Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Фестываль кулікоў у Тураве пераносіцца. Як застацца на сувязі з птушкамі?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 1 красавіка 2020 года
У сувязі з пандэміяй мы вымушаныя перанесці Фестываль кулікоў, які планавалася зрабіць у Тураве 1-3 траўня, на 2021 год.
Кулік-чарняк. Фота Дзмітрыя Якубовіча
Спадзяемся, у наступным годзе мы зробім яшчэ круцейшае свята, чым планавалі, а пакуль дзелімся відэаўспамінамі з леташняга свята.
Тураўская станцыя кальцавання працягвае вывучаць і ахоўваць кулікоў, ты можаш падтрымаць яе працу фінансава на краўдфандынг-платформе MolaMola.
Памятай: нават цяпер ты можаш заставацца на сувязі з птушкамі: сацыяльнае дыстанцыянаванне не азначае дыстанцыянавання з дзікай прыродай!
Сойка. Фота: Pixabay
Назірай за птушкамі там, дзе няма або мала людзей: прагуляйся па беразе ракі, па лесе ці ўздоўж поля. Дзяліся сваімі назіраннямі ў сацсетках і тэгай нас. Заставайся на сувязі з аднадумцамі — абмяркоўвай птушак і бёрдвочынг у тэлеграм-чаце «Ціў-ціў!». Вось некалькі парадаў, як птушкаваць падчас пандэміі.
Калі сярод птушак заўважыш (упершыню ў гэтым годзе!) белага бусла, вялікага зуйка, вясковую ластаўку, ластаўку-зямлянку, зязюлю, свіргуля або шчурку-пчалаедку, занось назіранне на карту “Жывой вясны”.
Вясковая ластаўка. Фота Мікалая Вараб’я
Удзельнічай у маніторынгу палявых птушак: ты можаш дапамагчы, нават калі ведаеш усяго некалькі відаў. Напішы каардынатару Сямёну Леваму сваё імя і тэлефон на адрас levy@ptushki.org, у тэме пазнач: “Маніторынг звычайных відаў”. Ты атрымаеш усю неабходную інфармацыю, як узяць удзел у гэтай праграме.
Палявы жаўрук. Фота Мікалая Вараб’я
У вызначэнні птушак табе дапаможа наш мабільны дадатак Ptushki.
Калі ты на каранціне і не выходзіш з дому, вывучай птушак анлайн ды глядзі трансляцыю з двух гнёздаў сокала-пустальгі на сайце “Птушкі штодня”.
Будзь разам з намі, далучайся да АПБ – усім нашым сябрам прыходзіць рассылка з налепкамі, бюлетэнем і часопісам “Птушкі і мы”. Твой голас у падтрымку дзікай прыроды цяпер асабліва важны.
Кулік-цякун. Фота Таццяны Раманавай
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: