Рагачы даволі часта сустракаюцца ў населеных пунктах паўднёвай часткі краіны, асабліва ў Гомельскай вобласці. Але ж пачаткова гэта лясны від, распаўсюджаны ў старых дубровах, якіх у Беларусі засталося толькі 0,61 % ад усіх пакрытых лесам земляў. А сапраўды прыдатных для жука дуброваў яшчэ меней.

Большой дубовый усач

Вялікі дубовы вусач. Фота Ірыны Райскай

Вялікі дубовы вусач застаўся ў значна меншай колькасці – усе жывёлы знойдзеныя ў трох лясных масівах Гомельскай і Брэсцкай абласцей на ахоўных тэрыторыях альбо паблізу. Гэтым жукам патрэбныя старыя вялікія дубы, толькі крыху слабыя, каб вялікі дубовы вусач мог іх засяліць. У часы СССР ён лічыўся шкоднікам для лясной гаспадаркі. Але ж дубы, у якіх жыве гэты жук, стаяць дзесяцігоддзямі. Лічынкі вялікага дубовага вусача развіваюцца ў дрэве 3-5 гадоў.

“Падчас працы здзівіла, наколькі неверагодна складана знайсці апублікаваную кімсьці інфармацыю пра жывёл у свабодным доступе, — кажа Ірына Райская. — Таму амаль усё было знойдзена праз падказкі сяброў. Можа, дзесьці ў НАН ёсць важны матэрыял, які можа адшукаць толькі іх супрацоўнік. На жаль, гэта вялікая праблема, якая ў тым ліку тармозіць усялякія даследаванні.”

У гэтым годзе праца будзе працягнутая: трэба праверыць яшчэ пяць пацверджаных фотаздымкамі кропак, дзе людзі сустракалі рагача.

Інфармацыю пра сустрэчы з жукамі рагачом або вусачом паведамляй па электроннай пошце iryna.raiskaya@gmail.com або па тэлефоне +375 29 761 20 35 (Ірына Райская).

Тэкст: Алеся Башарымава

АПБ в Одноклассниках



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: