Па слядах вяртлявай чаротаўкі: маленькія дата-логеры раскрываюць таямніцу месцаў зімоўкі і адпачынку

ад 8 мая 2020 года

Вяртлявая чаротаўка – адзін з нешматлікіх эндэмікаў сярод птушак, якія гняздуюць у Еўропе. Гэта значыць, яна размнажаецца толькі на вельмі абмежаванай тэрыторыі Цэнтральнай Еўропы: у трохкутніку паміж Куршскім залівам на поўначы, дэльтай ракі Одэр на захадзе і цэнтральнай Украінай на ўсходзе.

Вяртлявая чаротаўка ў месцы гнездавання ў дэльце ракі Нёман у Літве. Фота Жымантаса Морквенаса

Вяртлявая чаротаўка ў месцы гнездавання ў дэльце ракі Нёман у Літве. Фота Жымантаса Морквенаса

За мінулыя 20 гадоў знікла апошняя папуляцыя ў Расіі (Заходняя Сібір), Латвіі, Венгрыі, а з 2015 году і ў Германіі. Яшчэ 100 гадоў таму вяртлявая чаротаўка была тыповай птушкай у Германіі і гнездавала на нізінных балотах на поўначы краіны, такіх як Дзюмер, у Хафельландзе і на Пене ў Пярэдняй Памераніі. Асушэнне і культывацыя балотаў, а таксама эксплуатацыя злёгку асушаных балотаў прывялі да таго, што «вяртляўка» апынулася ў Чырвоным спісе Міжнароднага саюза аховы прыроды. Цяпер гэты еўрапейскі від пеўчых птушак знаходзіцца пад найбольшай пагрозай знікнення.

З гэтае прычыны з 1990-х гадоў вядуцца шматлікія праекты, якія сярод іншага фінасаваліся і праграмай ЕС «LIFE» (8 праектаў). У Польшчы, Беларусі, Літве цалкам спынілася руйнаванне вялікіх адкрытых асаковых балотаў, а ва Украіне значна запаволілася. Гэта дапамагло папуляцыям ва ўсходняй Польшчы і Літве значна аднавіцца, а ў Беларусі стабілізавацца. Таксама ёсць надзея, што і ва Украіне палепшыцца сітуацыя дзякуючы польска-ўкраінска-нямецкаму праекту EU-Life.

Каманда ля рэінтрадукцыйнага вальеру ў запаведніку Жувінтас, Літва. Пакуль яшчэ не ўсе маладыя вяртлявыя чаротаўкі з Беларусі пакінулі вальеры на сваёй новай радзіме. Фота Baltic Environmental Forum

Каманда ля рэінтрадукцыйнага вальеру ў запаведніку Жувінтас, Літва. Пакуль яшчэ не ўсе маладыя вяртлявыя чаротаўкі з Беларусі пакінулі вальеры на сваёй новай радзіме. Фота Baltic Environmental Forum

На адноўленай тэрыторыі размнажэння чаротавак у літоўскім запаведніку «Жувінтас» упершыню ў 2018 і 2019 гадах адбыліся так званыя транслакацыі: 50 птушанят ва ўзросце аднаго тыдня прывезлі туды з поўдня Беларусі, выгадавалі і выпусцілі – з амаль неверагодным поспехам: у гэтай першай спробе 49 птушанят з 50 перажылі перамяшчэнне і выпуск на волю і сталі самастойнымі. Траціна з іх вярнулася туды на наступны год і пачала размнажацца. У 2019 годзе ўсе 50 птушак сталі самастойнымі, і мы з нецярпеннем чакаем сёлетняга сезону размнажэння.

Для адлову самца размяшчаецца спецыяльная сетка, Сэрвач. Фота Клаўса Нігэ

Для адлову самца размяшчаецца спецыяльная сетка, Сэрвач. Фота Клаўса Нігэ

Аднак гэтых паспяховых захадаў па ахове віду ў месцах гнездавання недастаткова, калі не будуць ахоўвацца месцы адпачынку і зімоўкі. Да 2007 году мы хоць і ведалі, што вяртлявая чаротаўка спыняецца ў Францыі, Гішпаніі і Партугаліі і потым ляціць далей у Афрыку (паўднёвей ад Сахары), але пра самі месцы зімоўкі было амаль нічога невядома. Чаротаўкі праводзяць тут 6 месяцаў на год — удвая больш, чым у месцах гнездавання!

Толькі ў 2007 годзе падчас адной з экспедыцый AWCT (працоўнай групы па захаванні вяртлявай чаротаўкі Birdlife International) пасля шматгадовага даследавання ўдалося знайсці месцазнаходжанне зімоўкі ў дэльце ракі Сенегал на захадзе Афрыкі. І толькі ў 2011 годзе французы знайшлі месца зімоўкі ў дэльце ракі Нігер у Малі. У наступныя гады дзякуючы кальцаванню і першым геалакатарным даследаванням папуляцый з цэнтральнай Украіны і паўднёвага захаду Беларусі эксперты AWCT высветлілі, што ўсе гэтыя вяртлявыя чаротаўкі зімуюць у Малі. Дэльце ракі Нігер усё больш пагражае небяспека праз рэгуляванне прыліваў вады (плаціны для выпрацоўкі электраэнергіі і арашэння), а таксама праз большую эксплуатацыю ракі. Адна вяртлявая чаротаўка, якая была акальцаваная каляровымі кольцамі ў дэльце ракі Сенегал, гнездавала ў наступным годзе ў Бебжанскім нацыянальным парку ва ўсходняй Польшчы. Таму падазравалася, што польскія і літоўскія птушкі зімуюць у Сенегале. Ведаць гэта важна, бо нядаўна за сотні кіламетраў перавезеныя чаротаўкі былі паселеныя ў Літве і тое ж самае плануецца зрабіць у наступныя гады на ніжнім Одэры ў Нямеччыне і Польшчы.

Балота Сэрвач зранку, канец траўня 2019 года, унізе можна пабачыць арнітолагаў, якія ідуць лавіць птушак. Фота Клаўса Нігэ

Балота Сэрвач зранку, канец траўня 2019 года, унізе можна пабачыць арнітолагаў, якія ідуць лавіць птушак. Фота Клаўса Нігэ

Таму напрыканцы чэрвеня 2018 году пры падтрымцы NABU (Прыродаахоўны саюз Германіі) адбылася міжнародная экспедыцыя працоўнай групы па захаванні вяртлявай чаротаўкі ў балоты ля возера Сэрвач на поўначы Беларусі і ў Куршскі заліў у Літве. Экспедыцыю ў Беларусі на месцы арганізоўваў Максім Нямчынаў з АПБ, а ўдзельнічалі акрамя яго яшчэ арнітолагі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзмітры Жураўлёў і Максім Каласкоў. Мэтай экспедыцый у Беларусь і Літву былі 30 геалакатараў, якія трэба было павесіць на гэтых птушак.

Каманда экспедыцыі на балоце Тыраі ў Куршскім заліве, Літва, чэрвень 2019 года. Фота Клаўса Нігэ

Каманда экспедыцыі на балоце Тыраі ў Куршскім заліве, Літва, чэрвень 2019 года. Фота Клаўса Нігэ

Гэтыя малюсенькія дата-логеры прымацоўваюцца на спіну да 12-грамовых чаротавак. Геалакатар разам з батарэяй і сіліконавымі стужкамі важыць 0,36 г. Дата-логеры кожную хвіліну вымяраюць інтэнсіўнасць святла і вільготнасць паветра. Захоўваецца максімальнае значэнне за пяць хвілін. На падставе дадзеных аб святле можна разлічыць час і вугал усходу сонца і даўжыню дня. Дзякуючы гэтаму можна атрымаць штодзённыя каардынаты птушкі, быццам бы гэта такі невялічкі тахограф. Праблема і адначасова спартовае выпрабаванне гэтага метаду складаецца ў тым, што праз год трэба зноўку знайсці і злавіць птушак, каб зняць логеры і атрымаць дадзеныя.

Рэгулёўка крапежнай стужкі для геалакатараў – сапраўдная дакладная праца. Гаворка ідзе пра дзясятыя долі міліметра! Сэрвач, канец чэрвеня 2018 года. Фота Марціна Фладэ

Рэгулёўка крапежнай стужкі для геалакатараў – сапраўдная дакладная праца. Гаворка ідзе пра дзясятыя долі міліметра! Сэрвач, канец чэрвеня 2018 года. Фота Марціна Фладэ

Апошняя такая аперацыя таксама была надзвычай паспяховай: у 2018 годзе геалогеры атрымалі 29 самцоў чаротавак з Сэрвача і 31 самец з Куршскага заліву (Alka polder і Tyrai). У траўні 2019 году атрымалася злавіць 18 птушак з геалакатарамі і зняць дата-логеры. Усе 18 логераў захоўвалі каштоўныя дадзеныя амаль на працягу ўсяго года, пакуль не селі маленькія батарэі, то бок да пачатку красавіка, а ў многіх птушак нават да траўня. Вынікі часткова неспадзяваныя і маюць надзвычай важнае значэнне для аховы віду: 15 птушак з 18 зімавалі ў дэльце ракі Нігер у Малі, і толькі адзін «беларус» — у дэльце ракі Сенегал. Адзін «літовец» зімаваў у даліне ракі на поўначы Буркіна-Фасо, і адзін «авантурыст» з Літвы спачатку затрымаўся перад Атласкімі гарамі на паўночным захадзе Афрыкі, а потым перабраўся значна далей на ўсход праз Сахару і зімаваў на поўначы Нігерыі.

Міграцыя вяртлявых чаротавак

Зверху міграцыя «літоўскіх» чаротавак, знізу — «беларускіх». Злева паказаная восеньская міграцыя, а справа — вясновая. Ромбікамі пазначаныя месцы зімоўкі, а кружкамі — месцы прыпынку падчас міграцыі

Миграция вертлявых камышовок из Литвы (красные метки) и северной части Беларуси (жёлтые метки)

Миграция вертлявых камышовок из Литвы (красные метки) и северной части Беларуси (жёлтые метки)

Можна падвесці аноўныя вынікі:

  • Значэнне ўнутранай дэльты ракі Нігер для большай часткі сусветнай папуляцыі нашмат большае, чым меркавалася раней. У дэльце ракі Сенегал зімуюць меней за 10 %.
  • Марока мае вялікае значэнне як месца адпачынку падчас вясновай міграцыі. Пасля перасячэння Сахары вяртлявыя чаротаўкі спыняюцца тут часта на некалькі тыдняў перад тым, як ляцець у месцы гнездавання. Тым часам, пра ўмовы мараканскіх месцаў адпачынку, а таксама пра пагрозы ім дагэтуль мала што вядома!
  • Некаторыя птушкі таксама адпачываюць доўгі час непадалёк ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Алжыры і на Сіцыліі.
  • Перад тым, як вяртацца ў свае традыцыйныя месцы гнездавання, шмат птушак спачатку даследавалі патэнцыйныя месцы гнездавання ў Цэнтральнай Еўропе. Так, напрыклад, адна чаротаўка пасля перапынку ў паўночнай Францыі адпачывала спачатку на Дзюмеры, потым паляцела на польскае ўзбярэжжа Балтыйскага мора, потым на Хэлмскія балоты на паўднёвым усходзе Польшчы і толькі потым вярнулася на сваё месца гнездавання ў Літву.
  • Пасля перыяду размнажэння была заўважаны дзіўныя вандроўкі адзінкавых птушак. Так, адзін «літовец» мэтанакіравана праляцеў 400 кіламетраў на ўсход, на беларускае балота Сэрвач, пратрымаўся там два тыдні, вярнуўся назад у Літву і толькі потым паляцеў у кірунку Афрыкі.
  • Амаль усе птушкі перасякалі Германію як на шляху ў вырай, так і на шляху дадому, але спыняліся тут ненадоўга. (На шляху ў вырай найперш спыняліся ў Францыі і Гішпаніі). Але быў шэраг кароткачасовых прыпынкаў паміж Паўднёвай Германіяй, Цюрынгіяй і Саксоніяй і да Шлезвіга-Гольштайна.

Тэкст: Марцін Фладэ, старшыня AWCT, працоўнай групы па захаванні вяртлявай чаротаўкі Birdlife International, – нефармальнай групы з 80 навукоўцаў і прыродаахоўнікаў, якія прысвяцілі сябе абароне вяртлявай чаротаўкі і месцаў яе пражывання

Пераклад: Наста Рэзнікава, валанцёрка АПБ

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: