Як гучыць голас таямнічай палятухі? Вынікі экспедыцыі

ад 31 сакавіка 2020 года

На мінулым тыдні адбылася экспедыцыя валанцёраў АПБ па пошуку палятухі на паўночным усходзе Беларусі.

Асноўнымі мэтамі экспедыцыі было ўдакладніць арэал сучаснага распаўсюджання віду ў Беларусі  праверыць інфармацыю аб яго сустрэчах у Крупскім, Аршанскім і Лёзненскім раёнах. Вынікі гэтай экспедыцыі пацвярджаюць папярэднія высновы: сёння ўстойлівая папуляцыя палятухі існуе толькі ў межах усходняй часткі Гарадоцкага і паўночна-ўсходняй часткі Віцебскага раёна.

Арэал пражывання палятухі

Арэал пражывання палятухі

На жаль, інфармацыя аб сустрэчах віду, якую мы атрымалі ад мясцовых жыхароў, аб магчымым пражыванні палятухі ў іншых месцах Беларусі (Лёзненскі раён, поўнач Аршанскага, Крупскі раён), не пацвердзілася. Нягледзячы на старанныя пошукі, аніякіх слядоў палятухі ў гэтых раёнах мы не знайшлі, хаця адпаведныя прыдатныя біятопы тут ёсць. Пэўна, сустрэчы, аб якіх нам паведамілі мясцовыя жыхары, былі назіраннямі асобных палятух падчас міграцыі. Магчыма, гэта былі няўдалыя спробы рассялення моладзі. Таму тым большае значэнне мае захаванне віду ў межах асноўнага сучаснага арэалу.

Палятуха на дрэве

Палятуха на дрэве

У адзін з дзён, калі мы даследавалі лясы на мяжы асноўнага арэалу распаўсюджання віду, дастаткова было паўгадзіны пошукаў у адпаведным біятопе, каб знайсці характэрныя сляды жыццядзейнасці палятухі: памёт ярка-жоўтага колеру. Калі вы таксама заўважыце месцы з такім памётам, паведамляйце нам.

Заклікаем усіх, каму вядомыя месцы пражывання палятух, пазначаць іх на інтэрактыўнай анлайн-карце: https://ptushki.org/contests/rodents

Памёт палятухі

Памёт палятухі

Таксама падчас пошукаў палятухі валанцёры знайшлі шмат месцаў пражывання іншых ахоўных відаў жывёл і раслін.

А на адну з фотапастак, усталяваных раней Дзянісам Кіцелем у межах ініцыятывы “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!”, атрымалася запісаць не толькі саму палятуху, але і яе характэрны голас.

Даведка: экалагічная ініцыятыва “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” ажыццяўляецца ў межах праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды. Ініцыятыва ажыццяўляецца АПБ у партнёрстве з Гарадоцкім лясгасам, Эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем “Неруш” і Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах.

Андрэй Абрамчук

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: