“Не еш нас, калі ласка!” – вугор стаў героем беларускага мульціка

ад 14 студзеня 2020 года

Рыба, якая знаходзіцца на крытычнай мяжы знікнення, атрымала слова ў сваю абарону ў мультыплікацыйным відэафільме, які стварыла Майстэрня сацыяльнага кіно на замову АПБ.

Мультфильм про угря

У паўтарахвілінным роліку еўрапейскі вугор расказвае пра сваё дзівоснае і складанае жыццё. Народжаныя ў Саргасавым моры, вугры плывуць праз увесь Атлантычны акіян і Балтыйскае мора ў беларускія азёры, каб тут пасяліцца. Жыць яны могуць толькі ў чыстых вадаёмах, таму ім важна, каб вада не забруджвалася.

Праз шмат гадоў першы і апошні раз у жыцці вугры вяртаюцца назад, каб аднераставаць. Але плаціны на рэках змяншаюць іх шанцы даплыць да Саргасавага мора.

Вугор звяртаецца да гледачоў з просьбай дапамагчы яму выжыць: не лавіць і не есці вугроў, прыбіраць смецце з берагоў вадаёмаў, нагадваць дарослым, каб не мылі машыны каля вады, паведамляць у АПБ пра факты забруджвання азёраў і рэк або ўзворвання зямлі каля вады.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
Еўрапейскі рачны вугор з усіх нашых відаў жывёл і раслін мае найвышэйшы пагражальны статус – від знаходзіцца ў свеце пад крытычнай пагрозай знікнення. Цікава, што пры гэтым у Беларусі яго можна цалкам легальна лавіць у азёрах па ліцэнзіі, купляць вэнджанага на дарогах і ў магазінах. Баюся, што калі нічога не рабіць для змены гэтай сітуацыі, то нашыя дзеткі і ўнукі могуць яго ніколі не ўбачыць жывым. Але калі дзеці маюць добрыя аргументы, яны могуць пераканаць і дарослых. Слухайце дзяцей, вельмі часта яны маюць рацыю.

 

Мультыплікацыйны відэафільм створаны ў межах праекта АПБ «Захаванне ласосяў і еўрапейскага вугра ў Беларусі», які фінансуецца Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA) праз Кааліцыю Чыстая Балтыка (Coalition Clean Baltic).

У лістападзе ў межах гэтага праекта АПБ запусціла Народную анлайн-карту распаўсюду вугра, куды просіць заносіць сведчанні пра вугровыя месцы – як актуальныя, так і тыя, дзе вугры жылі шмат гадоў таму. Прыродаахоўнікі заклікаюць моладзь распытваць старэйшых сваякоў і знаёмых пра сустрэчы з гэтай рыбай і заносіць адпаведныя кропкі на карту.

Тэкст: Алеся Башарымава

 

Дапамажы нам у захаванні рэдкіх відаў!

 

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: