У Беларусі выйшла марка з птушкай года – глушцом

ад 3 сакавіка 2020 года

Трэцяга сакавіка Міністэрства сувязі і інфарматызацыі пры садзейнічанні АПБ выпусціла паштовую марку “Глушэц” з серыі “Птушка года”. Дашлі ліст сябрам або папоўні калекцыю!

Марка с глухарём

Над маркай працавалі мастак і арнітолаг Аляксандр Міцянін і дызайнер Марына Юрчык

На аркушы сем марак і адзін купон. На марцы адлюстраваныя лагатыпы глабальнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый «BirdLife International» і грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Марка выйшла накладам 56 тысяч.

Намінал маркі “Р” адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай простай пісьмовай карэспандэнцыі (лістоў, бандэроляў, дробных пакетаў) масай да 20 г уключна прыярытэтнай.

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі падчас гашэння маркі

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі падчас гашэння маркі

Глушэц быў абраны птушкай 2020 года галасаваннем у 2019 годзе на З’ездзе АПБ. Гэтая птушка насяляе старыя бары і змяшаныя лясы з сасной, трымаецца месцаў, дзе рэдка бывае чалавек.

Назва птушкі звязаная з тым, што самцы глушца падчас такавання глухнуць. Токавая песня самцоў складаецца з дзвюх частак: падчас першай птушка ўсё чуе, а падчас другой («тачэння») самец не чуе нічога вакол!

У Беларусі глушэц – паляўнічы від, хоць папуляцыя яго невялікая, каля 9000 птушак (па падліках паляўнічых). На тэрыторыі краіны жывуць два падвіды глушца: заходнееўрапейскі і сярэднярускі. На жаль, колькасць заходнееўрапейскага падвіду нізкая: каля 460 птушак.

Болей пра птушку 2020 года можна даведацца на сайце АПБ ptushki.org

Маркі са зверанятамі

Маркі са зверанятамі

Дзікая прырода займае ў беларускай паштовай прадукцыі далёка не апошняе месца. У пачатку года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла серыю марак розных наміналаў і картмаксімумы з дзікімі зверанятамі: лісянём, ваўчанём, медзведзянём і рысянём – а таксама канверт першага дня з зайчанём.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
З 2003 года мы цесна супрацоўнічаем з Белпоштай па выпуску серыі “Птушка года”. Беларускія маркі з птушкамі і іншымі жывёламі добра вядомыя ва ўсім свеце. Іх чакаюць і беларускія, і замежныя філатэлісты. Сам у школе збіраў маркі з “чырвонакніжнымі жывёламі”, праз іх захапіўся і драпежнымі птушкамі. Калі маеце магчымасць пазнаёміць сваё дзіця з ветэранам філатэліі, ён можа адкрыць для вас і дзіцяці новы свет. А на пошце, калі збіраецеся даслаць ліст за мяжу ці добраму сябру, папрасіце аператара выбраць прыгожую марку з глушцом ці рысянём, — сябар ці сяброўка абавязкова ацэняць! А лепш накупіць іх наперад, калі яны толькі выходзяць: інфляцыя на літарным намінале не адбіваецца.

 

Тэкст, фота, відэа: Алеся Башарымава

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: