Палятуха ўпершыню трапіла на відэа ў Беларусі!

ад 23 студзеня 2020 года

У сярэдзіне снежня 2019 года АПБ зладзіла экспедыцыю ў Гарадоцкі лясгас, каб расказаць мясцовым леснікам пра асаблівасці жыцця рэдкага грызуна – палятухі – і разам з імі паставіць фотапасткі ў найбольш імаверных месцах пражывання гэтага звярка. І ён сапраўды трапіў у кадр!

Палятуха трапіла на камеру-фотапастку

Палятуха трапіла на камеру-фотапастку

 

Беларускія вучоныя і прыродаахоўнікі не бачылі палятуху пасля 1996 года, пакуль яе зноўку не знайшлі ў 2017 годзе актывісты АПБ Дзяніс Кіцель і Андрэй Абрамчук. Ужыўшы новую методыку, яны знайшлі некалькі участкаў палятухі і ім цудам удалося сфатаграфаваць гэтага начнога звярка.

АПБ паставіла задачу знайсці максімальную колькасць участкаў палятухі і перадаць месцы іх пражывання пад ахову лясгасам. Экспедыцыі вясной 2019 года і наступныя былі праведзеныя ў Віцебскім, Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах у межах экалагічнай ініцыятывы “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

Палятухі – начныя асцярожныя звяркі, таму знайсці іх, а тым больш сфатаграфаваць, вельмі складана. З дапамогай фотапастак спецыялісты маюць больш магчымасцяў адшукаць новыя месцы іх пражывання.

Фотапасткі ўсталёўваюцца каля дуплаў у патэнцыйных месцах пражывання палятухі. Камеры рэагуюць на рух і дазваляюць рабіць фота і кароткія відэа як удзень, так і ўночы. Менавіта дзякуючы ім АПБ атрымала першыя відэа палятухі ў Беларусі.

На відэа бачна, як палятухі перасоўваюцца па ствале дрэва і правяраюць дуплы. Можна паназіраць, як палятуха нясе корм – каташкі асіны, як гэты цікавы звярок злятае, адштурхнуўшыся ад ствала, а на адным роліку нават апынуліся дзве палятухі разам.

На фотапастку трапіла яшчэ 15 відаў – суседзяў палятух. Сярод іх — лясная куніца, ласка, вераб’іны сычык, сівая жаўна, вялікая сініца, жаўтагорлая мыш, вялікі і беласпінны дзятлы, звычайная вавёрка.

АПБ выказвае падзяку валанцёрам Анастасіі Кузьмянковай і Дзмітрыю Шамовічу, якія далучыліся да экспедыцыі і разам з экспертам Дзянісам Кіцелем усталёўвалі фотапасткі.

Новыя сведчанні сустрэчы з палятухай АПБ атрымала і ад леснікоў падчас праектных  інфармацыйных сустрэч. Супрацоўніку Суражскага лясгаса Аляксандру Рубанькову нават удалося сфатаграфаваць гэтую асцярожную жывёлінку ў раней не абследаваным спецыялістамі месцы, вельмі глухім і цяжкадаступным.

Палятуха - фота Аляксандра Рубанькова

Палятуха — фота Аляксандра Рубанькова

Андрэй Абрамчук, эксперт АПБ: “Пераважна мы працавалі пакуль у двух лясгасах – Гарадоцкім і Суражскім. За час ініцыятывы мы ўжо знайшлі больш за 80 месцаў пражывання палятухі, для большасці з якіх падрыхтавалі ахоўныя дакументы. Вельмі радуе, што лясгасы ахвотна ідуць насустрач нашым прапановам па ахове палятух. Толькі для Суражскага лясгаса мы падрыхтавалі пашпарты на ахову тэрыторыі пражывання палятухі плошчай больш чым 2000 га. Вельмі прыемныя ўражанні ад працы з гэтым лясгасам, перш за ўсё з кіраўніком ляснога аддзела Марынай Анатолеўнай Крыўко. Гэта чалавек арганізаваны: адразу ўзяла пад кантроль месцы пражывання палятухі, праверыла, ці не запланаваныя там высечкі.

Менавіта высечкі старых асінавых і яловых лясоў – галоўная пагроза для палятух. Увесну АПБ плануе новыя экспедыцыі ў патэнцыйныя месцы пражывання палятух. Трэба прыняць тэрміновыя меры для захавання невялічкай папуляцыі гэтага “чырвонакніжнага” звярка ў нашай краіне.

Калі вы ведаеце пра месцы, дзе жыве палятуха, паведамляйце спецыялістам АПБ праз электронную пошту levy@ptushki.org. Вельмі важна знайсці іх і як мага хутчэй перадаць пад ахову, каб яны не трапілі пад высечку.

Даведка. Ініцыятыва “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” ажыццяўляецца АПБ у партнёрстве з Гарадоцкім лясгасам, Эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем “Неруш” і Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах.

Тэкст: Алеся Башарымава

 

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду!

 

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: