Рамонак не тое, чым здаецца, або Не ўсе расліны аднолькава карысныя

ад 29 ліпеня 2020 года

На пачатку чэрвеня АПБ разам з Інстытутам эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі далучылася да акцыі еўрапейскіх батанікаў #morethanweeds. У Беларусі акцыя вядомая пад тэгам #расліныгорада.

Яе сутнасць — падпісваць крэйдай на асфальце звычайныя гарадскія расліны і асабліва “пустазелле”, звяртаючы ўвагу мінакоў на біяразнастайнасць горада і важнасць “звычайных” раслін для харчовых ланцужкоў птушак. Але “простыя” расліны зусім няпростыя.

Расліна, падобная да рамонка, - пупок

Гэта не рамонак, а пупок (антэміс). Фота: Paul Hermans, Wikimedia Commons

Шмат раслін, што падаюцца нам добра знаёмымі, могуць быць не адным відам, як мы лічым, а некалькімі падобнымі знешне. Рамонак, трыпутнік, парасонавыя расліны: усе яны маюць “братоў і сясцёр”, некаторыя з якіх нават смяротна небяспечныя. Мы паразмаўлялі з Аркадзем Скуратовічам, старшым навуковым супрацоўнікам ІЭБ імя В.Ф. Купрэвіча НАН пра падобныя віды раслінаў з адметнымі якасцямі.

 Мы чулі, што ў Беларусі ёсць тры віды трыпутніка, але толькі адзін з іх спыняе кроў. Ці праўда гэта, і як яны адрозніваюцца?

Наконт трыпутніка трэба сказаць, што іх увогуле каля 150 відаў. Там заблытаная сітэматыка, але можна сказаць, што ў Беларусі ёсць 4 віды трыпутніка і адзін гібрыд. У афіцыйнай медыцыне выкарыстоўваецца толькі трыпутнік вялікі. Яго лёгка вызначыць па вялікім шырокім лісце без варсінак ці апушэння. Згодна з народнай медыцынай тры віды трыпутніка (вялікі, сярэдні і ланцэтны) маюць аднолькавыя лекавыя якасці.

 
Сярэдні трыпутнік

Трыпутнік сярэдні. Фота Hugo.arg, Wikimedia Commons

Ланцэтны трыпутнік

Трыпутнік ланцэтны . Фота sannse, Wikimedia Commons

А ці ёсць нейкія правілы, як трэба выкарыстоўваць трыпутнік? Альбо сарваў, наляпіў на ранку — і нармальна?

Важна, каб расліна дала сок. Як гэта зрабіць у палявых умовах? Трэба ўзяць ліст, расцерці або памяць яго, пажадана ў чыстых пальцах, каб ліст стаў вільготным. Гэтая вільгаць і ёсць сок трыпутніка. Такі ліст можна прыкладваць да ранкі і чакаць эффекту.

Вялікі трыпутнік

Трыпутнік вялікі . Фота Alepistoia, Wikimedia Commons

Існуе шмат разнавіднасцяў рамонкаў ды падобных да яго відаў раслін. Якія з іх лекавыя?

Сітуацыя тут амаль такая ж, як з трыпутнікам. Да роду рамонка ў залежнасці ад класіфікацыі адносяць ад 20 да 200 і болей відаў раслін! Людзі ўяўляюць, што расліна з жоўтай сарцавінкай і белымі пялёсткамі — рамонак, але гэта зусім не абавязкова ён. Насамрэч рамонкаў цяпер досыць мала. Нават той “рамонак”, які найчасцей спрабуюць збіраць і здаваць у аптэкі як рамонак аптэчны насамрэч рамонак непахучы ці па-іншаму — трохрабернік непахучы.

Непахучы трохрабернік

Трохрабернік непахучы . Фота Georg Slickers, Wikimedia Commons

А вось тыя расліны, якія нарыхтоўваюць у афіцыйнай медыцыне ў лекавых мэтах — гэта якраз рамонак пахучы і рамонак аптэчны. Калі расцерці расліну, водар рамонка пахучага вельмі яркі і каму прыемны, а каму не. Амаль такі ж своеасаблівы рэзкі пах і ў рамонка аптэчнага. Важна дадаць, што ў рамонка пахучага амаль увогуле няма пялёсткаў!

Лекавы рамонак

Рамонак аптэчны, фота H. Zell, Wikimedia Commons

Пахучы рамонак

Рамонак пахучы . Фота AnRo0002, Wikimedia Commons

А вось рамонак непахучы (другая назва — трохрабернік непахучы), калі яго расцерці, не пахне альбо пахне проста травой. Ён не мае лекавых якасцяў, але выкарыстоўваецца для афарбоўкі валасоў у светлы колер.

Увогуле за рамонак часта выдаюць пупок ці антэміс, стакроткі, пірэтрум, які можна пабачыць у кветкавых шапіках, і нават астры ды хрызантэмы. А калі ў дзяцінстве вы варажылі на рамонках, то найбольш верагодна, што гэта быў зусім не рамонак, а нівянік.

Нівянік

Нівянік. Фота Dr. Andreas Giessauf, Wikimedia Commons

У Беларусі шмат парасонавых раслін. Але, здаецца, два віды смяротна атрутныя. Якія гэта канкрэтна віды і як іх адрозніваць?

Так, усё правільна. Мая вам парада: проста ніколі не выкарыстоўвайце ў ежу ніякія дзікія расліны сямейства парасонавых. Яны надзвычайна падобныя знешне, іх вельмі лёгка пераблытаць. Вядома, ёсць морква дзікая, сялера — тэарэтычна, іх можна зрываць і выкарыстоўваць у ежу ці як спецыі. Але лепей усё роўна гэтага не рабіць, паколькі памыліцца вельмі проста.

Сярод парасонавых ёсць два смяротна атрутныя віды. Адзін расце ля вады ў цяжкадаступных месцах. У яго прыемны і “знаёмы” пах — як у пятрушкі! Гэта па-народнаму шалей, а навукова цыкута атрутная. Магчыма, вы чулі такі гістарычны факт, што Сакрата атруцілі цыкутай. Гэтая расліна ўжо пагубіла сёлета адну беларускую сям’ю. Іх участак выходзіў да вады, падумалі, што расце пятрушка дзікая, зрабілі салату і ўсё. Калі карэнішча цыкуты разрэзаць уздоўж, унутры будзе невялічкая поласць і 5-10 гарызантальных перагародак.

Цыкута

Цыкута. Фота Kristian Peters — Fabelfroh, Wikimedia Commons

Другі від называецца балігалоў плямісты. Яго вызначыць крышачку лягчэй. Ён непрыемна пахне: кажуць, што пах затхлы або “мышыны”. Гэта высокая расліна, ад метра да двух у вышыню. На яго гладкім голым сцябле ёсць шызавата-белаваты налёт, які з лёгкасцю адціраецца пальцамі. А пад налётам —  чырвона-бурыя плямы, як засохлая кроў. Людзі кажуць, што гэта кроў яго ахвяр. Пасля таго, як вы дакрануліся да балігалова, трэба абавязкова памыць рукі з мылам і ні ў якім разе не сунуць іх у рот. Ну і ніколі не выкарыстоўваць яго ў ежу.

Плямісты балігалоў

Балігалоў плямісты . Фота з Wikimedia Commons

Нагадваем, што акцыя #расліныгорада працягваецца. Бяры крэйду, вызначальнік раслінаў і падпісвай зеляніну ў найбліжэйшым парку. Гэты занятак на здзіўленне зацягвае — праверана! Выкладвай у сацсетках свае фотаздымкі з подпісамі раслін і хэштэгам #расліныгорада, адзначай АПБ, і мы апублікуем найлепшыя на нашых афіцыйных старонках. І ні ў якім разе не ўжывай у ежу парасонавыя расліны, дадае Аркадзь.

Гутарыла Аліса Матавілава, фота Wikimedia Commons

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: