Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
“Хопіць гвалтаваць дзікую прыроду!” – Італьянская ліга абароны птушак пра сітуацыю з каранавірусам
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 18 сакавіка 2020 года
Новы каранавірус выклікаў пандэмію, якая прывяла да вельмі жорсткіх наступстваў у многіх краінах, асабліва ў Італіі. Трэба адказна ставіцца да гэтай сітуацыі і памятаць, што да яе прывяло.
Дырэктар АПБ і кіраўнікі іншых еўрапейскіх партнёраў глабальнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый BirdLife International атрымалі ліст ад дырэктара Італьянскай лігі абароны птушак (LIPU) Даніла Сельвагі, дзе нагадваецца першасная прычына эпідэміі.
Даніла Сельвагі
Шаноўныя сябры,
каранавірус сур’ёзна закрануў Італію, ён стаў прычынай шматлікіх ахвяраў і паставіў усю краіну ў складанае становішча.
Цэнтральны ўрад, рэгіянальныя адміністрацыі, сістэма аховы здароўя і насельніцтва адказна і сур’ёзна падыходзяць да гэтага выкліку, каб супрацьстаяць распаўсюду інфекцыі і як мага хутчэй выйсці з крытычнай сітуацыі.
Італьянская ліга абароны птушак (LIPU) таксама не застаецца ўбаку. З першых дзён крызісу мы прынялі шмат прафілактычных мер: закрылі прыродныя рэзерваты для наведвальнікаў, адаптавалі працу пад сітуацыю, скасавалі ўсе масавыя мерапрыемствы, абмежавалі любыя патэнцыйна рызыкоўныя сітуацыі.Акрамя гэтага, мы напісалі нашым сябрам ліст з просьбай адсочваць афіцыйную інфармацыю і памятаць, што гэты крызіс таксама звязаны з тым, як кепска мы, людзі, абыходзімся з дзікай прыродай.
Хопіць гвалтаваць дзікую прыроду!
Чым больш мы яе спазнаем і захаваем, тым больш аддачы змогуць атрымаць ад яе людзі – гэта датычыцца і даступнасці рэсурсаў, і матэрыяльнага дабрабыту, і духоўнага здароўя. Асяродкі дзікай прыроды, біяразнастайнасць, стабільны клімат, непарушаныя ландшафты, вольнае паветра – сапраўдны бясцэнны скарб. Давайце пра яго клапаціцца!
Мы хочам сказаць вам усім, сябры цудоўнай сям’і BirdLife: рабіце што толькі магчыма, каб вашы ўрады і народы зразумелі, што каранавірус – ніякая не дробная праблема. Пераканайце іх у тым, што яе нельга недаацэньваць, і што дзейнічаць трэба своечасова.
Калі кожны паставіцца да праблемы адказна, мы яе вырашым. І калі мы будзем па-сапраўднаму разумнымі, мы вынесем з гэтага ўрок. Крызісы таксама служаць гэтай мэце – таму, каб мы, навучаныя ўрокам, зрабіліся лепшымі ды заставаліся такімі і па-за крытычнай сітуацыяй.
З найлепшымі зычэннямі,
Даніла Сельвагі,
дырэктар Італьянскай лігі абароны птушак – партнёра BirdLife у Італіі
і ўся каманда LIPU
Падрыхтавала Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: