Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Жылы квартал з выгодамі, або Дзе ў Беларусі самая барсуковая тэрыторыя?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 8 мая 2020 года
Ёсць у Белавежскай пушчы звярок, які большасць часу сядзіць дома, выходзіць — калі голад прыцісне ды нікога пад пад’ездам няма. З рэвізіяй да барсукоў на працягу некалькіх месяцаў у межах Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы наведваліся спецыялісты АПБ. І вось што яны высветлілі.
Самае шыкоўнае жытло сярод усіх пушыстых звяркоў, безумоўна, у барсука. Гэта датычыцца як самой плошчы (польскія навукоўцы палічылі, што памеры нары могуць дасягаць двух з паловай соцень квадратных метраў!), так і асаблівасцяў планіроўкі. Дом барсука мае некалькi ўваходаў (адноркаў) i складаецца са шматлікіх памяшканняў (гнездавых камер), звязаных памiж сабой.
Барсукі выбіраюць нерухомасць з выгодамі. Калі нара барсука вялікай плошчы, то даволі часта мае прыбіральню, якая месціцца ў асобнай камеры. У норах меншага памеру туалет на двары, у асобнай яміне недалёка ад увахода.
Эколаг праекта Ірына Кашпей і навуковы супрацоўнік Белавежскай пушчы Сяргей Кароця наведалі не менш за сотню нор барсукоў. Абследвалі паселішча за паселішчам, сачылі за жыхарамі элітнай нерухомасці на мясцовасці і з дапамогай фотапастак. У выніку ў іх атрымалася карта ўсіх барсуковых нор нацпарку. Такой дасканалай інвентарызацыі ў Белавежскай пушчы раней не праводзілі! Ёсць падставы лічыць, што спецыялісты зафіксавалі пераважную большасць пушчанскіх паселішчаў звярка. Колькі там жыхароў дакладна, пакажа аналіз сабраных дадзеных, а гэта гігабайты фота і відэа з фотапастак.
Для кожнага барсучынага паселішча “перапісчыкі” зрабілі па пашпарце. У ім пазначаны габарыты нары і колькасць адноркаў, ёсць дэталёвая планіроўка кожнага памяшкання (аднорка).
Адно з барсуковых паселішчаў, зафіксаванае нашымі “перапісчыкамі”
Ірына Кашпей, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях, якая займаецца барсуком, вынікамі інвентарызацыі задаволена:
“У тым, што ў Белавежскай пушчы столькі барсука, безумоўна, заслуга асаблівага запаведнага рэжыму, які існуе на вялікай плошчы. Але звярок жыве таксама і па-за межамі запаведнай зоны. І там справы ў яго ідуць ужо не так добра”.
Калi паселішчы барсука не знаходзяцца пад аховай, леснікі не ведаюць аб iх iснаваннi і могуць спудзіць звярка, які пакіне свае паселішча пасля высечкі і больш не вернецца. А разам з тым лес пазбаўляецца важнага элемента экасістэмы. Барсукі дапамагаюць лесу аднаўляцца натуральным шляхам. Шукаючы ежу, яны рыхляць лясную падсцілку, а калі будуюць свой падземны дом, то падтрымліваюць мазаічнасць лесу. Расліннае покрыва на паверхні змяняецца, а гэта добра для падтрымання біяразнастайнасці. Так, напрыклад, з-пад лясной падсцілкі прарываюцца новыя расліны, якім раней было цяжка выбіцца. Харчовы ланцуг таксама ніхто не адмяняў, і адна з роляў барсука ў ім — рэгуляваць колькасць дробных грызуноў і насякомых. Калі іх зашмат, раслінны свет на той тэрыторыі, дзе яны кормяцца, дэградуе, хутчэй распаўсюджваюцца хваробы.
Каб захаваць “чырванакніжніка”, а разам з тым і дзікую прыроду ў яе найлепшым збалансаваным выглядзе, АПБ імкнецца ўзмацніць ахову тэрыторый, на якіх ёсць паселішчы звярка. Дзеля гэтага ў хуткім часе мы перадамо ў нацпарк усе дакументы па вынiках iнвентарызацыi барсуковых паселiшчаў, неабходныя для перадачы месцаў пражывання барсука пад ахову.
Вывучэнне барсука вядзецца ў межах Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы, які АПБ ажыццяўляе разам з нацыянальным паркам «Белавежская пушча» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства.
Тэкст: Аліна Ляпёшкіна, здымкі з фотапастак АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: