Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Міёршчына птушкуе: на поўначы Беларусі прайшла Школа бёрдвочара
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 16 красавіка 2020 года
Жыхары Міёрскага раёна навучыліся птушкаваць: у Школе бёрдвочара, якую гэтай вясной ладзіла АПБ, яны пазнаёміліся больш чым з сотняй птушак.
Курс складаўся з тэарэтычных заняткаў і практычнай часткі – палявых экскурсій, дзе можна было патрэніравацца заўважаць і пазнаваць вывучаныя ў “класе” віды.
Дапамагаў у гэтым выкладчык Школы арнітолаг Віталь Кашчэеў.
“Людзі актыўна наведвалі заняткі, прычым сярод іх былі і карэспандэнты, і бібліятэкарка, і інжынер, і дызайнер, і ўласнікі аграсядзіб, для якіх я зрабіў асобную прэзентацыю па тым, як прывабліваць птушак да сваіх мясцін, якія можна рабіць традыцыйныя і нетрадыцыйныя штучныя гнёзды, засідкі – падзяліўся ўласным вопытам, — расказвае Віталь. — Я нацэльваў вучняў не хвалявацца, што не пазнаюць нейкі від, і тлумачыў, на што звяртаць увагу ў першую чаргу, каб вызначаць птушку, вучыў іх назіраць. Многія зрабілі для сябе шмат адкрыццяў, бо некаторых птушак раней увогуле не заўважалі. На гарадской экскурсіі мы пабачылі, акрамя асноўных відаў – гракоў, варон і кавак, — берасцянку, папаўзнёў – самца, самку і дупло, дзе самка ладзіла гняздо. Бачылі зелянушак, шчыглоў, сінюю сініцу, канаплянку, два віды вераб’ёў, белую пліску, таўстадзюба, белалобых гусей – гэта ўсё толькі ў горадзе, усяго было 24 віды. На выязной экскурсіі, калі мы выправіліся аж да Пераброддзя, мы пабачылі каля 30 відаў, сярод іх былі каралькі, сініцу-маскоўку, крапіўнікаў, калонію бакланаў, вялікую коўру, гогаляў, савукоў, палявога і баравога жаўрукоў – апошняга ніхто з навучэнцаў раней не бачыў.”
Максім Доўгун, радыяінжынер, вывучаў птушак у Школе разам з жонкай Аліяй, дызайнеркай. Яны жывуць на мяжы Міёрскага раёна, побач з Шаркаўшчынскім і Браслаўскім раёнамі.
“Школа нам вельмі спадабалася – назіраем, слухаем, як спяваюць птушкі, — дзеліцца ўражаннямі Максім. — Ужо набылі вызначальнік і прыглядаем бінокль. Назіралі канюхоў-мышаловаў, бачылі сярод іх і касматаногіх канюхоў, якія пакуль не адляцелі. Параўноўваем стрынатак і зелянушак: яны чымсьці падобныя, але стрынаткі каля дарог, а зелянушкі звычайна на ялінах. Бачым соек, шмат дробных птушак, сустрэлі кнігаўку. А яшчэ мы з Уладзімірам Жабёнкам удзельнічаем у конкурсе мясцовых ініцыятываў у межах праекта “Разам для грамады і прыроды Міёршчыны”: хочам стварыць умовы па назіранні за птушкамі, у тым ліку для асобаў старэйшага ўзросту, людзей з абмежаваннямі, каб яны маглі прыйсці, паназіраць з засідкі. У нас па ўчастку ходзяць жураўлі, падпускаюць на 100-150 метраў, у нас можна паназіраць савукоў, вераб’іных сычыкаў, кугакаўку.”
Заняткі праходзілі ў Міёрскай раённай цэнтральнай бібліятэцы і ў візіт-цэнтры заказніка “Ельня”. Школу бёрдвочара АПБ зладзіла ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, прадстаўленага Еўрапейскай камісіяй.
Выпускнікі Школы бёрдвочара атрымалі дыпломы.
Вывучай птушак анлайн – прайдзі дыстанцыйны курс бёрдвочара-пачаткоўца!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: