Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Пажар на Ельні: людзі, не бурыце плаціны!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 19 жніўня 2020 года
18 жніўня загарэлася знакамітае балота Ельня ў Мёрскім раёне. Верагодна, зборшчыкі ягад разбурылі плаціну, пабудаваную валанцёрамі АПБ. Выпадковы акурак прывёў да пажару на падсушанай тэрыторыі.
Пачатак пажару. Фота Андрэя Літвінава
Пажар удалося аператыўна загасіць ляснікам Дзісненскага лясгасу і ратаўнікам Мёрскага РАНС. Агонь быў павярховы, ён не пайшоў у глыбіню торфу і не паспеў перакінуцца на лес.
Пасля пажару. Фота Дзяніса Лагуна
На балоце паспелі ягады дурніцы (буякі), з 14 жніўня дазволена збіраць брусніцы. Журавіны таксама незаконна ўжо збіраюць, хаця дазвол пачне дзейнічаць толькі з 6 верасня.
Гаспадар аграэкасядзібы “Жураўліная Ельня” Андрэй Літвінаў, захавальнік дзікай прыроды АПБ, што дапамог патушыць пажар, расказвае:
— Калі пажар заўважылі, гарэла чвэрць гектара. Адразу выехалі пажарныя, леснікі, і мы, валанцёры. На той час пажар ужо разросся да 6,8 га. У 20.11 мы цалкам яго затушылі.
Тушэнне пажару. Фота Марыны Гернат
Пажар адбыўся на паўночным захадзе заказніка “Ельня”, недалёка ад вёскі Сухавержа. Агонь палаў недалёка ад аднаго з самых маляўнічых азёр Беларусі – Курганістага — за 300 метраў ад насціла для балотахода, але рухаўся ў бок леса на краі балота.
— Мы адразалі агонь, каб не дай Бог не зайшоў у лес, бо была б вялікая бяда, — кажа Андрэй Літвінаў. – Уратавала тое, што сціх вецер. Бо калі мы прыехалі, агонь быў вельмі вялікі, высокі і распыляўся ўмомант. Валанцёры падцягнуліся, пажарныя машыны прыгналі, расцягвалі шлангі – метраў 500 па балоце – збілі полымя вадой. Сёння, на наступны дзень, мы зноў былі на Ельні, шукалі, дзе якія ачажкі яшчэ тлеюць, каб загасіць іх.
Пажарышча. Фота Дзяніса Лагуна
Андрэй быў адным з валанцёраў АПБ, якія летась будавалі на Ельні плаціны на Дульскім канале, каб уратаваць балота ад перасыхання і пажараў. Гэтай вясной ён бачыў, што плаціна яшчэ была цэлая. Андрэй упэўнены, што яе разбурылі зборшчыкі ягад, каб спусціць ваду і каб ім было камфортней хадзіць.
Плаціну зламалі, каб было зручней хадзіць. Фота Мікалая Чэркаса
З ім пагаджаецца і Мікалай Чэркас, кіраўнік валанцёрскага летніка па будаўніцтве плацін, які АПБ ладзіла ў 2019 годзе пры падтрымцы кампаніі “Кока-кола” ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.
— У мінулую суботу падчас падрыхтоўкі да новага летніка я аглядаў плаціны, і ўбачыў, што адну з іх развалілі людзі, — расказвае Мікалай. — Гэтая плаціна добра трымала ваду: мы яе ўмацавалі дошкамі, каб вада не прасочвалася. Для зборшчыкаў ягад зрабілі кладку, лавачку, каб яны адпачылі, выйшаўшы з балота. Я ўпэўнены, што плаціну зламалі зборшчыкі ягад, адарвалі дошкі, каб спусціць ваду, якая накопліваецца за плацінай.
Зламаная плаціна. Фота Мікалая Чэркаса
З такой з’явай мы даўно ўжо не сутыкаліся. Каля 20 гадоў таму мы зрабілі першыя плаціны на Ельні, і людзі пачалі іх разбураць, бо па вадзе хадзіць не вельмі прыемна. Мы мабілізавалі каля 30 захавальнікаў Ельні, арганізоўвалі сустрэчы і тлумачылі, што калі не будзе вады, то не будзе ягад, балота згарыць, і людзі перасталі разбураць. У нашых летніках па пабудове і рамонце плацін удзельнічалі мясцовыя жыхары. Але цяпер зноў вярнулася тая ж праблема.
Зламаная плаціна. Фота Мікалая Чэркаса
— Трэба працаваць з людзьмі, каб не разбуралі плаціны, акуратна абыходзіліся з агнём, не выкідвалі нават затушаныя акуркі ў балота, — падкрэслівае Андрэй Літвінаў.
Дырэктар адміністрацыі заказніка “Ельня” Іван Барок сказаў:
— Хачу адзначыць і падзякаваць егеру Віктару Мацуру і вядучаму спецыялісту заказніка Алене Бандарук, якія не толькі самі ўдзельнічалі ў тушэнні пажару, але і прывезлі з сабой памочнікаў. Безумоўна, мы ўдзячныя і іншым захавальнікам дзікай прыроды, якія дапамагалі змагацца з агнём: Марыне Гернат, сям’і Маскаленка.
Падчас тушэння пажару. Фота Марыны Гернат
АПБ заклікае збіральнікаў ягад не разбураць плаціны, каб балота заставалася жывым.
Абноўлена: літаральна наступнымі днямі пасля пажару валанцёры Ксенія і Дзяніс Маскаленкі і Стас Верталь адрамантавалі гэтую плаціну — дзякуй ім вялікі!
Разрушенная плотина отремонтирована. Очень надеюсь, что такой поступок со стороны местных жителей был в последний раз….
Posted by Марина Гернат on Субота, 22 Жнівень 2020 г.
Калі ты хочаш дапамагчы Ельні і ўзяць удзел у валанцёрскіх летніках па аднаўленні воднага рэжыму гэтай тэрыторыі, пішы на адрас sarakavik@ptushki.org.
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: