Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Выйшла відэа вялікай лекцыі доктара Роба Філда пра змены клімату
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 24 лютага 2020 года
Лекцыя доктара Роба Філда «Разборкі з кліматам. Будзе горача?«, якую АПБ зладзіла 7 лютага ў Мінску, цяпер дасяжная ў відэафармаце. У запісе можна паглядзець як прэзентацыю, так і адказы эксперта на пытанні з залы.
Доктар Роб Філд
Пад пастамі ў сацсетках пра змены клімату людзі заўзята спрачаюцца пра тое, змяняецца клімат увогуле або не, а калі змяняецца, то чаму: выключна праз натуральныя працэсы ці праз дзейнасць чалавека? Хтосьці радуецца кліматычным зменам – маўляў, будзе цёпла, не будзем мерзнуць, а хтосьці баіцца, што наступствамі будуць катаклізмы і эпідэміі.
АПБ вырашыла вынесці пытанне ў афлайн і запрасіла дасведчанага эксперта з Вялікабрытаніі расказаць простымі словамі пра тое, што ведаюць на гэты конт сучасныя навукоўцы.
За тыдзень да лекцыі білетаў на яе ўжо не было
Доктар Роб Філд – старшы навуковы супрацоўнік у Каралеўскім таварыстве абароны птушак, да якога далучыўся ў 2000 годзе. Ён актыўна вывучае экасістэмныя магчымасці змякчэння наступстваў кліматычных зменаў праз паляпшэнне кіравання і захаванне дзікай прыроды, галоўным чынам у сельскагаспадарчых экасістэмах і тарфяніках Вялікабрытаніі, астатняй Еўропы і Афрыкі.
У прыватнасці, доктар Філд супрацоўнічае з беларускімі калегамі па змяншэнні негатыўных наступстваў кліматычных зменаў у рэгіёне Палесся, а таксама вывучае, як аднаўленне балот уплывае на папуляцыі птушак у Беларусі.
Лекцыя прайшла пры падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі.
Тэкст: Алеся Башарымава
Фота: Андрэй Кот
Падзяліся артыкулам у сацсетках: