Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Рэаліці-шоу з пустальгой: назірай анлайн, як вылупляюцца сокалы!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 11 мая 2020 года
Ідзе 11-ты сезон рэаліці-шоу з пустальгой: сочым за дэталямі сямейнага жыцця на двух гнёздах гэтага сокала на шматпавярховіку ў Брэсце.
Прайшло трошкі больш за месяц, як самка на другім гняздзе адклала там першае яйка, і вось мы ўжо назіраем анлайн вылупленне яе птушанят!
Аднак, як часта бывае ў прыродзе, не ўсё так проста. Каб лепш разумець, што мы назіраем і чаму адбываецца менавіта так, мы вырашылі больш падрабязна расказаць пра ўжо вядомыя факты з жыцця гэтых сакалоў і іх інтэрпрэтацыю. Самае цікавае, што атрымалася ўбачыць дзякуючы камерам у мінулыя гады, пералічана – часта з відэа – ТУТ.
Сокал-пустальга. Фота Уладзіміра Бондара
У апошнія гады з параўнальна мяккімі зімамі частка сакалоў застаецца паблізу будучых месцаў гнездавання, аднак большасць усё ж адлятае на зімоўку ў краіны Заходняй Еўропы, і, магчыма, у Паўночную Афрыку. Зразумела, што птушкі з абедзвюх гэтых груп маюць і перавагі, і недахопы ў сваёй стратэгіі зімоўкі.
Першыя выйграюць, калі снег, як гэтай зімой, выпадае на непрацяглы тэрмін, а марозныя дні можна пералічыць на пальцах дзе абедзвюх рук, а дзе і адной. Тады сакалам лягчэй паляваць і пазбягаць небяспек падчас пералётаў на месцы зімоўкі і назад. Птушкі ж з другой групы хутчэй выйграюць, калі ў нас халодныя і снежныя зімы, бо там, дзе зімуюць яны, зіма мяккая і бясснежная амаль штогод.
Галоўная мэта любой птушкі, незалежна ад віду, – першай апынуцца ў пачатку сезона гнездавання там, дзе магчыма размнажацца. Так яна будзе мець мець максімальна шырокі выбар як партнёраў, так і – у выпадку гарадскіх сокалаў – гнездавых ніш, колькасць якіх абмежаваная.
Ужо ў канцы лютага і, часцей, у пачатку сакавіка і самцы, і самкі пустальгі пачынаюць заяўляць свае прэтэнзіі на найлепшыя месцы гнездавання. Яны павінны быць бяспечнымі – пажадана знаходзіцца высока і ў недасяжных для чалавека і іншых патэнцыйных драпежнікаў нішах на разнастайных пабудовах. Прасторы ў нішы павінна хапаць, каб спачатку там змяшчалася самка на кладцы, а потым і падрослыя птушаняты да іх вылету.
Самец пустальгі ў гнездавой нішы, дзе працуе адна з нашых камер. Здымак Аляксандра Мініча
Самка пустальгі ў гнездавой нішы, дзе працуе адна з нашых камер. Здымак Аляксандра Мініча
Самцы бароняць ад супернікаў абраныя імі гнездавыя нішы і паступова менавіта ў такой камбінацыі – самец разам з будучым месцам гнездавання – самкі і абіраюць іх.
Кладкі як з 1-2, так і з 7 яек бываюць у пустальгі аднолькава вельмі рэдка. Трошкі часцей адзначаны кладкі з 3 яек, але і так у большасці выпадкаў самкі адкладваюць ад 4 да 6.
Каб назапасіць у целе рэчывы, неабходныя для фармавання яек, самцы патрэбна цягам прыблізна месяца рэгулярна ўжываць параўнальна шмат ежы.
Тут яна і правярае здольнасці свайго самца да палявання і спрабуе ацаніць на аснове частаты прылётаў самца са здабычай, наколькі даступная ежа ў гэтым гнездавым сезоне. На гэтым этапе яна можа вырашыць, колькі яек варта адкласці, а потым і як іх наседжваць – пра гэта будзе ніжэй.
Звычайна аснова харчавання пустальгі – дробныя мышападобныя грызуны, а найчасцей – шэрыя палёўкі. Яны – аптымальная здабыча як па масе (паміж 20-25 г), так і па даступнасці для гэтых сакалоў. А ў палёвак здараюцца рэгулярныя цыклы колькасці. Прыкладна раз на 5 гадоў іх вельмі шмат, а ў наступныя гады ўсё менш і менш, прычым у год мінімума іх колькасць меншая ў дзясяткі разоў. І вось каб «адгадаць», які гэты год для асноўнай здабычы – палёвак, самкі і выкарыстоўваюць месяц перад пачаткам адкладкі яек.
Зразумела, што колькасць яек – вельмі важная «падстройка» пад колькасць здабычы, якую прыносіць самец сваёй абранніцы. Яна самастойна ўжо не палюе, і акрамя фармавання яек, таксама назірае за сваёй гнездавой нішай, разам з самцом час ад часу капае ў ёй гнездавую ямку, куды і будуць адкладзены яйкі. Аднак – калі ёсць такая фізіялагічная і фізічная магчымасць – варта адкласці максімальную колькасць яек. Нават калі не ўсіх птушанят потым атрымаецца выкарміць – пра гэта будзе ніжэй – тэарэтычна застаецца магчымасць, што ўсё ж усе выляцяць, і яе варта паспрабаваць выкарыстаць, павялічыць колькасць сваіх патомкаў.
Таму самкі робяць і больш тонкую «падстройку» пад прагназаваную колькасць здабычы ў той час, калі птушаняты будуць патрабаваць максімум ежы. Тут магчымыя тры варыянты, два скрайнія выкарыстоўваюцца сакаламі вельмі рэдка. Аднак пачаць трэба з таго, што кожнае наступнае яйка адкладваецца самкай праз два дні. Такім чынам, першае яйка пад назіраннем другой камеры з’явілася 06.04, а апошняе, шостае – 16.04.
Першы варыянт інкубацыі для самкі – можна пачаць наседжваць адразу з першага яйка і тады, прыкладна праз 28-30 дзён вылупіцца першае птушанё, потым праз два дні – другое, праз 4 — трэцяе і гэтак далей. На дзень вылуплення апошняга, шостага сакаляняці, першы будзе мець ужо 10 дзён і не будзе патрабаваць абагрэву самкі (гл. ніжэй) і, зразумела, будзе найбольшы памерамі і самы актыўны з вывадку. І калі ежы, якую ўвесь час прыносіць толькі самец (бо самка застаецца на гняздзе з яйкамі і малымі) раптам не будзе хапаць, каб накарміць усіх птушанят, паступова пачнуць гінуць самыя меншыя. Бо самка корміць птушанят паводле іх актыўнасці падчас прыносу ежы на гняздо. А самымі актыўнымі аказваюцца самыя старэйшыя. Гэта дае магчымасць вельмі хутка «прыводзіць» колькасць птушанят на гняздзе ў адпаведнасць з колькасцю ежы, якую здольны прыносіць на гняздо самец. Такое вылупленне птушанят называецца асінхронным і часта сустракаецца ў тых відаў драпежных птушак (дзённых драпежных птушак (канюхоў, лунёў), соваў, чапляў, буслоў, нават некаторых крумкачовых і грычуноў), якія харчуюцца найчасцей ежай, даступнасць якой цяжка дакладна прадказаць у гэтым гнездавым сезоне. Найчасцей аснова іх харчавання – тыя ж мышападобныя грызуны.
Трэці варыянт інкубацыі, які сустракаецца без іншых варыянтаў у большасці вераб’іных птушак, а таксама ва ўсіх качак, гусей і курыных (у якіх птушаняты амаль адразу пасля вылуплення ідуць за дарослымі птушкамі) – пачынаць наседжваць кладку толькі пасля адкладкі апошняга яйка. Тады ўсе птушаняты вылупляюцца на гняздзе на працягу некалькіх гадзін і, адпаведна, усе аднолькавага ўзросту, памеру і актыўнасці. Гэты варыянт, які называецца сінхронным вылупленнем, выкарыстоўваюць тыя віды птушак, у якіх даступнасць харчовых рэсурсаў мала змяняецца ў розныя сезоны гнездавання. І, у дадатак, вывадковыя птушаняты курыных і гусіных-качыных самастойна знаходзяць ежу – дарослыя птушкі іх не кормяць. Таму там не трэба змяншаць вывадак – ежы хапае для ўсіх. Такі варыянт вельмі рэдка можа сустракацца і на гнёздах пустальгі – калі ежы так шмат, што самец можа забяспечыць ёй нават усіх птушанят аднолькавага ўзросту.
Ну і нарэшце, другі варыянт інкубацыі – якраз той выпадак, які мы штогод назіраем на гнёздах пустальгі пад назіраннем нашых камер. Ён прамежкавы паміж першым і трэцім. Самка пачынае шчыльна наседжваць кладку толькі пасля таго, як адкладзе другое, а часцей – трэцяе яйка. Менавіта так адбывалася на двух гнёздах у Брэсце. У выніку, хутчэй за ўсё, птушаняты з першых трох яек вылупяцца сінхронна, на працягу некалькіх гадзін. А наступныя – пасля іх, з інтэрвалам у дні. Такое вылупленне называецца часткова сінхронным. Першыя – старэйшыя птушаняты аднаго ўзросту і актыўнасці – будуць мець перавагу пры недахопе ежы перад наступнымі, маладзейшымі. Такі варыянт інкубацыі хутчэй за ўсё выкарыстоўвае самка ў выпадку, калі самец забяспечвае яе вялікай колькасцю здабычы і яна мае не абсалютную, але вельмі добрую ўпэўненасць у найбліжэйшай будучыні і здольнасці самца забяспечыць ежай і яе, і птушанят. Што гэта менавіта так, мы бачым па колькасці прыносаў палёвак на абодва гнязды – іх не толькі многа, але і амаль няма іншай здабычы, якую звычайна ловяць пустэльгі пры недахопе грызуноў: яшчарак, вераб’іных птушак, жукоў і конікаў. Ды і вялікія кладкі – па 6 яек – таксама сведчаць хутчэй пра добры год для палёвак – і для сакалоў.
Як і колькі птушанят стануць на крыло, мы і ўбачым з вамі ў найбліжэйшыя 1,5-2 месяцы трансляцыі з гнёздаў.
У першы дзень пасля вылуплення вочы напалову расплюшчаныя, просяць ежу з раскрытай дзюбай, але не бачаць самку. Сядзяць, абапіраючыся на жывот і ногі.
На (другі) трэці дзень пасля вылуплення расплюшчваюцца вочы.
На 6-ы дзень просяць ежу, рэагуючы не на любы рух навокал, а ўжо канкрэтна на галаву і дзюбу самкі.
На 11-ы дзень усталёўваецца ўласная біяхімічная тэрмарэгуляцыя і ўжо не патрабуць абагрэву (або заслоны ад сонца) ад бацькоў. Могуць перасоўвацца па гнездавой нішы, прыпадымаючыся на нагах. Пачынаюць кантактаваць з сіблінгамі (братамі і сёстрамі).
На 13-14-ы дзень спрабуюць разрываць здабычу, калі яе трымае самка або самец.
На 17-ы дзень могуць трымаць здабычу ў сваіх лапах і адрываць ад яе кавалкі самастойна.
На 20-ы дзень пачынаюць крычаць на бацькоў і са здабычай, і без яе, спрабуючы прыцягнуць увагу менавіта да сябе.
На 30-35-ы дзень пачынаюць вылятаць з гнязда, першыя дні вяртаючыся на яго і ўдзень, а потым усё радзей і толькі для начлегу на ім.
Хаця ў дарослых птушак самцы і самкі добра адрозніваюцца знешне, у птушанят гэта зрабіць нашмат цяжэй і, у прынцыпе, амаль адзіны надзейны спосаб – параўнаць малюнкі на пер’і надхвосця, трымаючы падрослых птушанят у руках. Але, на жаль, наўрад ці гэта можна зрабіць гледачам падчас трансляцыі.
Амаль 10 тысяч гледачоў з 39 краін ужо глядзелі за нашымі сакаламі ў гэтым сезоне з усіх кантынентаў, акрамя Аўстраліі:
Аднак самае цікавае яшчэ перад намі і мы запрашаем глядзець і каментаваць усё, што атрымалася ўбачыць – са скрыншотамі і без. Унікальная магчымасць менавіта гэтага сезону – можна «адмотваць» трансляцыю і глядзець, што адбывалася на гнёздах нават да 12 гадзін назад!
А мы, у сваю чаргу, працягнем тлумачыць што і, магчыма, чаму, адбываецца на гнёздах з ілюстраваннем самых цікавых момантаў.
Цікавага прагляду!
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі, birdwatch.by
Падзяліся артыкулам у сацсетках: