Вялікія выклікі для вялікага арляца

ад 24 жніўня 2020 года

Адны з галоўных выклікаў для дзікай прыроды сёння – асушэнне балот, высечка лясоў, змены клімату і нашэсце чужародных відаў. Як усё гэта ўплывае на вялікага арляца, якому пагражае глабальнае знікненне?

Пара арляцоў на гняздзе

Пара вялікіх арляцоў на гняздзе

Вялікі арлец – “чырвонакніжнік”, у Беларусі гняздуецца ўсяго 120-160 яго пар, і гэта – найвялікшая папуляцыя ў Еўропе пасля Расіі.

Вялікі арлец – асцярожная птушка, таму яна гняздуецца ў глухіх месцах, падалей ад чалавека. Бывае, аднак, што і туды дабіраецца чалавек падчас збору ягад, палявання або будаўніцтва лясных дарог. Заспетая падчас гнездавання птушка можа пакінуць гняздо. Турбаванне чалавекам на сёння самая вялікая па значнасці пагроза для вялікага арляца.

Высечка ўчасткаў гнездаванняў — на наступным месцы. Прыдатных месцаў, дзе вялікія арляцы маглі б у спакоі вывесці птушанят, засталося вельмі мала. Выціснутая са свайго ўчастка птушка можа не знайсці дзе зрабіць новае гняздо. Амаль любая гаспадарчая дзейнасць, уключаючы ўсе віды рубак, павінна быць забаронена ў радыусе 200 метраў ад гнязда, а цягам гнездавога перыяду (з пачатку красавіка па канец жніўня) – ў радыусе да 500 метраў ад гнязда вялікага арляца. Для гэтага важна пастаянна правяраць лясы на наяўнасць такіх гнёздаў і аддаваць гэтыя ўчасткі пад ахову. АПБ ладзіць для гэтага адмысловыя экспедыцыі ў межах акцыі “Выратуй арляня!”

Як лясная сертыфікацыя FSC® дапамагае вялікаму арляцу?

Яшчэ адна важная пагроза для вялікага арляца – гэта асушэнне балот. Менавіта на балотах нашы вялікія арляцы шукаюць здабычу: вадзяных палёвак і водна-балотных птушак. Яны аптымальныя па памеры: заяц, напрыклад, занадта буйны для вялікага арляца, а дробная здабыча кшталту палёвак вымагала б шмат энергіі, бо паляваць даводзілася б нашмат часцей. Асушэнне балот разбурае экасістэмы, без якіх не могуць існаваць жывёлы, што служаць крыніцай харчавання вялікага арляца, а значыць, пазбаўляе і яго самога шанцаў на выжыванне.

Вялікі арлец са здабычай

Вялікі арлец з шэрай палёўкай

Цікава, што вялікія арляцы гістарычна жылі не толькі на балотах, але і ў сухіх лесастэпавых мясцінах. Напрыклад, яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя яны жылі ў сухіх хваёвых барах Украіны і харчаваліся суслікамі. З сухіх месцаў арляцоў выціснулі людзі. Цяпер там не засталося ні хамякоў, ні суслікаў, ні іншай буйной здабычы. Харчаванне вялікія арляцы могуць знайсці толькі ў вільготных месцах пражывання. Калі такія месцы знікнуць, то ім увогуле не будзе куды падзецца.

На гідралагічны рэжым могуць уплываць і змены клімату.

— Калі гаворка ідзе пра апустыньванне, то яно будзе мець кепскі ўплыў на папуляцыю вялікага арляца, — расказаў кандыдат біялагічных навук Валер Дамброўскі. – А такія фактары як пацяпленне клімату, мяккія зімы, увільгатненне, павелічэнне колькасці ападкаў спрыяюць вялікаму арляцу. Напрыклад, сёлета ў пойме Прыпяці даволі суха, і там ужо цяпер мы назіраем няўдалы сезон гнездавання вялікіх арляцоў. На балотах, дзе лішак вады, поспех размнажэння нашмат вышэйшы.

Глядзі вялікую відэалекцыю доктара Роба Філда пра змены клімату

Але агульная тэндэнцыя зменаў клімату выглядае неспрыяльнай для вялікага арляца. Начальнік аддзела вывучэння зменаў клімату Наталля Клявец паведаміла:

— У сярэднім за апошнія 30 гадоў (перыяд найбольш інтэнсіўных зменаў клімату) колькасць ападкаў істотна не змянілася. Але значна змянілася ўнытрыгадавое размеркаванне ападкаў: зімой колькасць ападкаў павялічваецца, а ў цёплы перыяд года памяншаецца. Часта ўмовы ўвільгатнення ў чэрвені і жніўні блізкія для слабазасушлівых і засушлівых і адзначаецца недахоп увільгатнення. Як правіла, найбольш засушлівыя ўмовы адзначаюцца ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Самая засушлівая тэрыторыя – паўднёва-ўсходняя частка Гомельскай вобласці.

Акурат у адзначаных рэгіёнах гняздуецца больш за ўсё беларускіх вялікіх арляцоў. Тэндэнцыя, калі летнія месяцы робяцца ўсё больш засушлівымі, небяспечная для іх папуляцыі.

Яшчэ адзін важны фактар, які негатыўна ўплывае на біяразнастайнасць – гэта інвазіўныя (чужародныя) віды, якія выцясняюць або вынішчаюць віды-абарыгены. Адметна, што інвазіўныя нутрыя і андатра сталі кормам вялікага арляца: рэгулюючы іх колькасць, наш арол, можна сказаць, ратуе тутэйшыя віды. А вось завезеная ў Беларусь у 1950-х гадах амерыканская норка ўскосным чынам негатыўна паўплывала на стан яго папуляцыі. На думку доктара біялагічных навук, прафесара Вадзіма Сідаровіча, праз драпежніцтва гэтага звярка практычна знікла вадзяная палёўка – важная здабыча вялікага арляца.

У вялікага арляца – вялікія выклікі. Дапамагчы выжыць гэтаму віду ў няпростых умовах вельмі важна. Далучайся да акцыі “Выратуй арляня!”, каб абараніць арліныя месцы гнездавання!

Тэкст: Алеся Башарымава

Фота з фатапастак, усталяваных на Палессі Валерам Дамброўскім

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: