Хто яны, Абаронцы дзікай прыроды Беларусі – 2019?

ад 11 лютага 2020 года

Трое прадстаўнікоў Беларусі атрымалі 8 лютага 2020 года ганаровае званне Абаронцаў дзікай прыроды ад глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International.

Абаронцаў абвясцілі на З’ездзе АПБ — нацыянальнага партнёра BirdLife у Беларусі.

Абаронцамі дзікай прыроды – 2019 сталі рэжысёр-анімаліст, арнітолаг, заснавальнік кінастудыі “AVES” Ігар Бышнёў (в. Домжарыцы Лепельскага раёна), арнітолаг і прыродаахоўнік Дзяніс Кіцель (г. Маларыта) і дырэктар даследча-асветніцкай установы «Цэнтр экалагічнага выхавання і развіцця», прыродаахоўнік Руслан Шайкін (п. Мачулішычы Мінскага раёна).

Старшыня АПБ Васіль Грычык уручае дыплом Ігару Бышнёву

Старшыня АПБ Васіль Грычык уручае дыплом Ігару Бышнёву

Кандыдат біялагічных навук, арнітолаг Ігар Бышнёў атрымаў узнагароду за асветніцкую прыродаахоўную працу праз больш чым 30 дакументальных фільмаў, прысвечаных вучоным і прыродаахоўнікам, дзікай прыродзе Беларусі, пагрозам для рэдкіх відаў, прыродным экасістэм, а таксама за шырокае асвятленне прыродаахоўнай тэматыкі праз 700 выпускаў тэлеперадачы “Мільён пытанняў аб прыродзе” на тэлеканале “Мир”, дзіцячыя відэаказкі, сацыяльную рэкламу, фотаальбомы, кнігі і артыкулы.

— Вельмі прыемна, калі працу станоўча ацэньваюць, — падзяліўся ўражаннямі Ігар Бышнёў. — Я б хацеў звярнуцца да фотабёрдараў: а паспрабуйце здымаць яшчэ і відэа – тады ў нас будзе не толькі шмат цудоўных фатаграфій, але і фільмаў для будучыні, для нашых дзяцей.

Старшыня АПБ Васіль Грычык уручае дыплом Дзянісу Кіцелю

Старшыня АПБ Васіль Грычык уручае дыплом Дзянісу Кіцелю

Дзяніс Кіцель шмат гадоў робіць гнездавыя платформы і скрыні для соваў і іншых драпежных птушак (дзе яны паспяхова засяляюцца!), вядзе асветніцкую працу ў сацсетках і супрацоўнічае з медыявыданнямі, штогод кальцуе тысячы птушак. Дзяніс паспрыяў таму, каб як мага больш месцаў, дзе жывуць рэдкія віды птушак, было перададзена пад ахову.

— Дзякуй за такі давер. Я думаю, гэта добрая матывацыя для руху наперад, да яшчэ большых здзяйсненняў, большай колькасці платформ і нэстбоксаў, — сказаў Дзяніс Кіцель. — Будзем для прыроды далей старацца рабіць нешта добрае, станоўчае.

Старшыня АПБ Васіль Грычык уручае дыплом Руслану Шайкіну

Старшыня АПБ Васіль Грычык уручае дыплом Руслану Шайкіну

Руслан Шайкін ініцыяваў стварэнне заказніка “Сакаліны” пад Мінскам, сабраў вялікую прыродаахоўную групу з дарослых і дзяцей, якія падхапілі ініцыятыву і цяпер самастойна займаюцца аховай дзікай прыроды. Руслан – аўтар кніг і публікацый пра птушак і ахову дзікай прыроды, вядзе актыўную асветніцкую працу праз створаны ім “Цэнтр экалагічнага выхавання і развіцця” ў Мінску.

 

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі
Мы даўно думалі над магчымасцю вылучаць найлепшых прыродаахоўнікаў не толькі са свайго кола, але і ў краіне. Дыплом BirdLife International надае гэтаму званню большую вагу і міжнароднае прызнанне. Другі раз запар мы абвяшчалі адкрыты збор прапаноў кандыдатаў і будзем працягваць гэты фармат. Летась трох абаронцаў вылучылі з шасці кандыдатаў. Спадзяемся, што нашы суайчыннікі далей будуць не толькі больш актыўна вылучаць найлепшых прыродаахоўнікаў, але і больш зацята бараніць дзікую прыроду.

 

Даведка: Званнем Абаронцы дзікай прыроды з 2018 года ўшаноўваюць асоб або групы актывістаў за выбітную працу па ахове дзікай прыроды на нацыянальным ці мясцовым узроўні. Абаронцамі дзікай прыроды Беларусі былі прызнаныя віцебскі арнітолаг-прыродаахоўнік Уладзімір Іваноўскі, былы супрацоўнік заказніка “Выганашчанскае”, фатограф дзікай прыроды Мікалай Варабей і старшы дзяржаўны інспектар Тураўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Міхаіл Ярмоліч, дырэктар Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра Тамара Каляда, брэсцкі эксперт па ахове біяразнастайнасці лясоў Андрэй Абрамчук і орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пасёлка Вопытнага Мінскага раёна.

Тэкст: Алеся Башарымава

Фота: Андрэй Кот

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: