Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Жыццё ў вялікім горадзе і качкі-крыжанкі: дупло, сабор і МНС
Апошнія навіны,Навіна аддзяленняў ад 8 ліпеня 2020 года
Добра вядома, што жыццё ў горадзе, хаця і мае свае перавагі для птушак, таксама хавае і нямала небяспек. Таму час ад часу, асабліва цяпер — калі птушаняты ў многіх відаў выскокваюць з гнёздаў і сутыкаюцца з праблемамі, мы актыўна ўзаемадзейнічаем з працаўнікамі МНС. Піша Дзмітрый Вінчэўскі.
Неабыякавыя людзі тэлефануюць у службу ратавання і расказваюць пра праблемы птушак або з птушкамі, а там ужо даюць мой нумар і я тлумачу, што лепш рабіць або не рабіць, або еду і дапамагаю на месцы. Але бываюць і такія сітуацыі, калі без дапамогі МНС не абыйсціся — як і атрымалася ў гэтым выпадку.
17 чэрвеня ўвечары прыхаджане і настаяцелі праваслаўнага сабору ў цэнтры Гродна звярнулі ўвагу на дзіўныя паводзіны самкі качкі-крыжанкі (Anas platyrchynchos) — яна бегала недалёка ад увахода ў царкву і нават па дарозе побач і час ад часу пакрыквала — яўна хацела звярнуць увагу людзей на нейкую сваю праблему. Зранку ўсё працягнулася, і праблему зразумелі, прыставіўшы драбіны да дупла ў ліпе каля агароджы храма. У ім аказаліся качаняты, якія самі выбрацца з дупла не маглі: яно было глыбокае, а самка клікала іх знізу выскокваць, калі побач не было людзей.
Як дапамагчы параненай птушцы?
Калі я прыехаў паглядзець на сітуацыю сваімі вачыма, стала зразумела, што час мінае не на карысць птушак: у дупле было чацвёра качанят, чатыры яйкі (яўна не заплодненыя), а самкі побач было не відаць. Справа ў тым, што самка ў любы момант магла змяніць паводзіны, перастаць цікавіцца малымі і адляцець на недалёкую тут рэчку Гараднічанку. А тады, калі б мы нават дасталі малых з дупла, што далей рабіць з імі, было б незразумела.
Дупло было глыбокім — рукой птушанят не дастаць, а калі мы з працаўніком сабору зрабілі падоўжаны чаранком ад лапаты апалонік і я паспрабаваў іх вылавіць такім чынам, то аказалася, што дупло ўнізе пашыранае і качаняты проста хаваліся там, калі бачылі апалонік побач.
Чаму качак нельга карміць хлебам і батонам?
Таму вырашылі прасіць дапамогу МНС — найпрасцей нам падавалася зрабіць выпіл у дупле, каб усё ж дастаць качанят рукой. Аднак нягледзячы на атрыманыя дазволы ад Мінпрыроды і Зелянбуду, распіл не спатрэбіўся — тым самым апалонікам на падоўжанай ручцы ратавальнікі спачатку дасталі яйкі, а потым і птушанят.
Якраз прыляцела і зноў пачала занепакоена бегаць за некалькі метраў ад нас самка, і сустрэча з першымі двума «нашчадкамі» адбылася вельмі своечасова.
Зразумела, што качка павяла дваіх качанят да рэчкі і не стала чакаць на ўсіх, таму, калі атрымалася дастаць і двух пазасталых з дупла, заставалася сумненне — ці знойдзем мы яе з малымі на Гараднічанцы?
Але ўсё атрымалася як мага лепей — з дапамогай прыхаджан храма я спусціўся па стромым беразе да ракі, дзе яны знайшлі «нашу» самку, і выпусціў малых на ваду за некалькі метраў ад яе. Праз некалькі секунд сям’я ўз’ядналася.
Дзякуй усім неабыякавым людзям і найперш ратавальнікам з МНС, якія зрабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы птушкам.
Дзьмітры Вінчэўскі, Птушкі штодня
Здымкі і відэа аўтара
Падзяліся артыкулам у сацсетках: