Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
«Перапіс» вадаплаўных на зімоўцы — дапамажы нам падлічыць качак і лебедзяў!
Абвестка,Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 24 студзеня 2020 года
У студзені і лютым пройдуць штогадовыя зімовыя ўлікі вадаплаўных птушак. Дапамажы нам з улікамі!
Улікі праводзяцца, каб ацаніць колькі і якіх відаў гэтых птушак зімуюць у Беларусі. Гэта дазволіць лепш планаваць дзеянні па іх захаванні і на ўзроўні краіны, і на міжнародным узроўні. Зімовыя ўлікі вадаплаўных праводзяцца ў многіх краінах свету і даюць інфармацыю амаль пра 900 відаў птушак.
Улікі птушак – гэта яшчэ і нагода пагуляць на свежым паветры і зрабіць цікавыя назіранні. Праз пацяпленне клімату ўсё больш птушак сустракаюцца на зімоўцы. Летась на зімоўцы налічылі 27387 асобін 32 водных і каляводных відаў птушак. Вынікі ўлікаў можна паглядзець тут.
Да ўлікаў вадаплаўных можна далучыцца на працягу з 24 студзеня па 2 лютага. Нам важна, каб у гэтыя дні на ўлікі выйшла як мага больш людзей. Гэта значна павысіць дакладнасць выніку. А 26 студзеня да ўлікаў могуць далучыцца і ўдзельнікі Чэмпіяната па фотабёрдынгу.
Мы падрыхтавалі для цябе памятку па ўліку птушак: як выбраць месца і час для “перапісу”, як правільна запоўніць анкету – адказы на гэта знойдзеш у ёй. Спампуй і карыстайся!
Улікі вадаплаўных ідуць па ўсёй Беларусі. Наведай найбліжэйшы вадаём, палічы, колькі там якіх відаў вадаплаўных і каляводных птушак, ды занясі ўсе дадзеныя ў анкету.
Важна: не падкормлівай вадаплаўных падчас улікаў. Гэта не спрыяе дакладнасці падліку і можа нашкодзіць птушкам. Помні, што хлеб і батон для іх небяспечныя: стрававальная сістэма птушак для такой ежы не прызначаная. Такі корм дае адчуванне сытасці, але не дае дастатковай энергіі і вітамінаў.
Лебедзі на зімоўцы: калі і як дапамагаць?
Карыстайся вызначальнікам птушак guide.florafauna.by або яго мабільнай версіяй. Калі ўсё ж пазнаць від не атрымліваецца, запішы агульную колькасць птушак, сфатаграфуй ці прынамсі апішы невядомыя табе віды і пазнач іх колькасць таксама. Фота можаш даслаць нам на info@ptushki.org або запампаваць на florafauna.by — спецыялісты дапамогуць вызначыць, птушку.
Памятай, што для кожнага ўліку запаўняецца асобная анкета! Напрыклад, калі ты ў адзін дзень будзеш улічваць птушак на рацэ і на возеры, а праз некаторы час правядзеш паўторны ўлік на тым жа возеры, то табе трэба будзе падаць тры анкеты.
Даслаць нам анкету можна ў электронным або папяровым выглядзе.
У гэтым годзе большасць вадаёмаў не замерзла. Гэта ўскладняе падлікі, таму што вадаплаўныя птушкі не збіраюцца ў месцах, дзе ёсць хуткая плынь або сцёкі цёплай вады, а могуць быць размеркаваныя па ўсіх вадаёмах. Такое становішча дае магчымаць птушкам знайсці болей корму, але дакладна падлічыць іх складана. Таму сёлета знайсці качак, лебедзяў і іншых вадаплаўных птушак магчыма амаль паўсюль.
Калі птушак на вадаёме няма ці ён увесь пакрыўся лёдам, таксама пазначай гэта ў анкеце.
Звяртай увагу на акальцаваных птушак і пазначай іх від, нумар кольца, дату і дакладнае месца назірання. Выдатна, калі зможаш зрабіць фота, каб расчытваўся надпіс на кольцы.
Анкеты ўліку дасылай у Сакратарыят АПБ не пазней за 9 лютага 2020 года:
Усе ўдзельнікі “птушынага перапісу” атрымаюць поўную інфармацыю пра яго вынікі.
Улікі водна-балотных птушак ладзяць АПБ і Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Далучайся да ўліку птушак і заахвочвай сяброў!
Тэкст: Сямён Левы
Падзяліся артыкулам у сацсетках: