Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Зязюля, свіргуль і ластаўка-зямлянка ўжо ў Беларусі!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 6 мая 2020 года
Кампанія «Жывая вясна» працягваецца – ад Беларусі зарэгістравана ўжо больш за 700 назіранняў за птушкамі-вестунамі вясны. Цяпер наша краіна па назіраннях на другiм месцы – дапамажы павысіць гэтую пазіцыю!
Амаль дзесяць гадоў таму былі выбраныя некалькі відаў птушак, і людзей з розных краін Еўропы запрасілі штогод заносіць свае першыя назіранні з імі на інтэрактыўную мапу. Вось гэтыя птушкі-вестуны вясны: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), зязюля (кукушка), шчурка-пчалаедка (золотистая щурка), ластаўка-зямлянка (береговая ласточка) — а сёлета дадалі вялікага зуйка (галстучник).
Белыя буслы і вясковыя ластаўкі першымі нясуць вясну на сваіх крылах ў Беларусь. Іх ужо бачылі ва ўсіх абласцях краіны. На вясновай карце кампаніі “Жывая вясна” адзначана 563 назіранні буслоў і 126 вясковых ластавак.
Вялікага зуйка 16 красавiка бачыў у Любанскім раёне Мікалай Варабей. У Беларусі гэты паўночны кулік уключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Ён сустракаецца ў асноўным на Палессі ўздоўж Прыпяці і яе прытокаў.
Зязюля. Фота Уладзіміра Бондара, birdwatch.by
Першыя назiранні зязюлi былi зроблены у Брэсцкім і Кобрынскім раёне. Зараз адзначана 39 назіранняў птушкі ва ўсіх абласцях Беларусі. У іншых краінах-партнёрах кампаніі зязюлю чулі ў Ірландыі (289 назіранняў), Чэхіі (118), Італіі (27), Расіі (37).
Назіранні зязюлі можна ўносіць, калі вы пачулі характэрны спеў самца: “ку-ку, ку-ку”. Зязюля — асцярожная і скрытная птушка, убачыць яе складана.
Калі ж вам захочацца ўбачыць зязюлю, звяртай ўвагу на птушку памерам з голуба, цела якой зверху попельна-шэрае, а знізу белае, са шматлікімі цёмнымі гарызантальнымі рыскамі.
«Кукавала зязюля цэлы дзень, але ў лесе, а бліжэй да вечара прыляцела на наш панадворак. Доўга сядзела на даху хлява, там, дзе побач знаходзіцца дзве шпакоўні», — кажа Вольга Белая ў блогу праекта. Яе назіранне было ў Мінскай вобласці.
Зязюлі прылятаюць з Афрыкі ў Еўропу, каб тут сустрэць партнёра і размнажацца, але для гэтага яны выкарыстоўваюць не вельмі звыклы спосаб. Яны не толькі не будуюць гнёздаў, але і не наседжваюць свае яйкі. Самкі зязюль падкладаюць іх у гнёзды іншых птушак. Розныя самкі зязюль спецыялізуюцца на падкладанні яек розным відам і маюць адпаведную афарбоўку яек, падобную да яек гаспадароў гнязда. Часам праз тое вялізнае птушаня зязюлі забяспечваюць ежай меншыя за яго “бацькі”.
Чорны свіргуль. Фота Уладзіміра Бондара, birdwatch.by
А 5 траўня быў заўважаны чорны свіргуль! Для Беларусі гэта першае назіранне, а зрабіла яго Кацярына Коваль у Пінскім раёне. У Расii ўжо 135 назіранняў свіргуля, у Чэхii — 92, а ў Ірландыi — 58.
Свіргулёў можна ўбачыць у небе, часам вельмі высока. Яны ніколі не сядаюць, напрыклад, на правады, як ластаўкі. Адзін за адным, невялікімі чародкамі, на вялікай хуткасці і з пранізлівымі рэзкімі крыкамі, яны лятаюць вакол будынкаў і над імі. Галоўным чынам у гарадах і мястэчках, асабліва перад захадам сонца. Свіргулі – гэта суперлетуны. Амаль усё іх жыццё праходзіць у палёце, яны нават спяць у паветры. Прызямляюцца свіргулі толькі для таго, каб пасядзець на гняздзе.
Ластаўка-зямлянка. Фота — Дзмітры Вінчэўскі, birdwatch.by
Таксама ў Беларусі ўжо бачылі першых ластавак-зямлянак. Назіранне зрабіў 3 траўня ў Мінскай вобласці дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі.
У гэтых птушак карычневаты верх і белы ніз, а верхняя частка грудзей мае цёмны колер і кантрастуе са светлай афарбоўкай горла. У адрозненне ад вясковых ластавак, у іх няма рыжаватай плямы на горле і доўгіх касіц на хвасце. У краіне-суседцы Польшчы ластавак-зямлянак бачылі двойчы.
Вясковая ластаўка. Фота — Дзмітры Вінчэўскі, birdwatch.by
У Беларусь яшчэ не вярнуліся шчуркі-пчалаедкі. Яны павінны вярнуцца ў канцы траўня, між тым як у Азербайджане ўжо адзначаны 33 назіранні шчуркi-пчалаедкi.
На сайце “Жывой вясны” можна паглядзець веснавую міграцыю ў Еўропе ў руху, для кожнага віду асобна. Па ёй мы бачым, як вясна прыходзіць у розныя краіны кантынента. Для Беларусі можна нават убачыць актыўнасць птушак і людзей па абласцях.
Заклікаем усіх быць уважлівымі і заносіць свае першыя сустрэчы з гэтымі прыгожымі птушкамі на анлайн-карту.
Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.
Тэкст: Ксенія Малюкова
Падзяліся артыкулам у сацсетках: