Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
“Жывая вясна — 2020”: Беларусь другая з 59-ці краін-удзельніц!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 6 ліпеня 2020 года
Сёлета з усіх краін-удзельніц на сайт кампанii «Жывой вясны» паступіла 11669 назіранняў. Ад нашай краіны — 1734. Беларусь заняла 2-е месца, паведамляе грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ).
Замілаванне. Фота Паўла Ляхновіча
На першым месцы — Ірландыя (1157 назіранняў), на трэцiм — Чэхiя (1155 назіранняў). Месцы размяркоўваюцца паводле колькасці назіранняў адносна колькасці насельніцтва.
Падчас міжнароднай кампаніі ўдзельнікі заносілі на інтэрактыўную карту свае першыя сёлетнія назіранні птушак-вестуноў вясны: белага бусла (927 назіранняў), вясковай ластаўкі (331 назіранне), свіргуля (266 назіранняў), зязюлі (173 назіранні), ластаўкі-зямлянкі (28 назіранняў), шчуркі-пчалаедкі (5 назіранняў) і вялікага зуйка (4 назіранні).
Вясковая ластаўка. Фота Аляксандра Собалева
Чым больш на карту дадавалася назіранняў, тым больш насычаны рабіўся колер краіны. Так мы назіралі, як вясна прыходзіць у розныя куткі Еўропы.
Вясновы праменад. Фота Дзмітрыя Антоніка
За апошнія 11 гадоў назіранняў сёлета раней, чым звычайна, у Беларусь прыляцелі белыя буслы (першае назіранне адзначана 1 сакавіка, у папярэднія гады — 4-18 сакавіка), вясковая ластаўка (першае назіранне адзначана 13 сакавіка, у папярэднія гады — 7-15 красавіка), свіргуль (першае назіранне адзначана 10 красавіка, у папярэднія гады 12 красавіка — 4 траўня).
Сёлета ў рамках кампаніі мы выпусцілі падкаст “Жывая вясна”, у ім тры эпізоды: пра птушак-вестуноў вясны, пра міграцыю птушак і інтэрв’ю з арнітолагам Анастасіяй Кузьмянковай пра тое, як стаць арнітолагам і як быць добрым бёрдвочарам.
Менавіта гэта і было тэмай сёлетняй кампаніі — “Як быць добрым птушкаром?” Гэтае пытанне мы задалі некалькім бёрдвочарам.
Ганна Лычкоўская
“У мaiм разуменнi добры птушкар — той, хто любiць птушак так, каб ім ад гэтай любовi не было горш (як мiнiмум), а было толькi лепей, — лічыць бёрдвочарка Ганна Лычкоўская. — Усё пачынаецца не з вызначальнiка на стале, а зусiм з простых дробязей. Смецце ў спецыяльны кантэйнер, на ката ашыйнiк са званочкам, на вокны налепкі, каб аб шыбу не разбіваліся птушкі, у кармушку не класці батон. Птушак падчас назiрання, вядома, не турбуйце, птушанят рукамi не чапайце i абавязкова распавядайце сябрам пра гэтыя правілы! Добра, калi вы да таго ж распаўсюджваеце iнфармацыю пра птушак, праекты па ахове дзікай прыроды — гэта цiкава i карысна. Шмат людзей не ведаюць, што гіль жыве побач не толькi ўзiмку, крумкач i варона не «муж і жонка», а частаваць качак булкамi ўвогуле не трэба. Толькі пасля гэтага ўжо i поспех у вызначэннi птушак па выглядзе цi па голасе можна залічваць”.
Каб сярод нас было больш адказных птушкароў, мы пераклалі адмысловую памятку — 9 найважнейшых правілаў добрага бёрдвочара.
У межах кампаніі мы зрабілі дзве тэставанкі: правер, наколькі добра ты ведаеш птушак “Жывой вясны” і як добра ты ведаеш свіргулёў. Апошні тэст падрыхтаваны да Міжнароднага дня свірулёў.
Да гэтай жа даты АПБ зрабіла і відэапамятку пра тое, як дапамагчы свіргулю, які ўпаў на зямлю.
Штогод мы атрымліваем дзясяткі лістоў з кранальнымі гісторыямі — на працягу кампаніі ўдзельнікі дзеляцца ўражаннямі ў Вясновым блогу:
“Каля вёскі Кастрыца заўважыў бусла — бачу яго штогод. У яго было белае апярэнне з чорнымі плямамі на крылах. Рады, што ён вярнуўся,” — дзеліцца Мікалай з Барысаўскага раёна.
Вось так «Жывая вясна» ляцела ў Беларусь. Дзякуй усім, хто сустракаў птушак разам з «Жывой вясной»!
Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.
Тэкст: Ксенія Малюкова
Падзяліся артыкулам у сацсетках: