Вясна на парозе: якія птушкі ўжо вярнуліся ў Беларусь?

ад 18 лютага 2020 года

Першыя палявыя жаўрукі і кулікі прыляцелі з зімоўкі!

Першымі звычайна вяртаюцца птушкі, якім для зімоўкі не патрэбна ляцець у Афрыку. Яны жывяцца насеннем ці чарвякамі, а на зіму адлятаюць у Заходнюю ці Паўднёвую Еўропу, дзе звычайна няма снегу, а дзень узімку даўжэйшы, чым у Беларусі.

Палявыя жаўрукі 16 лютага каля Гродна.

Палявыя жаўрукі 16 лютага каля Гродна. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

Сябра арганізацыі Вадзім Пракапчук адзначыў: “Вясна сёлета (як і летась) прыйшла паводле раскладу. 16 лютага ў вёсцы Вугляны Камянецкага раёна: увесь дзень – пралёт палявых жаўрукоў, першая рудахвостка-чарнушка ў двары, на вакольных палях і рацэ больш за два дзясяткі шэрых гусей, шэсць шэрых жураўлёў, дзве вялікія белыя чаплі (гэтыя, праўда, зімавалі), каля паўтары тысячы качак на рацэ (у асноўным, звычайная качка-крыжанка, але ёсць і свіцьвы, якія звычайна адлятаюць у вырай.”

Рэдактар сайта “Птушкі штодняДзмітры Вінчэўскі кажа: “Хаця цяжка назваць сёлетнюю зіму “сапраўднай”, аднак радавацца вясне і вяртанню птушак ужо можна: 14 лютага на захадзе Беларусі, у Бераставіцкім раёне Гарадзеншчыны, былі адзначаныя першыя мігранты-кулікі: кнігаўкі  і залацістыя сеўкі.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: “У нядзелю 16 лютага я з братам таксама назіраў першыя чародкі палявых жаўрукоў пад Гродна. На многіх лужынах ужо сядзелі кнігаўкі, чулі мы й жураўлёў. Бывае, што ў лютым з’яўляюцца першыя жаўрукі, але каб так дружна, чародкамі – не памятаю. Вясна будзе ранняя, і нават халады ўжо не змогуць спыніць птушак. Калі вы дрэнна ведаеце птушак, паспрабуйце пачаць назіраць за імі цяпер: штодня будуць з’яўляцца новыя віды, і вы зможаце, не спяшаючыся, дадаваць іх у сваю скарбонку. Вясна ідзе!

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: