Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Лебедзь-шыпун абраны сімвалам Докшыцкага раёна
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 2 красавіка 2020 года
Следам за Капыльскім і Дзяржынскім раёнамі Докшыцкі раён выбраў сабе птушку-сімвал. Гэта лебедзь-шыпун.
Лебедзь-шыпун. Фота Мікалая Вараб’я
Выбары праводзіліся ў некалькі этапаў. У пачатку лютага настаўнікі біялогіі і хіміі з усяго раёна сабраліся разам і вылучылі сем кандыдатаў. Пасля гэтага адбылося пасяджэння раённага арганізацыйнага камітэта, дзе адкрытым галасаваннем з іх абралі тры. Імі, акрамя шыпуна, сталі вялікі дзяцел і пардва. На другім этапе адбылося галасаванне ў Інтэрнэт і афлайн – у ім паўдзельнічала 2856 чалавек. Лебедзь-шыпун перамог з вялікім адрывам, набраўшы дзве траціны галасоў.
Лебедзь-шыпун усім добра вядомы дзякуючы буйному памеру, характэрнаму абліччу і чыста-беламу апярэнню. Ад іншых відаў лебедзяў адрозніваецца чорна-аранжавай дзюбай. Сустракаецца па ўсёй краіне, але часцей за ўсё па захадзе.
Лебедзь-шыпун. Фота Мікалая Вараб’я
Шыпун – птушка-рэкардсмен. У Беларусі гэта самая цяжкая птушка, якая можа лятаць: самцы важаць да 15 кг. Будуе самыя вялікія гнёзды дыяметрам звыш за два метры. У кладцы можа быць да 10-12 яек, якія па памеры таксама буйнейшыя, чым ва ўсіх іншых відаў.
Мала хто ведае, але лебедзь-шыпун быў цалкам знішчаны да пачатку XIX стагоддзя і да сярэдзіны XX стагоддзя практычна адсутнічаў. Але цяпер колькасць аднавілася. Птушка не з’яўляецца рэдкім відам. Жывуць шыпуны амаль 30 гадоў.
Ілюстрацыя створана ў рамках праекта Школы ілюстрацыі і smm «Draw end Save» Лізаветы Ганчаровай і крамы I-Store.
Аўтар ілюстрацыі: Алеся Русак.
Многія захапляюцца хараством лебедзяў і любяць пачаставаць птушку батонам. Але гэтага рабіць нельга: хлеб і батон ім шкодныя. Лепш проста назірай за птушкамі ў натуральных умовах!
Ці добра карміць вадаплаўных птушак хлебам? (Не!)
Птушку-сімвал ужо абралі каля 20 раёнаў. Птушкі дамагаюць расказаць пра адметнасць мясцін, асаблівасці тамтэйшай прыроды і стварыць цэлы брэнд раёна, які запомніцца і будзе прыцягваць турыстаў, а мясцоваму бізнесу дапаможа развівацца.
Як выбраць птушку раёна, мы тлумачым у адмысловай брашуры з пакрокавай інструкцыяй.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: