Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Салаўі прыляцелі! Дзе іх паслухаць?
Абвестка,Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 30 красавіка 2020 года
Салаўя складана пабачыць, але лёгка пачуць. Асабліва калі ведаць салаўіныя месцы. Запрашаем скласці разам “Салаўіную карту” Беларусі.
Кожны можа пазначыць на гэтай інтэрактыўнай анлайн-карце месца, дзе пачуў салаўя: ptushki.org/nightingales. А той, хто не ведае, дзе паслухаць яго чароўны спеў, можа падгледзець на карце месцы побач, дзе салаўі даюць свае “канцэрты”.
Летась за ўсю гісторыю такіх кропак на “Салаўінай карце” было 538 – рэкордная гісторыя за ўсю гісторыю акцыі. Самым “салаўіным” горадам стаў Брэст. Сёлета салаўя там ужо не толькі пачуў, але і сфатаграфаваў птушкар Віталь Некрашэвіч. У Брэсце салаўёў можна пачуць у зялёных зонах каля Брэсцкай крэпасці і паміж вуліцамі Вінніка і Гвардзейскай. У Мінску, які па колькасці “салаўіных кропак” ідзе адразу за Брэстам, салаўёў можна пачуць на Востраве птушак, Цнянскім вадасховішчы, у Севастопальскім і Лошыцкім парку, лесапарку Дразды, парках Чалюскінцаў, Горкага ды іншых.
Па выніках сваёй штогадовай акцыі “Салаўіная карта” АПБ звяртаецца да абласных адміністрацый з рэкамендацыямі для гарадскіх службаў па захаванні месцаў гнездавання пярнатых салістаў № 1.
Салаўям патрэбныя кусты ды бур’яны з апалым лісцем – у такім зацішку яны робяць на зямлі свае гнёзды, а ў апалым леташнім лісці шукаюць корм: насякомых і іх лічынак, павукоў, дробных малюскаў і дажджавых чарвякоў, у канцы лета — ягады і насенне.
Калі ты не знойдзеш птушку там, дзе яна спявала летась — паглядзі навокал, магчыма, там прыбрана лісце, скошаны бур’ян, зніклі кусты. У такім выпадку напішы ў мясцовую адміністрацыю электронны зварот з рэкамендацыяй абмежаваць прыборку лісця ў месцах гнездавання салаўёў.
Адзначыць салаўя можна ў любым куточку Беларусі. Спачатку трэба знайсці свой горад ці мястэчка, для чаго карту можна рухаць і памяншаць яе маштаб, а пасля перанесці чырвоны маркер у кропку, дзе вы чулі салаўя.
Такім чынам ты можаш не толькі самастойна ўносіць свае дадзеныя, але і бачыць на карце месца, дзе салаўі ўжо адзначаны іншымі.
Гэтыя птушкі спяваюць увесь травень і амаль палову чэрвеня, пакуль не вылупяцца першыя птушаняты. Таму спяшайся паслухаць гэтых звонкіх птушачак і адзначыць на карце Беларусі «сваіх» салаўёў! Пазнаць меладычны спеў гэтых птушак лёгка, зблытаць з іншымі амаль немагчыма.
У траўні салаўі могуць спяваць нават днём, але больш ахвотна яны пяюць увечары і ў прыцемках, а таксама зранку, пакуль яшчэ не спякотна.
Вывучай птушак анлайн – прайдзі дыстанцыйны курс бёрдвочара-пачаткоўца!
Тэкст: Алеся Башарымава, фота — Віталь Некрашэвіч
Падзяліся артыкулам у сацсетках: