Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як на калонію суслікаў выгрузілі кучы ўгнаенняў і што з гэтага адбылося
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 6 мая 2020 года
У лістападзе 2019 года падчас маніторынгу мясцовых калоній рабых суслікаў эксперт АПБ Сяргей Шакала быў шакаваны, убачыўшы на паселішчы “чырванакніжнага” віду ў Капыльскім раёне тоны арганічных угнаенняў.
Куча гною на калоніі суслікаў, лістапад 2019. Фота Сямёна Левага
Эксперт аператыўна паведаміў у АПБ. Мы яшчэ ў верасні папярэдзілі вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «ПІК-Лясное», што на землях гаспадаркі знаходзіцца калонія суслікаў, паведамілі, дзе дакладна яна размешчаная і што нельга там рабіць. На наша паведамленне аб пагрозе звяркам аператыўна адрэагавала раённая інспекцыя Мінпрыроды і, нарэшце, вінаватая гаспадарка, якая амаль адразу прыбрала ўгнаенні.
Паколькі ў лістападзе суслікі ўжо былі ў зімовай спячцы, то праверыць стан калоніі мы змаглі толькі гэтай вясной. Нядаўняя праверка паказала, што калонія не загінула.
Рабы суслік. Фота Сяргея Зуёнка
“На калонію паўплывала толькі цэнтральная куча: па нашай ацэнцы, каля 10 звяркоў пацярпелі, — паведаміў эксперт АПБ Юрый Янкевіч. – Але выжыла каля 60 звяркоў, яны даволі добра пачуваюцца. Гэта добрая калонія. Гэтае поле збіраліся ўзараць, але пасля нашых зваротаў у інспекцыю Мінпрыроды гэтага ўдалося пазбегнуць.”
Узворванне – пагроза, якая пастаянна навісае над калоніямі рабых суслікаў, уключаных у нацыянальную Чырвоную кнігу. Нагадваем, што нават калі месца пражывання віду пакуль не знаходзіцца пад аховай, ніякі землекарыстальнік не мае права знішчаць від, уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Згодна з Указам Прэзідэнта Республікі Беларусь 24.06.2008 N 348 (у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Республікі Беларусь 21.03.2018 N 112) за незаконнае знішчэнне адной асобіны рабога сусліка толькі мінімальны ўрон складае 9 базавых велічынь.
Летась эксперты АПБ знайшлі ўсяго 10 калоній рабых суслікаў у чатырох раёнах Беларусі. Усе яны, акрамя адной, невялікія, але маюць вялікае значэнне для захавання генетычнай разнастайнасці ўнутры віду, таму за захаванне кожнай калоніі трэба змагацца.
Мы шукаем і захоўваем суслікаў у межах экалагічнай ініцыятывы «Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!» праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.
Калі ты ведаеш месцы пражывання суслікаў, дзікіх хамякоў або вавёрак-палятух, занось іх на анлайн-карту: https://ptushki.org/rodents.
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: