Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
5000 гледачоў і першыя 15 відаў птушак анлайн-сталоўцы ў Белавежскай пушчы
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 29 студзеня 2020 года
Нягледзячы на незвычайна цёплую і бясснежную зіму, анлайн-сталоўка для птушак на ўскрайку Белавежскай пушчы, з якой мы ладзім трансляцыю, папулярная не толькі ў мясцовых птушак, але і ў гледачоў. За першую палову зімы за жыццём нашых апераных суседзяў глядзелі ўжо больш за 5000 наведвальнікаў з 37 краін свету.
Вельмі прыемна, што большасць нашых гледачоў – з Беларусі – іх ужо больш за 4000. Менавіта яны дапамагаюць нам пакрываць расходы на гэты праект: аплату мабільнага трафіка, сервера, некаторых прыладаў ды інш., і, найперш, разнастайнай ежы для птушак. Але пакуль мы сабралі 160 рублёў з 800 запланаваных на расходы, таму кожная сума ад вас вітаецца і будзе прынята з удзячнасцю праз краўдфандынгавую платформу МолаМола.
Менавіта разнастайная ежа і яе пастаяннае папаўненне дазваляюць рэгулярна назіраць на сталоўцы не толькі звычайных і ў горадзе вялікіх сініц і зелянушак, але і тыя віды, якія там убачыць цяжка. Напрыклад, вялікага дзятла і сойку. Пасля таго, як яны “адкрылі” нашу сталоўку на сваёй тэрыторыі, іх можна ўбачыць тут штодня:
Вялікі дзяцел, як аказалася, любіць не толькі сала, але і садавіну.
Сойка на сталоўцы і зімародак на прысадзе, злева ад яе.
Зразумела, што дапамагаючы ежай дробным вераб’іным птушкам, мы таксама можам дапамагчы з ахвярамі і іх драпежнікам. І хаця шуляка-карагольчыка мы яшчэ побач са сталоўкай не адзначылі, вельмі нечакана адну з вялікіх сініц спрабаваў злавіць… вялікі грычун! Вось як гэта было:
Дзякуючы выдатна прадуманай і размешчанай прысадзе для зімародка, час ад часу гэтая надзвычай яркая птушка з’яўляецца ў ‘полі зроку’ нашай камеры і нават паспяхова ловіць тут маленькіх рыбак:
А да канца каляндарнай зімы мы можам убачыць на сталоўцы і побач з ёй яшчэ шмат цікавага.
Зверху на скрыншоце — момант няўдалага палявання вялікага грычуна на вялікую сініцу.
Тэкст: Дзмітры Вінчэўскі, birdwatch.by
Падзяліся артыкулам у сацсетках: