Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
“Для добрых спраў час знойдзецца заўсёды!”: вынікі акцыі «Птушкі ля кармушкі»
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 21 студзеня 2020 года
Хто прыляцеў на кармушкі краіны ў мінулыя выходныя? Дзелімся вынікамі акцыі “Птушкі ля кармушкі – 2020”.
Нягледзячы на бясснежную і надзвычай цёплую зіму, 861 чалавек налічылі на сваіх кармушках 6500 птушак 26 відаў.
Рэйтынг самых папулярных гасцей птушыных сталовак такі ж, як і летась:
Таксама завітвалі гілі і амялушкі, сойкі і таўстадзюбы, вялікі, сярэдні і малы дзятлы, чубатыя сініцы і папаўзні.
Поўны спіс відаў можна спампаваць тут.
Вось што казалі нашыя ўдзельнікі:
“Сябры клуба АПБ “Крылаты дазор” СШ № 9 г. Слуцка загадзя, яшчэ з восені, развесілі кармушкі, праводзілі майстар-класы па падрыхтоўцы ласункаў для птушак, — кажа кіраўніца клуба Жанна Валетка. — 10 птушыных сталовак “дазораўцы” размясцілі на прышкольнай тэрыторыі, восем у мікрараёне па вуліцы Гагарына. Цяпер кожны дзень можна глядзець “птушыны серыял”. Колькі захаплення і цікавасці можна атрымаць, калі шумныя вераб’і проста «атакуюць» кармушкі, а сінічкі важна сядзяць на кавалачках сала! Юныя арнітолагі штодня папаўняюць кармушкі любімымі ласункамі птушак. Для добрых спраў час знойдзецца заўсёды!”
Святлана Альшэўская, кіраўніца клуба АПБ “Крылаты дазор” Турнянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна, кажа: “Цяперашняя зіма радуе цяплом не толькі людзей, але і птушак. Корму дастаткова, і ён даступны ўсім. Але дзеці з «Крылатага дазору» разумеюць, што ежа лішняй не бывае. На тэрыторыі школы было развешана пяць кармушак, у якія рэгулярна падсыпаем корм: зярняткі і шматкі аўса, насенне сланечніка.А ў суботу прыйшоў час падлікаў. Вялікую чараду амялушак заўважылі на высокай таполі, а на кармушкі прыляцелі шэсць вялікіх сініц і восем палявых вераб’ёў. Аднаго ўдалося засняць, дужа грозны верабейчык! Мы назвалі фота «Зноў усё смачнае сінічкі з’елі!». У больш марозны час птушак прылятае значна больш, і гэта зразумела. Да новых сустрэч!”
Зноў усё смачнае сінічкі з’елі!
Розыгрыш значыкаў! З дапамогай сайта randomus.ru сярод удзельнікаў акцыі мы разыгралі птушыныя значакі, прыляцяць па пошце яны наступным людзям:
Альшэўская Святлана (аг. Турна Вялікая)
Шуцееў Уладзімір (Брэст)
Гвоздзева Сняжана (Талачын)
Малышчык Таццяна (Ровіны)
Аляксюк Алена (Брэст)
Мельнік Вера (Слонім)
Пратасевич Соф’я (Слуцк)
Суцягін Яўген (Слуцк)
Стасевіч Данііл (Слуцк)
Дрэвацень Анжэла (Мінск)
Віншуем!
Зіма працягваецца, і мы заклікаем не спыняцца з падкормкай птушак. Калі ў цябе не было часу павесіць кармушку, але з’явілася натхненне — раім звярнуцца да адмысловай падказкі. Нагадваем, што сёлета ў сталоўцы на ўскрайку Белавежскай пушчы ўсталявана камера, сачыць за птушынымі прыгодамі цяпер можна анлайн!
Дзякуй усім удзельнікам акцыі за падтрымку птушак і ўдзел у падліках! Дзяліся сваімі гісторыямі і фота з хэштэгам #птушкілякармушкі ў сацыяльных сетках на працягу зімы. Цікавых назіранняў!
Тэкст: Алеся Башарымава
Фота з архіву КД Турнянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна
Падзяліся артыкулам у сацсетках: