Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У Капыльскага і Дзяржынскага раёнаў з’явіліся птушкі-сімвалы!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 11 сакавіка 2020 года
Усё новыя раёны абіраюць сабе за сімвалы мясцовых птушак! Расказваем, якія птушкі цяпер будуць прадстаўляць Капылькі і Дзяржынскі раёны.
Вясковая ластаўка. Фота Мікалая Вараб’я
У Капыльскім раёне птушкай-сімвалам выбралі вясковую ластаўку. Гэты від ластавак з глыбокай старажытнасці прывык да чалавека і да яго дома. Прыхільнасць да чалавечага жытла абумовіла ёй нашу любоў.
Як правіла, вясковыя ластаўкі будуюць гнёзды на драўляных будынках, а такія дамы часцей будуюць у сельскай мясцовасці. Адсюль пайшла назва. Гняздо мае цікавую будову. Аснова зроблена з зямлі і нагадвае чвэрць спадзістага шара. У сярэднім на пабудову гнязда адной парай сыходзіць восем дзён.
У паўночных краінах людзі лічаць прылёт ластаўкі пачаткам вясны, а адлёт — з пачаткам восені. Дарэчы, вясковая ластаўка лічыцца адной з птушак-вестуноў вясны. Калі ўбачыш яе сёлета першы раз, занясі сваё назіранне на анлайн-карту “Жывой вясны”.
Ластаўкі сілкуюцца выключна насякомымі. У рацыён уваходзяць мухі, матылькі, камары і жукі. Іх ластаўкі ловяць проста ў палёце, дзе праводзяць 95% свайго часу.
Сіняя сініца. Фота Мікалая Вараб’я
Дзяржынскі раён правёў інтэрнэт-галасаванне, у якім перамагла сіняя сініца. Гэта вельмі прыгожая птушка з цікавым спалучэннем блакітнага і жоўтага колеру ў апярэнні. Дзякуючы сваёй высокай «камунікабельнасці» сіняя сініца добра адаптавалася да гарадскіх умоў і звычайна селіцца ў садах і парках, дзе людзі зрабілі для іх шмат кармушак. Лёгка засяляе штучныя домікі.
Звычайны рацыён сіняй сініцы на 70-80% складаецца з жывёльнай ежы: ад лічынак разнастайных насякомых да павукападобных і лятучых казурак.
За дзень птушка ў залежнасці ад памеру здабычы з’ядае ад 600 да 1600 насякомых, а ў ачагах размнажэння шаўкапрадаў — да 20 000 яечкаў гэтых матылькоў, чым прыносяць велізарную карысць.
Каб пазнаёміць жыхароў бліжэй з птушкамі-сімваламі, у раёнах запланаваныя конкурсы, акцыі, выставы, асветніцкія лекторыя і майстар-класы і іншыя мерапрыемствы.
Заклікаем і іншыя раёны Беларусі выбраць птушку-сімвал, які дапаможа раёну стаць больш адметным. Спецыялісты АПБ заўжды гатовыя дапамагчы з выбарам кандыдатур.
Як выбраць птушку раёна, мы тлумачым у адмысловай брашуры з пакрокавай інструкцыяй.
Ініцыятыва «Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму» ажыццяўлялася пры фінансавай падтрымцы ЕС/ПРААН «Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».
Падзяліся артыкулам у сацсетках: