Як быць добрым птушкаром?

ад 10 красавіка 2020 года

Кампанія “Жывая вясна” сёлета мае тэму “Як быць добрым птушкаром?” Мы задалі гэтае пытанне беларускім бёрдвочарам, і вось што яны адказалі.

Віталь Некрашэвіч

Віталь Некрашэвіч

Віталь Некрашэвіч:

Я лічу, што быць добрым птушкаром — гэта не толькі быць актыўным назіральнікам за жыццём птушак. Стварэнне штучных гнёздаў ў найлепшых для пражывання месцах, аднаўленне колькасці рэдкіх відаў птушак, барацьба з браканьерамі і, вядома ж, падкормка вераб’іных птушак зімой — неад’емная частка дзейнасці птушкара. Свае ўдалыя кадры птушак, дзе яны нібы пазуюць мне, лічу своеасаблівай удзячнасцю птушак за сваю працу!

Белы бусел. Фота Віталя Некрашэвіча

Белы бусел. Фота Віталя Некрашэвіча

Андрэй Барадзін

Андрэй Барадзін

Андрэй Барадзін:

Каб быць добрым птушкаром, недастаткова ведаць прыкметы кожнага віду ці нават ўмець адрозніваць іх па голасе. На мой погляд, значна важней рабіць усё магчымае для дабрабыту птушак, бо менавіта іх інтарэсы павінны стаяць на першым месцы для кожнага добрага птушкара.

Плакат Как быть хорошим бёрдвотчером

Спампаваць плакат для друку

Мікалай Варабей

Мікалай Варабей

Мікалай Варабей:

Як быць добрым птушкаром? На мой погляд, добры птушкар — гэта той, хто ў любых абставінах эфектыўна карыстаецца сваімі ведамі, вопытам, развіў у сабе назіральнасць, а магчыма, нават нейкае «пачуццё прысутнасці» птушак. Ён з лёгкасцю можа зацікавіць і прыцягнуць новых людзей да свайго занятку. Не забывае пры гэтым пра праблемы крылатых, не турбуе і не ўскладняе ім жыццё.

Каця Пархімовіч

Каця Пархімовіч

Каця Пархімовіч:

Быць добрым птушкаром – гэта, у першую чаргу, любіць гэтую справу. І галоўнае, усім сэрцам любіць птушак. Не проста назіраць за імі, а быць іх сябрам. Шчыра хацець дапамагчы – і дапамагаць. Гэта зусім проста, але так прыемна адчуваць, што ты робіш добрую справу! А потым пачынаеш заўважаць, што гэта ўзаемна. Тваё хобі пачынае дапамагаць табе. Ты цікава бавіш час, знаёмішся з неверагоднымі людзьмі, адчуваеш сябе часткай вялікай арганізацыі… Птушкаванне натхняе і дае моцы, каб ісці наперад.

Андрусь Кальцоў

Андрусь Кальцоў

Андрусь Кальцоў:

Для мяне быць добрым птушкаром — гэта, у першую чаргу, клапаціцца пра камфорт птушак. Не варта турбаваць іх падчас назірання, і яны адкажуць на гэта доўгім пазіраваннем, дадуць магчымасць зрабіць добрае фота.

Асабіста для мяне галоўнае ў назіранні за птушкамі — гэта менавіта візуальны бок, але заўжды цікава даведацца падрабязнасці ладу жыцця ад больш вопытных сяброў. Дарэчы, гэта добрая ідэя для бёрдвочараў-пачаткоўцаў: назіраць у кампаніі больш дасведчанных спадарожнікаў. Гэта значна падвышае колькасць розных відаў, якія ты заўважыш, пазнаеш, навучышся пазнаваць у будучыні.

Аляксандр Гаспадарык

Аляксандр Гаспадарык

Аляксандр Гаспадарык:

Птушкарыць для мяне азначае разумець птушынае жыццё, вылучаць цікавосткі ў паводзінах птушак, радавацца з імі веснавому цяплу і суперажываць іх страхам і клопатам. Усё гэта разам прыносіць задавальненне і поўніць адчуваннем прыгажосці і прагай да жыцця.

Сустракай вясну – занось назіранні птушак-вестуноў вясны на карту!

Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement. 

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: