Буслы і першыя ластаўкі вярнуліся ў Беларусь! Занось назіранні на карту.

ад 27 сакавіка 2020 года

Падобна, што самая вясновая краіна сёння – гэта Беларусь: менавіта тут адзначана на сёння больш за ўсё назіранняў птушак-вестуноў “Жывой вясны”. Усяго у розных краінах адзначана 500 такіх назіранняў. Першымі вясну на сваіх крылах нясуць нам белыя буслы. Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) ужо атрымала 281 паведамленне пра іх вяртанне ў Беларусь. Назіранняў вясковых ластавак пакуль яшчэ вельмі мала, так што калі вы іх бачылі, але не паспелі дадаць назіранне, то цяпер самы час!

Бусел прыляцеў. Фота з Вясновага блога, Брэсцкая вобласць.

Бусел прыляцеў. Фота з Вясновага блога, Брэсцкая вобласць.

Бусел на гняздзе. Фота Сяргея Марынiча. Мiнская вобласць

Бусел на гняздзе. Фота Сяргея Марынiча. Мiнская вобласць

Палёт бусла. Фота Святланы Альшэўскай

Палёт бусла. Фота Святланы Альшэўскай

Самага першага бусла заўважылі ў Брэсцкай вобласці яшчэ 18 лютага. На сёння гэтыя птушкі адзначаныя ва ўсіх абласцях Беларусі.

“Першых буслоў мы ўбачылі на перапынку з акна школы. Яны былі за 300 метраў ад нас, на двух слупах электраліній. Каля ручая знаходзіцца два гнязды, і ў адным з іх стаялі, размахваючы крыламі, як бы размінаючыся, буслы. Дзеці былі ў захапленні!” – расказвае Святлана Альшэўская з Брэсцкай вобласці ў блогу “Жывой вясны 2020”.

На тэрыторыі нашай краіны вызначаюць тры віды ластавак: гарадскую, вясковую і ластаўку-зямлянку. Птушкамі “Жывой вясны” лічацца два апошнія.

20 сакавіка ўжо адзначаны прылёт першай вясковай ластаўкі, — кажа спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — Птушку ўбачылі Марына і Андрэй Абрамчукі на поўдні Маларыцкага раёна. Гэта вельмі рана. Звычайна яны вяртаюцца з Афрыкі ў красавіку. Халоднае надвор’е ў апошнія дні, верагодна, прымусіла першую ластаўку адляцець далей на поўдзень. Для харчавання ластаўкам патрэбныя насякомыя, якія лётаюць. Пакуль іх няшмат.”

Вясковая ластаўка. Фота Т. Раманавай

Вясковая ластаўка. Фота Т. Раманавай

Акрамя вясковых ластавак, у першай палове красавіка павінны прыляцець зязюлі. Астатніх птушак-вестуноў вясны чакаем пазней: у пачатку траўня вернуцца ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, у канцы траўня — шчуркі-пчалаедкі.

Складанне вясновай карты – адна з асноўных актыўнасцяў “Жывой вясны”. Чым больш назіранняў на карце – тым больш інтэнсіўным колерам зафарбаваная краіна. На карце можна пабачыць дынаміку таго, як птушкі нясуць нам вясну.

Як дадаваць назіранне?

Раскажы дзеткам, што мы чакаем буслоў, ластавак і іншых вестуноў вясны, каб яны паведамілі табе, калі ўбачаць першую птушку. Павіншуй класнага чэмпіёна/ку, якія першыя ўбачылі бусла ці іншую птушку. Занясі гэтае назіранне зручным для сябе спосабам:

Зладзь экскурсію з дзеткамі да першага гнязда бусла, занятага птушкамі ў вёсцы ці горадзе сёлета, таксама занясі гэтае назіранне на сайт ці ў сацсеткі.

Прачытаць апісанне птушак і паслухаць іх галасы можна на сайце АПБ або ў мабільным вызначальніку Ptushki.

Таксама ў межах кампаніі ў розных краінах ладзіцца шмат экскурсій і назіранняў за птушкамі, прэзентацыі і экалагічныя гульні ў школах. Ты можаш далучыцца да мерапрыемстваў свайго рэгіёна ці арганізаваць уласнае!

Кампанія праходзіць сёлета пад тэмай “Як быць добрым птушкаром?” Публікуй свае адказы на гэтае пытанне ў сацсетках з хэштэгам #жываявясна2020!

Далучайся да вясновых назіранняў за прыродай і птушкамі разам з «Жывой вясной»!

Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement. 

АПБ в Одноклассниках



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: