Пад знос – і дамы, і дзікая прырода Палесся?

ад 5 сакавіка 2020 года

29 лютага сумесная экспедыцыя АПБ з грамадскай арганізацыяй “Багна” і журналістамі завітала ў вёску Ніжнія Жары Брагінскага раёна, каб сустрэцца з мясцовымі жыхарамі. Тут на Дняпры, амаль на самай мяжы з Украінай, беларускія транспартнікі збіраюцца будаваць рачны порт — звяно небяспечнага для дзікай прыроды Палесся воднага шляху Е40, які пакуль існуе толькі на паперы.

Ніжнія Жары - паўднёвы пункт Беларусі

Мяжа Беларусі абазначаная чырвонай лініяй.

Ніжнія Жары, самы паўднёвы населены пункт Беларусі, знаходзіцца ў цудоўным ва ўсіх адносінах месцы – высокі бераг Дняпра з маляўнічымі хвойнікамі (некаторыя хаты амаль на беразе), на супрацьлеглым, нізкім беразе – цёмная сцяна поймавага ліставога лесу. Грыбы, ягады, рыба, выдатны клімат, адным словам, раздолле.

Ніжнія Жары

Рака тут багатая на рыбу

Мясцовых жыхароў не так ужо і многа – усяго некалькі дзесяткаў, але ўсе яны перакананыя патрыёты: на іх думку, лепшага месца ў свеце і ўвогуле не знайсці. Есць сярод мясцовых і былыя гараджане – павыходзілі на пенсію і вырашылі жыць бліжэй да прыроды — хто ў старой бацькоўскай хаце, а хто проста прыдбаў у вёсцы нерухомасць. Зразумела, што летам колькасць жыхароў вёскі павялічваецца за кошт дачнікаў, якія прыязджаюць нават з Расіі і Украіны.

Адразу за вёскай пачынаецца і цягнецца шырокай стужкай на поўнач Рамсарская тэрыторыя “Пойма Дняпра” – водна-балотнае угоддзе глабальнага значэння для жывёл і раслін (Ramsar Site Dnieper River Floodplain, site number 2244). Да Рамсарскага пагаднення Беларусь далучылася ў 1999 годзе (указ прэзідэнта № 292). Адносяцца гэтыя мясціны і да аб’ектаў “Смарагдавай сеткі” (BY0000152, Dnepr Floodplain), якія належаць ахове ў рамках Бернскай канвенцыі (Канвенцыя аб ахове дзікай фаўны і флоры, а таксама прыроднага асяроддзя пражывання ў Еўропе), да якой Беларусь далучылася ў 2013 годзе згодна ўказу прзідэнта №70. Дарэчы, акваторыя Дняпра і бераг, дзе плануецца размяшчаць партовыя пабудовы, трапляюць непасрэдна ў межы Рамсарскай тэрыторыі  якую наша дзяржава абяцала захаваць.

Чырвоным абазначанае месца, дзе плануюць пабудаваць порт у Ніжніх Жарах

Чырвоным абазначанае месца, дзе плануюць пабудаваць порт

Мясцовыя жыхары эмацыйна, але грунтоўна расказваюць пра тое, што адбываецца ў роднай вёсцы.

Ніжнія Жары

Мясцовыя жыхары не хочуць страчваць свае дамы і прыроднае багацце

Гутарка пра будаўніцтва вядзецца ўжо некалькі гадоў, але дагэтуль ніякай канкрэтыкі не з’явілася. Шматлікія просьбы мясцовых азнаёміць іх з будаўнічым праектам застаюцца незадаволенымі – альбо ўлады не хочуць яго паказваць, альбо – і хутчэй за ўсё – яго проста няма. Калі такі афіцыйны дакумент з’явіцца, неабходна будзе праводзіць экалагічную экспертызу па яго ўплыве на навакольнае асяроддзе і абмяркоўваць вынікі экспертызы з грамадскасцю.  

Жыхары Ніжніх Жароў не хочуць, каб тут будавалі порт

Жыхары Ніжніх Жароў не хочуць, каб тут будавалі порт

Пажаданне мясцовых сустрэцца з інвестарам таксама яшчэ не задаволена – яго пакуль што ў вочы ніхто не бачыў. Нягледзячы на гэта, на загад мясцовай улады нядаўна ў вясковым фельчарскім пункце адвялі памяшканне пад “офіс” ААТ “Белпорт Ніжнія Жары”, для чаго спатрэбілася вынесці адтуль медыцынскае абсталяванне і мэблю. Памяшканне так і стаіць пустое – ні нашым, ні вашым. Прыязджалі ў вёску і ацэншчыкі нерухомасці, ацэньвалі пабудовы, але ніякіх тлумачэнняў, што і дзе людзі змогуць атрымаць у выніку магчымага адсялення, пакуль таксама няма.

Е40 Ніжнія Жары

Памяшканне, аддадзенае інвестару, стаіць пустое

Выклікае пытанні і плошча, якую збіраюцца адвесці пад будаўніцтва: амаль 320 га, 250 з якіх пойдуць на яхт-клуб з невядома чым яшчэ і 68 га непасрэдна на порт з пабудовамі.  Ёсць яшчэ задумкі выкарыстаць дадаткова 120 га зямлі пад распрацоўку сонечнай энергіі. Няцяжка заўважыць, што толькі плошча, замоўленая пад порт, амаль у дзесяць разоў перабольшвае плошчу, скажам, гомельскага парта (7 га). Навошта замоўцам столькі зямлі, застаецца толькі здагадвацца. На думку аднаго з мясцовых жыхароў, на ёй някепска могуць глядзецца элітныя катэджы, тым больш, што яхт-клуб добра ўпісваецца ў гэтую канцэпцыю.

Чытай рэпартаж пра Е40 у The Guardian (па-ангельску)

Па папярэдніх разліках, на будаўніцтва парта спатрэбіцца не менш за 64 млн даляраў, прыкладна столькі ж і для абсталявання сонечных батарэй, калі яны там будуць.

Калі апераваць не здагадкамі, а фактамі, то трэба ўзгадаць, што для дастаўкі грузаў у порт спатрэбіцца яшчэ і чыгунка да Хойнікаў працягласцю амаль 100 кіламетраў, на якую трэба знайсці як мінімум 100 млн даляраў з дзяржаўнага бюджэту ці чыёй кішэні.

Разумеюць людзі (і мясцовыя, і прыезджыя рыбакі, якіх было даволі многа на рацэ) і экалагічныя вынікі такога будаўніцтва – на іх меркаванне, і рака, і навакольная прырода немінуча загінуць. Ну а ўжо наконт адсялення і казаць няма чаго: “Гэта ж будзе яшчэ адзін Чарнобыль, навошта нам гэта?” – абураюцца мясцовыя. Рэч у тым, што пры паглыбленні дна будзе падняты зараджаны радыёнуклідамі глей – падхоплены плынню, ён распаўсюдзіцца на вялікую тэрыторыю.

Жыхары Ніжніх Жароў падпісваюць зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта

Жыхары Ніжніх Жароў падпісваюць зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта

У канцы сустрэчы ўсе мясцовыя жыхары падпісалі калектыўны зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта.

У апошні час з’явілася надзея, што ў сувязі з сучаснай “нафтавай сітуацыяй” актуальнасць праекта для турэцкіх бізнэсменаў, якія планавалі перагружаць тут нафтапрадукцыю з мазырскага НПЗ у сваі танкеры, значна паменшылася і порт будаваць не стануць, але гэта толькі надзея…

Тэкст, фота: Сяргей Зуёнак

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: