Гонар краіны: Абаронцаў дзікай прыроды Беларусі абвесцяць 8 лютага ў Мінску
Абвестка,Апошнія навіны,Навіна арганізацыі
ад 29 студзеня 2020 года
Званне Абаронцаў дзікай прыроды (Nature’s Heroes) надае глабальная прыродаахоўная асацыяцыя BirdLife International (BLI). Імёны беларускіх герояў-прыродаахоўнікаў стануць вядомыя 8 лютага падчас З’езду АПБ – нацыянальнага партнёра BLI у Беларусі.

Кожны са 121 партнёра BLI можа намінаваць на званне максімальна тры кандыдатуры (індывідуальныя або калектыўныя). У кастрычніку 2019 года АПБ запрашала ўсіх прапанаваць свайго намінанта. Паступіла шэсць прапановаў, з якіх Цэнтральны савет АПБ адабраў тры ў якасці кандыдатур. Кандыдатуры з абгрунтаваннем былі дасланыя ў Кембрыдж, адкуль нядаўна прыйшла радасная навіна, што BirdLife International ушанавала ўсіх нашых кандыдатаў.
Пры адборы ўлічвалася адпаведнасць пэўным крытэрам. Званне Абаронцаў дзікай прыроды надаюць за дасягненні ў ахове і маніторынгу дзікай прыроды, кіраванні ахоўнымі тэрыторыямі, народнай навуцы, далучэнні людзей да аховы прыроды і ў прапагандзе дзікай прыроды, а таксама за іншыя значныя ўнёскі. Супрацоўнікі АПБ не маюць права вылучацца на гэтае званне.
Дыпломы з Кембрыджа тром беларускім героям уручаць 8 лютага ў Мінску падчас З’езду АПБ.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
Мы вельмі радыя, што беларусы штогод знаходзяць сярод сяброў і знаёмых кандыдатаў на Абаронцаў дзікай прыроды. Але нашыя галоўныя спадзяванні ў тым, што беларусы будуць браць прыклад з лепшых і самі пачнуць станавіцца на абарону дзікай прыроды і далучаць да яе дзяцей. Дыпломаў хопіць усім!

Аляксандр Вінчэўскі ўручае сертыфікат Абаронцы дзікай прыроды прадстаўніку органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пасёлка Вопытнага Мінскага раёна Юрыю Філіпаву.
Даведка: Званнем Абаронцы дзікай прыроды з 2018 года ўшаноўваюць асоб або групы актывістаў за выбітную працу па ахове дзікай прыроды на нацыянальным ці мясцовым узроўні. Абаронцамі дзікай прыроды Беларусі былі прызнаныя вядомы беларускі арнітолаг Уладзімір Іваноўскі, былы супрацоўнік заказніка “Выганашчанскае” Мікалай Варабей і старшы дзяржаўны інспектар Тураўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Міхаіл Ярмоліч, старшыня Слуцкага раённага аддзялення АПБ Тамара Каляда, сябра Цэнтральнага Савета АПБ, заолаг, арнітолаг Андрэй Абрамчук і орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пасёлка Вопытнага Мінскага раёна.
Тэкст: Алеся Башарымава

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду!