Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
“Мяснікі і піжоны”. Меркаванне паляўнічага пра веснавое паляванне на гусей
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 15 красавіка 2020 года
Я паляўнічы ў як мінімум трэцім пакаленні і з паляўнічым стажам 25 гадоў. Хачу выказаць свой пункт гледжання з нагоды ініцыятывы арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» аб забароне веснавога палявання на вадаплаўных птушак.
Супрацьстаянне чалавека і птушкі. Ілюстратыўнае фота, volgahunter.ru
Лічу, што ў вясновым паляванні (як і ў іншых відах палявання) няма нічога страшнага, але толькі ў выпадку, калі палюе сапраўды нармальны чалавек: бо акрамя абмежаванняў з боку заканадаўства, у пераважнай большасці паляўнічых прысутнічаюць, у першую чаргу, абмежаванні ў свядомасці і велізарная адказнасць. А вось праз тых, у каго гэтыя абмежаванні, нароўні з маральнымі прынцыпамі, адсутнічаюць, і адбываюцца тыя страшныя рэчы, якія паслужылі падставай для звароту арганізацыі да прэзідэнта.
Асабіста я не вітаю вясновае паляванне на гусака ў тым выглядзе, у якім яно існуе ў цяперашні час, а менавіта — абязлічаным і нават бескантрольным: паляўнічы, у большасці выпадкаў, не можа адрозніць пол жывёлы; часта, у стане паляўнічага азарту не кантралюе колькасць дзічыны якая здабываецца; таксама я праціўнік выкарыстання сучасных сродкаў палявання на гусака — электронныя манкі, вырабленыя ў завадскіх умовах скрадкі і засідкі, шматзарадныя стрэльбы і г.д.; вялікая колькасць з прагнасцю здабыванай такім чынам дзічыны абясцэньвае само паняцце паляўнічага трафея. Не бачу я цікавасці ў такім паляванні…
Аляксандр Скарабагатаў, паляўнічы
Сам вясной палюю на качара са скрадку (зробленага сваімі рукамі) з ужываннем пудзілаў і духавога манка. Цікавасць тут знаходжу менавіта ва ўласнаручным вырабе маскіроўкі, а таксама выкарыстанні духавога манка, калі прыцягненне качара цалкам залежыць ад тваіх навыкаў, вопыту і старанняў. Здабываю такім чынам 1-3 птушкi за сезон.
Яшчэ вельмі люблю вясновае паляванне на самца слонкi. Тут не так важны сам працэс палявання (ён, дарэчы, вельмі просты), як прысутнасць ў вясновым лесе, што прачынаецца, шчабеча галасамі розных птушак, цурчыць адталымi ручаямі. Нездарма гэтае паляванне лічыцца самым рамантычным і паэтычным. Ну а ўжо калі пачуў запаветнае «цвірканне і хорканне» слонкi, то і зусім удача! А што больш трэба… Ах, так, дзічына! За сезон гэтай «дзічыны» я здабываю 1-2 штукі.
Асобная тэма для майго абурэння — гэта фатаграфаванне са здабытай дзічынай і размяшчэнне такіх фота ў сацсетках. Гэта, на мой погляд, чыстай вады маральная пачварнасць!!! Лічу гэта непавагай да прыроды, палявання, людзей, якія гэта пабачаць. За такое бязладдзе пара ўводзіць, як мінімум, адміністрацыйную адказнасць і гэта маё цвёрдае перакананне. Ну а браканьерства наогул не варта звязваць з паляваннем і праводзіць тут паралелі: гэта такое ж злачынства, як, напрыклад, крадзеж.
А наогул, паляванне — гэта добрая, займальная і сур’ёзная справа, калі займацца ім з адказнасцю, душой, выконваючы этыку паляўнічага, памятаючы пра маральныя нормы і прынцыпы. Паляўнічыя, як бы дзіўна гэта ні гучала, клапоцяцца аб прыродзе не менш, чым прыродаахоўныя арганізацыі і грамадскія аб’яднанні: прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні біятэхнічных мерапрыемстваў, такіх як абсталяванне падкормавых пляцовак, зарыбленне вадаёмаў, улік колькасці жывёл, адстрэл драпежных і хворых жывёл, якiя наносяць урон народнай гаспадарцы і ўяўляюць небяспеку для насельніцтва, селекцыйны адстрэл і г. д., і робяць гэта бязвыплатна. Трэба разумець, што паляванне ні ў якім разе не з’яўляецца прычынай знікнення відаў, так як нормы здабычы навукова абгрунтаваныя і ўсталёўваюцца пасля правядзення работы па ўліку дзічыны ва ўгоддзях.
Мне вельмі шкада, што сярод сапраўдных адказных паляўнічых сустракаюцца «мяснікі» і піжоны, якія кампраметуюць гэты займальны і любімы многімі вiд актыўнага адпачынку.
Аляксандр Скарабагатаў, паляўнічы
Падзяліся артыкулам у сацсетках: