Перазімавалі: 43 госці “Кажанаполіса” сустрэлі вясну

ад 9 красавіка 2020 года

У Мінску выпусцілі на волю кажаноў, якія зімавалі ў Цэнтры рэабілітацыі рукакрылых “Кажанаполіс”.

Хіраптэролаг Аляксей Шпак дэманструе кажана перад выпускам яго на волю

Хіраптэролаг Аляксей Шпак дэманструе кажана перад выпускам яго на волю

Сюды людзі перадавалі знойдзеных халоднай парой рукакрылых. Валанцёры іх узважвалі, падкормлівалі, клалі ў палатняныя торбачкі і падвешвалі ў лядоўні. Там стабільная і спрыяльная для зімоўкі кажаноў тэмпература. Без такой дапамогі звяркі з вялікай імавернасцю б загінулі: калі кажан прачынаецца ўзімку, то страчвае шмат энергіі, а аднавіць яе не можа, бо не знаходзіць корму.

Аляксей Шпак, хіраптэролаг

Вось і падыйшоў да сканчэння другі сезон “Кажанаполіса”. Дзякуючы вашым і нашым высілкам сёлета мы здолелі даць зімовы прытулак 43 кажанам шасці розных відаў. На вялікі жаль, сітуацыя з Covid-19 не дазволіла нам правесці ўжо традыцыйны выпуск нашых гадаванцаў пад кодавай назвай «Дзень Волі для кажаноў», і мы вырашылі абмежавацца невялічкім колам сяброў і сабрацца на ўскрайку Мінска, каля Цнянскага вадасховішча. Усе кажанчыкі былі выпушчаныя і з вялікім задавальненнем вярнуліся ў родны свет.

Сканчэнне зімовага сезона зусім не азначае, што мы з вамі развітваемся да наступнай зімы. Будзем радыя адказаць на любыя пытанні і дапамагчы — звяртайцеся па тэлефоне гарачай лініі +375 29 213 92 57 (МТС, Viber), альбо на нашу старонку ў Facebook facebook.com/kazhanapolis.

 

“Кажанаполіс” паўстаў з ініцыятывы Мінскага гарадскога аддзялення АПБ сумесна з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Дзякуючы збору сродкаў на краўндфандынгавай платформе „МаеСэнс“ праект змог набыць лядоўню. Трэці партнёр ініцыятывы — Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства (РЦЭК) — падтрымаў прыродаахоўнікаў і вучоных і дазволіў размясціць лядоўню ў сваім жывым кутку. У Кажанаполісе працуюць валанцёры.

Калі выпускаюць кажаноў, іх падсаджваюць на ствол дрэва

Калі выпускаюць кажаноў, іх падсаджваюць на ствол дрэва

У ДОМ ЗАЛЯЦЕЎ КАЖАН — ШТО РАБІЦЬ?

  • Не панікуй — кажан баіцца больш, чым ты.
  • Не спрабуй яго злавіць: можаш траўмаваць!
  • Не дапускай кантактаў кажана са свойскімі жывёламі.
  • Калі кажан заляцеў у цёплую пару года: дачакайся вечара, адчыні вокны – пасля захаду сонца кажан зляціць сам.
  • Калі кажан знойдзены ўзімку, неадкладна звані ў “Кажанаполіс” (+375 29 213 92 57), там звярку дапамогуць перажыць зіму.
    Браць кажана можна толькі ў тоўстых пальчатках

    Браць кажана можна толькі ў тоўстых пальчатках

  • Калі ўсё ж трэба ўзяць кажана ў рукі (напрыклад, жывёла ляжыць на падлозе), рабі гэта толькі ў шчыльных пальчатках. Няма пальчатак? Акуратна накрый кажана каробкай, падсунь пад яе шчыльны аркуш паперы ці кардону і вынесі жывёлу на двор. Асцярожна пасадзі кажана на ствол дрэва ці іншую вертыкальную паверхню і пасля гэтага ўпэўніся, што жывёла адляцела.
  • Ні ў якім выпадку не скідвай кажана з акна ці з балкона – ён можа ўпасці на зямлю і стаць здабычай драпежнікаў.

Памятай: кажанам пагражае знікненне. 8 відаў кажаноў занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Тэкст: Алеся Башарымава

Фота: архіў «Кажанаполіса»

 

Дапамажы нам захаваць рэдкія віды!

 

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: