Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Годная справа для скапы
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 5 чэрвеня 2020 года
Скапа – драпежная птушка, якая харчуецца рыбай і селіцца часцей за ўсё на верхавых балотах поўначы Беларусі. У мінулым стагоддзі колькасць гэтага “чырванакніжнага” арла ў Беларусі ацэньвалася ў 150-180 пар.
Скапа. Фота Pixabay
Што адбывалася са скапой апошнія 20 гадоў, цяжка сказаць, бо спецыяльных даследванняў не праводзілася. Вядома, што ў заказніку “Чырвоны бор”, дзе гнездавая папуляцыя ў ХХ ст. налічвала больш за 16 пар, цяпер засталося толькі шэсць.
Скапа каля свайго гнязда. Фота Дзяніса Кіцеля
Праблем у скапы хапае: гэта і высечка старога лесу на перыферыі балот, і асушальная меліярацы, і браканьерскі лоў рыбы сеткамі, у якіх птушкі могуць заблытацца і патануць. Да ўсяго гэтага далучаецца надвор’е: падчас моцных вятроў гнёзды здзімае з дрэва. Такі момант у 2018 годзе зазняла анлайн-камера, усталяваная ў адным з гнёзд. За апошнія пяць гадоў мы былі сведкамі яшчэ трох выпадкаў, як гнёзды падалі з дрэў, калі ў іх ужо знаходзіліся яйкі.
Тыповы гнездавы біятоп скапы. Фота Дзяніса Кіцеля
Каб дапамагчы скопам, у траўні мы зладзілі першую экспедыцыю ў Расонскі і Полацкі раёны, дзе сябры Рабочай групы па сокалападобных і совападобных Дзяніс Кіцель і Дзмітрый Шамовіч пабудавалі 10 штучных платформ. Поспех гнездавання на такіх платформах значна большы, чым у натуральных гнёздах.
Штучная платформа для скапы. Фота Дзяніса Кіцеля
Акрамя гэтага, было знойдзена два зусім новыя жылыя гнязды скапы.
Натуральнае гняздо скапы. Фота Дзяніса Кіцеля
Да канца года плануецца яшчэ як мінімум адзін выезд, каб пабудаваць яшчэ 10 гнездавых платформ, правесці пошук гнёзд і акальцаваць птушанят. Праца ладзіцца дзякуючы падтрымцы The international osprey foundation.
Калі табе вядомыя гнёзды скапы ці з траўня па ліпень ты назіраў_ла скапу падчас палявання, калі ласка, паведамі пра гэта: kitelden@gmail.com.
Тэкст: Дзяніс Кіцель
Падзяліся артыкулам у сацсетках: